У хіце галоўнае — бульба

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Вопыт суседзяў Рэйнардс КАУПЕРС, спявак (Латвія): Рыхтуючы матэрыялы па тэме нумара, мы звязаліся з некаторымі замежнымі артыстамі, каб высветліць у іх, “як жа зрабіць песню”. Свае адказы даслаў у рэдакцыю “Культуры” вакаліст, аўтар музыкі і слоў да многіх твораў латвійскага гурта “Brainstorm” Рэйнардс КАЎПЕРС, вядомы ў Беларусі і ва ўсёй Еўропе дзякуючы паспяховаму ўдзелу ў “Еўрабачанні”. Мы пацікавіліся ў папулярнага хітмейкера, чым вядомыя латышы “бяруць” свайго слухача. — Спадар Рэйнардс, якія характарыстыкі, на вашу думку, павінна мець сучасная песня, каб стаць папулярнай у сваёй краіне і за мяжой?

/i/content/pi/cult/264/4049/12-2.jpg- Возьмем для прыкладу нашу песню "Maybe". Ну хто ж мог падумаць, што песня гэтая, музыка да якой нарадзілася цягам пятнаццаці хвілін працы за раялем, а словы яшчэ хутчэй напісаліся пад час работы за камп'ютэрам, стане нашым самым галоўным, інтэрнацыянальным, хітом? І ніхто з нас не меркаваў пра нейкія стандарты або характарыстыкі! Проста, песня нарадзілася, мы яе запісалі. Чаму менавіта яна спадабалася людзям, для мяне - загадка! Мы, здавалася б, сачынілі за больш чым паўтара дзесяцігоддзі так шмат песень, што часам здзіўляешся: столькі часу і энергіі ўклаў у тую ці іншую кампазіцыю, а ў выніку- нічога, "не пайшла" яна... Пару разоў прагучала на радыё - і ўсё! Канешне, ёсць нейкія аб'ектыўныя крытэрыі якасці, каб песню раціравалі па радыё і тэлебачанні, ды ўсё ж гэта, як кажуць, - з серыі "абавязковых умоў". Астатняе- выключна твой талент і унікальнасць. Бо часцяком здараецца так, што хіт - тая песня, якая вылучаецца з шэрагу іншых. Значыць, ці не найважнейшае - набрацца мужнасці, не баяцца сваёй арыгінальнасці і выявіць яе напоўніцу. Гэтага ўсім і жадаю!

- Ці можаце на падставе свайго вопыту працы ў сферы эстрады, гастрольных тураў па самых розных у сваёй ментальнасці і спрадвечнай музычнай традыцыі краінах вылучыць: у якіх песнях сёння ёсць найбольшая патрэба ў гледача? Можа, нешта прыгадаеце з нядаўняй паездкі ў беларускую сталіцу?

- Я асабіста глыбока перакананы: нягледзячы на тое, што мода і бізнес нібыта дыктуюць, якой павінна быць песня,- публіка адразу адчуе "сваю" музыку, песню, дзе ёсць самае галоўнае - душа, якая створана і запісана з радасцю і ад усяго сэрца. Вось, напрыклад, ваш Аляксандр Рыбак. Калі я ўпершыню ўбачыў ролік з ягоным выступленнем у Інтэрнеце (гэта быў фінал нарвежскага адбору на "Еўрабачанне"), у мяне мурашкі па спіне пабеглі! Я паказаў усім у нашым офісе і быў загадзя ўпэўнены: ён пераможа! Гэтак пераканаўча, такая чысціня і радасць ад ягонай песні выпраменьваліся! Публіка такое, канешне ж, адчувае! A вось аранжыроўкі, модны саунд - гэта толькі "соус". Як мы кажам, галоўнае ў страве - бульба, што значыць: першапачатковы таленавіты матэрыял.

- На што як прафесіянал у еўрапейскай песні параіце звярнуць увагу артыстам і іх камандзе, каб данесці да гледача сапраўды варты ўвагі твор?

- На тое, каб праз гадоў дзесяць, напрыклад, самому не было сорамна, калі пачуеш свой твор па радыё.