Ураджай “Залатой пчолкі”

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Міжнародны фестываль дзіцячага мастацтва “Залатая пчолка” пройдзе ў Клімавічах 27 — 30 мая.

Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў паведамляе "К", што сёлетняе мерапрыемства - адмысловае, юбілейнае, дзесятае па ліку. Фестываль сапраўды здолеў стаць за гэты час брэндавай падзеяй, што мае гучны розгалас у свеце.

 У юбілейнай "Залатой пчолцы", як распавядае загадчык сектара мастацка-эстэтычнай адукацыі Магілёўскага абласнога метадцэнтра Алена Васільева, прымае ўдзел 1200 юных артыстаў і мастакоў з 18 краін. Упершыню ў фестывальнай праграме будуць выступаць прадстаўнікі Бельгіі, Германіі, Фінляндыі, мяркуецца прэзентацыя мастацкіх работ з Арменіі.

Нагадваем, што ў ліку конкурсных намінацый - песенны жанр, вакальныя ансамблі, харэаграфія, выяўленчае мастацтва (жывапіс і графіка) і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Рэжысёр "Залатой пчолкі" Наталля Маісеева адзначае: галоўны скразны вобраз сёлетняга фестывалю - кветкі. Таленавітыя дзеці - нібы яркія палявыя краскі - упрыгожваюць ніву мастацтва і жывяць радасцю свет.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ