Нягледзячы на тое, што ў Рудзенскай школе-інтэрнаце, якая месціцца недалёка ад Мінска, святы для дзяцей адбываюцца часта, такога радаснага многія з іх і не згадаюць.
Усебаковую дапамогу такім дзецям аказвае Упраўленне аховы здароўя, сацыяльнай абароны і па пытаннях ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У гутарцы з карэспандэнтам "К" галоўны саветнік згаданага ўпраўлення Аляксандр Парадоўскі адзначыў: "Найпершая мэта арганізатараў і ўсіх тых, хто не абыякавы да лёсу гэтых дзяцей, - зрабіць для іх такі дзень, што запомніцца. Цікавай падаецца і ідэя ладзіць паездкі ў рэгіёны для тых, каму дабрацца ў сталіцу вельмі складана па стане здароўя".
Такое дабрачыннае свята пад назвай "Шчырасць сэрца" праводзіцца ўжо восьмы раз з пачатку 2009 года. Прадстаўнікі пасольстваў замежных краін у Беларусі, грамадскіх арганізацый, дзяржаўных устаноў далучаюцца да ініцыятывы, каб падарыць увагу навучэнцам адной са школ-інтэрнатаў або дзіцячага дома.