“May.by”: наперадзе — Дні культуры

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

У сталіцы Венгрыі Будапешце, у галерэі “Сэнт Дзёрдзь”, працуе выстаўка беларускай графікі. На ёй прадстаўлены шэраг графічных твораў, што адлюстроўваюць беларускія краявіды, архітэктурныя помнікі, вядомыя куткі Беларусі.

Як распавёў "К" саветнік Пасольства Беларусі ў Венгрыі Аляксандр Хайноўскі, мерапрыемства прайшло ў рамках серыі традыцыйных культурных праектаў пад агульнай назвай "May.by: Майскія сустрэчы з Беларуссю", якія з 2007-га штогод ладзяцца прадстаўніцтвам нашай краіны.

 А 5 - 6 ліпеня бягучага года, упершыню ў гісторыі беларуска-венгерскіх адносін, запланавана правесці Дні культуры нашай краіны ў Венгрыі. Яны арганізуюцца Пасольствам Беларусі ў Венгрыі і Міністэрствам культуры РБ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і культуры Венгрыі.

У рамках праграмы Дзён Беларусі пройдуць выступленні Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" ў Будапешце і горадзе Кестхей, а таксама выстаўка беларускіх мастакоў, падрыхтаваная мінскім Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва.

На выстаўцы будуць прадстаўлены 25 твораў лепшых айчынных графікаў розных пакаленняў, пачынаючы ад знаных мэтраў - Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча - і заканчваючы маладымі таленавітымі творцамі.

Асноўнай мэтай гэтага праекта стала імкненне бліжэй пазнаёміць замежных мастацтвазнаўцаў і аматараў жывапісу са школай беларускай графікі, яе сённяшнім станам і перспектывамі развіцця. Тым больш, што ў работах адлюстраваны самыя разнастайныя тэхнікі, прадстаўлена даволі шырокая тэматыка, а таксама сучасныя графічныя эксперыменты.