Фармат і... думка

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Таццяна ЯКУШАВА, галоўны рэдактар музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: — Хай не пакрыўдзяцца на мяне кампазітары, якія лічаць, што галоўнае ў песні— гэта мелодыя, але чым далей, тым больш разумею: галоўным у песні з’яўляецца думка. Калі ў тэкстах няма думкі — няма і вобраза. І гэта, дарэчы, таксама становіцца прычынай таго, што прафесійныя кампазітары сёння ўсё менш надаюць увагі гэтаму жанру. А між тым, лепшыя песні мінулых гадоў заўсёды ўтрымлівалі ў сабе і думкі (як паэтычныя, так і музычныя), і адметнасць, і выхад за межы раней акрэсленага. Ці ж не ў гэтым “выхадзе” (дакладней, цяперашнім “нявыхадзе”) асноўная праблема?

/i/content/pi/cult/264/4044/5-2.jpg

Таму першае, што трэба зрабіць, дбаючы пра развіццё сучаснай беларускай песні, - гэта забыцца на фармат. І ўвогуле ўжываць гэтае слова выключна да нейкіх тэхнічных, нават тэхналагічных параметраў, што тычацца самога запісу песні, а не яе зместу, не ўласна творчасці. Бо сапраўдная творчасць і фармат - дзве рэчы несумяшчальныя. Фармат мае дачыненне да рамяства, бо яго сэнс у тым, каб як мага лепей вытрымаць нейкія зададзеныя параметры, не выйсці за іх межы. Творчасць жа гэтых рамак не ведае. Так, у чымсьці мастак заўсёды абмежаваны, але гэта зусім іншае. Бо адны межы быццам вызначаюць сам кірунак далейшага руху, дазваляюць мастаку адразу рухацца ў напрамку, што вызначаны, да прыкладу, жанрам, стылем, складам выканаўцаў. Іншыя ж рамкі (і фармат акурат з іх ліку) быццам перакрываюць мастаку сам рух, вымушаючы яго бегчы на месцы.