Да форуму засталося...

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

VІІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур распачнецца ў Гродне 4 чэрвеня.

Прадстаўнікоў СМІ ў Нацыянальным прэс-цэнтры краіны на форум запрасіў кансультант аддзела па справах нацыянальнасцей і прававой работы, прэс-сакратар апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Міхаіл Рыбакоў.

Прадстаўнікі практычна ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі, прадэманструюць на чарговым фестывалі ў маляўнічых прадстаўленнях самыя каларытныя моманты свайго побыту і творчага жыцця.

"Усяго ў краіне сёння жывуць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей, і для іх жыцця, працы і творчасці створаны вельмі спрыяльныя ўмовы, - адзначыў М.Рыбакоў. - У нашым апараце для каардынацыі дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў нацыянальнасцей працуе толькі 12 чалавек. Гэта сведчыць пра тое, што наша сумесная праца - канструктыўная".

З высокімі дасягненнямі плённага супрацоўніцтва нацыянальных дыяспар і дзяржаўных інстытутаў на тэрыторыі Беларусі пагадзіліся ўсе прысутныя на прэсканферэнцыі кіраўнікі этнакультурных аб'яднанняў: грэчаскага, цыганскага, польскага, яўрэйскага.

Яскравым прыкладам узаемадзеяння падзялілася старшыня Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Татара-башкірская культурная спадчына "Чышма" Эльвіра Ляўшэвіч. Па яе словах, пры дапамозе апарата Упаўнаважанага былі пашыты настолькі дасканалыя, з пункта гледжання гістарычнай адпаведнасці, сцэнічныя касцюмы, што землякі з Татарстана былі ўпэўнены: яны створаны іх майстрамі, а не беларускімі. Госці Фестывалю нацыянальных культур змогуць пабачыць іх у час выступлення прадстаўнікоў этнічных суполак.