Свае і чужынцы

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

7 чэрвеня ў памяшканні Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” адбыўся прэм’ерны паказ стужкі Марыі Мажар “Ворагі”. Фільм быў створаны сумеснымі намаганнямі нашай кінастудыі і ГАА ТВА “Рок”. Гэты праект выклікае вялікую цікавасць не толькі таму, што падзеі стужкі разгортваюцца ў Беларусі ў час акупацыі, але і з тае прычыны, што рэжысёр і аўтар сцэнарыя Марыя Мажар — таксама наша зямлячка, для якой гэтая карцінастала прафесійным дэбютам.

 /i/content/pi/cult/119/406/Vorag.jpg
 Кадр з фільма "Ворагі".
У фільме “Ворагі” няма батальных сцэн, няма экшна, нават страляюць за ўвесь фільм усяго некалькі разоў, тым не менш — гэта фільм пра вайну. Гэта не звычайная ваенная драма, дзе драматычныя падзеі ўплятаюцца ў ваенны кантэкст. Гэта драма псіхалагічная, ці нават экзістэнцыяльная. Вайна тут выступае ў якасці своеасаблівай лакмусавай паперкі для праверкі чалавечых душ і каталізатара пэўных працэсаў. Пастаўленыя ў пэўную экстрэмальную сітуацыю, героі фільма спазнаюць сябе і даведваюцца пра нешта новае, часам не надта прыемнае. На працягу фільма яны пастаянна вырашаюць пытанні экзістэнцыі, ці, прасцей кажучы, існавання, у кожнага з іх сваё “быць альбо не быць”.
Паколькі ж адназначна адказаць на гэтае пытанне складана, кожны шукае нейкі кампраміс. Так, Валодзька, стоячы перад дылемай “памерці чырвонаармейцам ці жыць паліцаем”, выбірае жыццё, абяцаючы пры гэтым самому сабе быць добрым паліцаем. Дзед Сцяпан хоць і не любіць немцаў, але ажыццяўляе з імі бартэрны гандаль, а “субліміруецца” часам ледзь не праз камічныя “тэракты”, як, напрыклад, намазванне валяр’янкай аканіц хаты, дзе жывуць немцы.
Зрэшты, усе жыхары вёскі, якія з прыходам немцаў спачатку ўцяклі ў лес, а потым вярнуліся, спрабуюць знайсці нейкую “залатую сярэдзіну”. Але жыць па прынцыпе “мы іх не чапаем, а яны — нас” атрымліваецца толькі да нейкай пары. Канфлікт, які закладзены ў самой назве твора, з часам вырываецца напаверх, і надыходзіць момант ісціны, калі неабходна вырашаць, хто ты ёсць на самой справе. Таму і страляецца Валодзька, не даруючы сабе смерць Варвары; Наталля адпраўляецца ратаваць сына, адмаўляючыся зрабіць падмену; сыходзіць у партызаны дзед Сцяпан.
Прынамсі, слова “ворагі” ў назве фільма, як мне падалося, не азначае немцаў, нягледзячы нават на тое, што кінацітры ўзнікаюць на фоне постацей маладых нямецкіх салдат. Тут, хутчэй, ідзе даследаванне адносін паміж людзьмі, якія па волі лёсу з’яўляюцца ворагамі. Рэжысёр не паказвае ўсіх немцаў “белымі і пушыстымі”, але стопрацэнтна адмоўных герояў сярод іх няма, а некаторыя з іх, бадай, выклікаюць і сімпатыю гледачоў. Так, малады Ёган таксама ў пэўны момант не ідзе на кампраміс з сабой і просіць адправіць яго з ціхай вёскі на фронт, бо ён не хоча “ваяваць з дзецьмі”.
Натуральна, найцікавы персанаж з немцаў — гэта іх камандзір Отта, які з’яўляецца своеасаблівай “баварскай версіяй” вобраза Валодзькі. Ён таксама хоча быць добрым, і быў ім, пакуль была магчымасць. Адно толькі, што вызначэнне існавання гэткай магчымасці — справа суб’ектыўная: кожны сам вызначае свой рубеж, дзе ад яго ўжо “нічога не залежыць”. “Я не ёсць Бог”, — кажа Отта, адмаўляючы Наталлі ў просьбе выратаваць сына, і ў гэты момант ён сам, напэўна, разумее, што вайна падгрэбла яго пад сябе, змяніла жыццёвыя прынцыпы, і яму ўжо не стаць ранейшым. Камусьці вобраз Отта ў стужцы можа падасца незавершаным, але, па сутнасці, для яго ўсё скончылася ў гэты момант, калі ёнстрачвае сябе.Менавіта вобразы Валодзькі і Отта, якіх у стужцы ўвасобілі Віктар Васільеў і Аксель Шрык, і выяўляюць асноўны філасофскі змест “Ворагаў”.
Непадобныя адзін да аднаго нават па манеры існавання ў кадры, яны выбудоўваюць вобразы герояў слабых, зломленых вайной, але якія ўрэшце знаходзяць моц застацца самімі сабою. У фільме гэта робіць адкрыта Валодзька, але верыцца, што і Отта ў пэўны момант здолее быць чалавекам, а не толькі салдатам.“Ворагі” — фільм глыбока гуманістычны, ён не праводзіць нейкай мяжы паміж немцамі і беларусамі, а паказвае вайну як агульную трагедыю чалавецтва. Фільм пра тое, як вайна калечыць не толькі жыцці і лёсы людзей, але і іх душы. Ён выяўляе жорсткую недарэчнасць і жахлівую нелагічнасць вайны, дзе ад камічнага да жудаснага — адно імгненне.На заканчэнне хочацца павіншаваць усіх аматараў беларускага кіно з новай цікавай карцінай і са з’яўленнем яркай творчай постаці. Хацелася б верыць, што імя Марыі Мажар і надалей будзе звязана з “Беларусьфільмам”. 

Анатоль ВАЛОДЧАНКА