Здзіўляем у Шанхаі

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Заслужаны аматарскі калектыў “Радасць” вярнуўся днямі з “ЭКСПА-2010” у Шанхаі. Сваім выступленнем ён распачаў працу Нацыянальнага павільёна Беларусі.

/i/content/pi/cult/264/4060/2-1.jpgЦягам дзесяці дзён ансамбль з Брэста даваў па два канцэрты для гасцей "ЭКСПА-2010", але такая праграма падалася малой для арганізатараў выстаўкі. Па словах балетмайстра ансамбля Тамары Шылавай, якая была ў Шанхаі разам з дваццаццю артыстамі, жыхарам Кітая настолькі спадабалася выступленне беларусаў, што іх запрасілі застацца яшчэ на некаторы час.
"Нашы касцюмы, спевы, увогуле праграма настолькі ўразілі, што пасля выступленняў нам не давалі праходу, жадаючы сфатаграфавацца на памяць, - кажа Т.Шылава. - А супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы нават не паверылі, што мы з'яўляемся аматарскім калектывам".
Побач з беларускім павільёнам на выстаўцы размяшчаюцца прадстаўніцтвы тых краін, якія не прапаноўваюць гасцям канцэртаў, таму наш мае сваю "разыначку". Хутка ў Шанхаі гэта пацвердзіць ансамбль песні, музыкі і танца "Талака" Віцебскай абласной філармоніі. Прэзентацыя культуры Беларусі на "ЭКСПА-2010" адбываецца паспяхова, пра што сведчыць колькасць гледачоў: паводле афіцыйных звестак, адразу пасля адкрыцця выстаўкі Нацыянальны павільён нашай краіны наведвала каля 20 тысяч чалавек у дзень.