Спецыфіка скансена

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

19 мая ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.

Дэпутаты маюць намер заканадаўча замацаваць прававы статус музеяў пад адкрытым небам.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Святлана Сухавей распавяла "К", што неўзабаве мяркуецца ўнесці папраўкі ў дзеючы Закон аб музеях і Музейным фондзе, прыняты ў 2005 годзе. У прыватнасці, будзе дэталізавана паняцце "музей пад адкрытым небам". Сапраўды, чым розніцца спецыфіка скансена, Мемарыяльнага комплексу "Хатынь" і Парку, да прыкладу, валуноў? Упарадкаванне гэтай тыпалогіі дапаможа дыферэнцыраваць падыходы і захады па далейшым развіцці названых устаноў.

Што да Музея народнай архітэктуры і побыту, дык, па словах Святланы Сухавей, дэпутаты маюць намер лабіраваць выдаткаванне дадатковых фінансавых сродкаў для развіцця музеяў, аналагічных дзяржаўных устаноў пад адкрытым небам у цэлым і патрэб скансена ў прыватнасці. "К" неаднойчы пісала пра тое, што ў згаданым музеі паміж вёскамі Азярцо і Строчыца планы прадставіць драўлянае дойлідства ўсіх абласцей Беларусі так і засталіся нерэалізаванымі.

Не хапае, па словах Святланы Сухавей, і кваліфікаваных спецыялістаў па рэстаўрацыі і захаванні помнікаў народнай драўлянай архітэктуры. Задача парламентарыяў - ініцыяваць падрыхтоўку спецыялістаў.

Будучыя змены ў музейным заканадаўстве каменціруе галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Гаўрылава:

- Год таму ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася наша сустрэча з членамі Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Пад час сустрэчы былі агучаны пытанні, што стаяць перад музеямі краіны. Парламентарыі ўзяліся за іх грунтоўны аналіз, і ўжо ў гэтым годзе праект Закону "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь" уключаны ў план распрацоўкі нарматыўна-прававых актаў. Загадам міністра культуры была створана рабочая група па падрыхтоўцы названага праекта Закону. У яе ўвайшлі дэпутаты, прадстаўнікі абласных упраўленняў культуры, музейшчыкі, юрысты... Узначаліў групу намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі. Адпаведныя прапановы па ўдасканаленні музейнага заканадаўства былі сабраны з усіх музеяў Беларусі. На сёння праект Закону ўзгаднілі 30 органаў дзяржкіравання. Спадзяюся, папраўкі ў Закон будуць прыняты ў бліжэйшы час.