За тысячы гадоў да Салігорска…

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Больш за 13000 экспанатаў сабралі супрацоўнікі Салігорскага краязнаўчага музея. Сярод іх ёсць калекцыя “Археалогія”, у якую ўваходзяць больш за 500 прадметаў.

/i/content/pi/cult/119/405/Saligorsk.jpg 
Гісторыя Салігоршчыны пачынаецца з сярэдзіны каменнага веку (мезаліту), які для поўдня Беларусі датуецца прыблізна 9 — 5 тысячагоддзямі да нашай эры. У гэты час невялікія вандроўныя суполкі паляўнічых і рыбаловаў засялялі берагі рэк Случ, Лань, Морач. На правым беразе Случы беларускі археолаг У.Ісаенка падчас даследавання так званай Юсцікавай горкі выявіў рэшткі мезалітычнага паселішча з мікралітычнымі вырабамі.
Быў знойдзены скрабок з крэменю, які цяпер захоўваецца ў музеі. Ім карысталіся нашы далёкія продкі для апрацоўкі скур. Іншыя знаходкі з Юсцікавай горкі — апрацаваны нуклеус (кавалак крэменю, з якога адколвалі тонкія пласціны для нажоў і іншых вырабаў), крамянёвыя адшчэпы.
Людзі сяліліся на тэрыторыі нашага раёна і ў больш позні час. Аб гэтым сведчаць знаходкі свідраваных сякер, іншых прылад працы, а таксама вялікая група курганоў за 200 метраў ад Юсцікавай горкі, якую раскопвалі ў 1929 г. археолагі А.Ляўданскі і С.Дубінскі.
Прыкладна ў V тысячагоддзі да нашай эры старажытныя плямёны Беларусі ўступілі ў новакаменны век (неаліт). Пачатак гэтай эпохі характарызуецца распаўсюджваннем глінянага посуду. Вострадонныя гаршкі, у асноўным з прамымі сценкамі, выраблялі з гліны, перамешанай з раслінамі. Пазней пачалі дадаваць у гліну пясок. Паверхню пасудзін упрыгожвалі наколамі, увагнутасцямі, невялікімі ямінкамі ці штрыхамі. У музеі ёсць фрагменты керамікі, знойдзеныя на неалітычным паселішчы за кіламетр на поўнач ад Старобіна. Складаная арнаментацыя посуду была своеасаблівай у кожнага племені ці групы плямён. Напрыканцы неаліту людзі навучыліся добра шліфаваць, пілаваць, свідраваць камень. У басейнах рэк Лань, Случ, Морач выяўлены рэшткі тагачасных паселішчаў: каля вёсак Цясова, Мяцявічы, Мелкавічы, гарадскога пасёлка Старобін.
У канцы ІІІ— пачатку ІІ тысячагоддзя да нашай эры на поўдні Беларусі пачаўся бронзавы век (на поўначы ён наступіў крыху пазней). Але на тэрыторыі нашай краіны няма радовішчаў медзі і волава, неабходных для атрымання бронзы, таму металічных рэчаў гэтага часу знойдзена вельмі мала. Яны трапілі сюды ў выніку абмену або былі захоплены ў баявых сутычках. Большасць прылад працы выраблялася, як і раней, з каменя, рога і косці. Найвышэйшай ступені майстэрства дасягнуў выраб шліфаваных сякер. Матэрыялам для іх служылі валуны, пакінутыя ледавіком.
Сякеры сталі адным з распаўсюджаных прадметаў абмену. Свідраваныя сякеры служылі пераважна зброяй, бо для працы былі малапрыдатныя: часта ламаліся каля адтулін, мелі тоўстае лязо. Але зламаную сякеру таксама стараліся для чаго-небудзь прыстасаваць. Для гаспадарчых патрэб карысталіся сякерамі-клінамі. Іх прывязвалі сухажыллямі жывёл ці моцнымі каранямі раслін да палкі і маглі такой сякерай ссекчы дрэва дыяметрам 25 см за чвэрць гадзіны.
Зараз у музеі захоўваюцца каля 20 свідраваных сякер і сякер-кліноў. Радзей трапляюцца на тэрыторыі Беларусі свідраваныя каменныя матыкі. Адна з іх ёсць у нашым музеі. Яна была знойдзена каля вёскі Пагост.
У нашым краі рэшткі паселішчаў эпохі бронзы выяўлены каля вёсак Мяцявічы, Цясова, Мелкавічы, Зажэвічы, Крывічы, Чырвонае Возера, Рог, Пузічы, Вялікі Рожан, каля Чырвонай Слабады і Старобіна.
На вялікі жаль, археалагічныя работы тут не праводзіліся, калі не лічыць раскопак 1929 г. каля вёсак Мяцявічы і Зажэвічы. Большая частка знаходак, якія захоўваліся ў АН БССР, была страчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Надзея СЛОНІМ,
навуковы супрацоўнік Салігорскага
краязнаўчага музея