"У Год беларускай культуры ў Расійскай Федэрацыі мы прадставім бранскаму фестывальнаму гледачу спектакль "Хросная маці" паводле "Васы Жалязновай" Максіма Горкага, пастаўлены рэжысёрам Валерыем Раеўскім і сцэнографам Барысам Герлаванам, - распавёў нам дырэктар і мастацкі кіраўнік Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Віктар Чэпелеў. - Для нас і ўдзел у "Славянскіх тэатральных сустрэчах" у Бранску і Чарнігаве, і правядзенне іх на гомельскай зямлі - не проста тэатральныя мерапрыемствы, закліканыя п р а д э м а н с т р а в а ц ь еднасць творцаў, незалежна ад нацыянальнасці і дзяржаўных межаў. Гэта магчымасць сустрэцца са старымі знаёмымі - і тэатрамі, і гледачамі, якія нас, гамяльчан, заўсёды вітаюць з цеплынёй і прыязнасцю, і - прадэманстраваць узровень беларускага тэатральнага мастацтва".
Дарэчы, акрамя гамяльчан, у афішы XVIII Міжнароднага фестывалю "Славянскія тэатральныя сустрэчы" заяўлены Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр са спектаклем "Кар'ера Чэлесціна" А.Нікалаі, а таксама гаспадар фестывалю - Бранскі абласны тэатр драмы імя А.К. Талстога. Ён прадставіць прэм'еру, прымеркаваную да 65-годдзя Вялікай Перамогі, - спектакль "Не пакідай мяне" па п'есе нашага драматурга Аляксея Дударава ў пастаноўцы маскоўскага рэжысёра Кірыла Панчанкі.