"Каб усё было па любові"

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Алі Тэймур аглы НАГІЕЎ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь: “Беларусь — партнёр і сябра Азербайджана ў цэнтры Еўропы” 26 мая ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца незвычайная падзея: упершыню на беларускай сцэне прагучаць легендарныя творы азербайджанскай музыкі — сімфанічныя мугамы “Курд Овшары” і “Шур”. Дзяржаўны сімфанічны аркестр нашай рэспублікі разам з азербайджанскімі музыкантамі пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў гэтай краіны, прафесара Ялчына Адзігезалава выканае вядомае сачыненне кампазітара Фікрэта Амірава, якое па праве лічыцца адным з найвыбітнейшых узораў усходняй музыкі ХХ стагоддзя. Упэўнена, што праз два тыдні матывы гэтай музыкі прагучаць і ў выступленнях прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары на VIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Каб даведацца больш аб унікальным культурным феномене гэтай зямлі, будучых сумесных праектах, святкаванні Дня Рэспублікі, што адзначаецца ў Азербайджане 28 мая, “К” звярнулася да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, прафесара Алі Тэймур аглы НАГІЕВА.

/i/content/pi/cult/264/4068/6-1.jpg- Дыпламатычныя зносіны паміж Рэспублікай Азербайджан і Рэспублікай Беларусь былі ўсталяваны 17 гадоў таму. Вядома, што адным з найважнейшых складнікаў развіцця гэтых стасункаў з'яўляецца супрацоўніцтва ў сферы культуры. На ваш погляд, на якім этапе развіцця сёння знаходзяцца двухбаковыя кантакты ў гэтым кірунку?

- Так, дыпламатычныя стасункі паміж нашымі дзяржавамі развіваюцца цягам ужо 17 гадоў. Найбольшай інтэнсіўнасці адносіны паміж дзвюма краінамі дасягнулі ў 2006-м: пасля таго, як адкрыліся Пасольства Беларусі ў Азербайджане і наша дыпмісія ў вашай краіне, адбыліся ўзаемныя візіты прэзідэнтаў дзвюх дзяржаў, прайшлі сустрэчы прэм'ер-міністраў, членаў урадаў... З тых часоў падпісана шмат дакументаў, якія рэгулююць двухбаковыя стасункі, у тым ліку ў гуманітарнай сферы - у культуры і мастацтве.

І сёння плён развіцця гэтых стасункаў ужо відавочны: у Беларусі ведаюць аб азербайджанскіх культурных каштоўнасцях, як і ў нас - аб вашых здабытках у гэтай сферы. Паспяхова прайшлі Дні культуры Беларусі ў Азербайджане і Дні нашай культуры ў вас. У межах акцый ладзілася шмат цікавых падзей. Да прыкладу, беларускім гледачом высока быў ацэнены канцэрт з удзелам нашага вядомага дырыжора Рауфа Абдулаева. Там прагучалі творы класіка азербайджанскай музыкі Кара Караева. Неаднойчы ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" дэманстравалася азербайджанскае кіно. Дзякуючы праведзеным мерапрыемствам Беларусь мае ўяўленне аб нашых класічнай нацыянальнай музыцы, кінамастацтве. Са свайго боку, азербайджанцы, дзякуючы намаганням Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла нашай краіны ў Азербайджанскай Рэспубліцы Мікалая Пацкевіча, з вялікай цікавасцю прымалі беларускіх майстроў мастацтваў у Баку і Сумгаіце.

- Вядома, што бліжэйшая цікавая культурная акцыя Пасольства Азербайджана чакае мінчан літаральна днямі...

- Азербайджанскія дыппрадстаўніцтвы за мяжой штогод ладзяць свята Дня Рэспублікі. Урачыстасці з гэтай нагоды пройдуць і ў Беларусі.

Мы імкнёмся ўсё зрабіць так, каб беларуская публіка больш блізка пазнаёмілася з азербайджанскім мастацтвам. На маю думку, калі інтэлігенцыя будзе ведаць культуру, адметнасць нацыі ў сусветнай прасторы, тады і ўвесь народ будзе мець уяўленне аб краіне, з якой сябруе, і стасункі стануць больш цеснымі. Бо збліжэнне паміж людзьмі, як вядома, адбываецца наступным чынам. Мы пранікаемся сімпатыяй да нейкага чалавека, а потым пачынаем даведвацца: адкуль ён, якая ў яго адукацыя, як ён сябе паводзіць. Нас цікавіць усё. Гэтак жа - і ў дачыненні да цэлага народа.

Выдатна, калі беларусы даведваюцца, што гісторыя азербайджанскай музыкі налічвае паўтара тысячагоддзі, што яе творы вядомыя ва ўсім свеце, што ў 2008-м Азербайджанскі оперны тэатр святкаваў 100-годдзе. Або, да прыкладу, такі факт: шэдэўрам паэтычнай творчасці Азербайджана - больш за 850 гадоў, і сам Гётэ схіляў галаву перад нашым паэтам і філосафам Нізамі. Ці не будзе жыхару вашай краіны, даведаўшыся пра гэта, цікава і надалей сябраваць з намі?

 Павысіцца цікавасць да беларускай культуры ў азербайджанцаў, калі яны даведаюцца аб тым, што ваш Тэатр оперы і балета - адзін з вядучых на тэрыторыі СНД, што ў Нацыянальным мастацкім музеі годнае месца займаюць творы сусветнай спадчыны, што вялікі гонар для кожнага дырыжора - папрацаваць з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Беларусі.

Сёлета да Дня Рэспублікі Азербайджан мы зладзілі сумесны канцэрт нашых і беларускіх музыкантаў. Дырыжорам імпрэзы выступіць Ялчын Адзігезалаў - заслужаны дзеяч мастацтваў Азербайджана, другі дырыжор нашага Сімфанічнага аркестра.

- Вы назвалі шэраг калектываў і ўстаноў, брэндавых для Беларусі. Можа, дзеячы культуры Азербайджана рыхтуюць сумесныя праекты з імі?

 - Што да будучых праектаў - днямі вярнуўся з Мінска ў Баку галоўны рэжысёр Азербайджанскага тэатра оперы: у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры прайшлі перамовы з яго ўдзелам аб пастаноўцы аперэты "Аршын мал алан" нашага славутага заснавальніка азербайджанскай класічнай музыкі Узеіра Гаджыбекава. Мне вядома, што адбылася гутарка з дырэктарам тэатра Аляксандрам Пятровічам, і на дадзены момант прэм'ера запланавана на 20 лістапада 2010 года. Мяркую, гэта будзе сапраўдная падзея- аперэта Гаджыбекава, класіка азербайджанскай музыкі, на беларускай музычнай сцэне.

Таксама, ужо цягам года, вядзецца супрацоўніцтва з народным артыстам Беларусі, рэжысёрам Барысам Луцэнкам: ён разглядае магчымасць пастаноўкі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага п'есы вядомага нашага паэта і драматурга Гусейн Джавіда - "Шэкспіра Усходу", як яго называюць. Беларускі рэжысёр азнаёміўся амаль з усімі творамі выбітнага азербайджанскага майстра слова, але пакуль выбірае канкрэтнае сачыненне. І я цалкам згодны з такім падыходам, бо Гусейн Джавід - гэта філосаф, паэт, чые работы належыць данесці да гледача так, каб не згубіць іх незвычайны талент, глыбіню, прыгажосць стылю. Ці магчыма паставіць, скажам, Дастаеўскага "дзеля птушачкі"? Не. Таму тут і спяшацца нельга! Мы рэгулярна сустракаемся з Барысам Іванавічам і абмяркоўваем творы майстра, прыхільнікам якога я, дарэчы, з'яўляюся. І калі гэты праект нарэшце атрымае сцэнічнае ўвасабленне, то, на маю думку, падзея ўвойдзе ў гісторыю культурных стасункаў нашых дзяржаў.

Што да доўгатэрміновых праектаў, мне загадваць цяжка, бо тэрмін майго прабывання на пасадзе Пасла - ужо больш чым чатыры гады. Адно я магу сказаць дакладна: Беларусь у мусульманскім свеце знайшла сабе вернага сябра, як і Азербайджан - партнёра і сябра ў цэнтры Еўропы. А значыць, нашы стасункі будуць умацоўвацца і далей.

- Азербайджан і Беларусь сапраўды маюць шмат агульнага: гэта і своеасаблівая мультыкультурнасць нацыі, і багатая на драматычныя падзеі гісторыя кожнай з нашых краін...

- Вы зараз закранулі вельмі важны і тонкі момант. Беларусі давялося перажыць вельмі шмат нягод: на яе тэрыторыі прайшло шмат войнаў. Наш Азербайджан таксама неаднойчы быў плацдармам для бітваў: гэта войны Чынгісхана, Тамерлана, Аляксандра Македонскага... І ў тым, што наш народ - шматнацыянальны, я бачу спадчыну тых часоў, калі ваяры з розных куткоў свету, стаміўшыся ад бітваў, заставаліся тут, на нашай зямлі. У адным раёне Азербайджана сёння можна знайсці пяць вёсак, і ў кожнай жыхары гавораць на сваёй мове. І гэта не перашкаджае ім жыць у згодзе.

Таксама збліжае нас і тое, што беларускі і азербайджанскі народы - талерантныя. І ў вас, і ў нас мірна суіснуюць і сябруюць розныя канфесіі, прадстаўнікі шматлікіх культур. Але і гэта яшчэ не ўсе. Самае галоўнае, што яднае нас, - усведамленне таго, што ўсё павінна адбывацца па любові. Сапраўдныя чалавечыя стасункі грунтуюцца менавіта на ёй. Але сапраўды яна нараджаецца тады, калі ў сэрцы чалавека ёсць любоў да Бога. І мне падаецца, падобны светапогляд назіраецца і ў беларусаў, таму нашы народы абавязкова будуць сябраваць.

 - Культура і мастацтва - гэта тыя ключы, з дапамогай якіх можна раскрыць душу кожнага народа. Які, на вашу думку, культурны феномен Азербайджана здольны выканаць такую ролю?

- Такіх феноменаў шмат: гэта, як я ўжо казаў, і выбітныя творы літаратуры, і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва - вядомыя ў свеце азербайджанскія дываны, кераміка... Але, бадай, больш за ўсё раскрывае душу азербайджанскага народа музыка і легендарны мугам.

Час узнікнення гэтай музычнай формы невядомы. Трэба адзначыць, што гэта - культурны феномен усіх усходніх народаў: мугам граюць і іранцы, і арабы; распаўсюджаны ён у Індыі, Афганістане, Узбекістане, Турцыі... Але нават іншыя нацыі сёння лічаць за ўзор узровень выканання азербайджанскага мугама. Нездарма ў 2003 годзе UNESCO прызнала яго адным з шэдэўраў вуснай і нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва.

Адкуль прыйшоў мугам? Мы ведаем, што, пачынаючы з часоў Маісея, усе малітвы Святога Пісання выконваліся ўголас. Я лічу, што гэтая форма майстэрства чытання атрымала магутны штуршок у развіцці пасля ўзнікнення іслама, калі незвычайная форма малітвы, якая пяецца, злучылася з адметнай музыкай рэгіёнаў, - нарадзіўся азербайджанскі мугам. І сёння вялікімі майстрамі гэтага жанру лічацца карабахскія спевакі - ханендэ. У Карабаху спяваюць усе, ды і сама прырода натхняе на гэта.

- У чым жа філасофія мугама?

- Гэта музыка розных станаў душы. У мугаме могуць спалучацца і вялікая радасць, і вялікая туга, захапленне перамогай, нязбыўная скруха, шалёная весялосць... Гэта "мастацтва станаў", і, вядома, гэтая музыка, як аніякая іншая, здольная перадаць усё, знітаванае з каханнем... Які твор можа апавесці пра растанне Рамэа і Джульеты, Анегіна і Таццяны, Меджнуна і Лейлы? Мугам спалучае ў сабе ўсё і, адначасова, узнімае чалавечы дух.

Распавядаць аб гэтым можна доўга, але лепей прыйсці на наш канцэрт і пачуць гэтую незвычайную "споведзь", як кажуць, "на ўласныя вушы". Тым больш, што ў праграме прадстаўлены сімфанічныя творы на аснове мугама: "Курд Овшары" і "Шур", якія спалучаюць народную і класічную музыку. Пачуўшы гэтыя незвычайныя творы, вы ўсё зразумееце.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"