"Выйсце -- дзяржаўны прадзюсерскі цэнтр"

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Уладзімір МАКСІМКАЎ, рэжысёр і прадзюсер: — Паўплываць на творчы працэс, каб палепшыць сітуацыю ў беларускім музычным бізнесе, ніяк не магчыма: натхненне прыходзіць да творцаў непрадказальна. А вось што да працэсу тэхналагічнага — тут ёсць аб чым падумаць і паразважаць.

 

Дзяржава, са свайго боку, можа зрабіць шмат карыснага, каб стымуляваць музычную творчасць. Беларускія артысты павінны мець усе магчымасці для самарэалізацыі. Пэўныя захады ў патрэбным накірунку ўжо былі зроблены. Сярод галоўных дасягненняў трэба згадаць знакамітае правіла "75 працэнтаў": рашэнне - правільнае, але працаваць яно павінна ў комплексе з іншымі.

Да прыкладу, па-першае, у краіне штогадова трэба праводзіць 5 - 6 музычных конкурсаў, дзе таленты змогуць сябе выявіць. Вядома, у нас ёсць конкурс маладых выканаўцаў на "Славянскім базары...", але, на мой погляд, яго форма ўсё ж значна састарэла. Таму будучыя творчыя спаборніцтвы павінны мець прывабны для моладзі, сучасны выгляд.

Па-другое, у нас нарэшце павінна з'явіцца нацыянальная музычная прэмія. Яны ёсць ва ўсіх дзяржавах-суседках, чым Беларусь горшая за іх? Зразумела, што гэтая прэмія павінна асвятляцца па ўсіх каналах мас-медыя. А каб слухачы і гледачы былі больш зацікаўлены, зрабіць прэмію інтэрактыўнай: перакласці функцыю журы на аўдыторыю. Дарэчы, да такой формы судзейства людзі ставяцца больш даверліва, чым да конкурсаў, дзе ўсё вырашае журы з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў.

Па-трэцяе, можна арганізаваць конкурс на лепшую песню і выкананне сярод музычных радыёстанцый. Галоўнай яго ўмовай зрабіць абавязковую ратацыю ўсіх кампазіцый, акрамя сваёй, у эфіры, а прызам - дастатковую суму грошай, якая кампенсуе магчымыя выдаткі. Упэўнены, у эфіры адразу загучыць паўтара дзесятка неблагіх кампазіцый.

Увогуле, трэба заахвочваць тэлебачанне і радыё да стварэння музычных праграм. Іх арыгінальнасць могуць дадаць нашай эстрадзе шмат прыхільнікаў. У гэтым накірунку паказальным з'яўляецца поспех перадачы "Музычны суд", якую я лічу вельмі цікавай.

Мяркую таксама, што развіццю айчыннай музычнай сферы, акрамя абмежавання ёмістасці нацыянальнага музычнага рынку, замінае адсутнасць эфектыўнай сістэмы менеджменту, рэкламы і прамоўшна. А самі творцы паводзяць сябе вельмі пасіўна; нават калі маюць штосьці цікавае, ім не пад сілу тое прадэманстраваць, засяродзіць увагу на сваіх талентах. Чаму выступленне нямецкага гурта "Рамштайн" збірае поўныя залы? Відаць, таму, што публіка ведае: яна абавязкова пабачыць нешта эксклюзіўнае. Чаму нашы выканаўцы вельмі слаба рэкламуюць саміх сябе? Рэкламы мала не бывае, і не трэба саромецца лепшым чынам прадстаўляць свае таленты. Сярод беларускіх артыстаў, што выдатна займаюцца самапіарам, я магу ўзгадаць толькі Аляксандра Саладуху. Заўважце, ён далёка не лідэр па колькасці паказаў па тэлебачанні, а яго ведаюць абсалютна ўсе! Сам жа спявак добра разумее, чаго канкрэтна патрабуе яго аўдыторыя.

Але Саладуха - талент не толькі ў музыцы, але і ў прадзюсіраванні. Ён сам сабе менеджэр. А што рабіць тым, хто мае талент пісаць музыку, але не можа выгадна яе прадставіць? Лічу, стварэнне дзяржаўнага музычнага прадзюсерскага цэнтра можа добра дапамагчы такім творцам.