“Глядач мусіць быць больш актыўным”

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Дзяніс ШПІТАЛЬНІКАЎ, дырэктар Дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь: — Як тое ні парадаксальна, але галоўнай прычынай, якая замінае развіццю нашай музычнай індустрыі, з’яўляецца нізкая актыўнасць нашых слухачоў і гледачоў. У чым гэта праяўляецца? У тым, што беларусы не спяшаюцца набываць білеты на канцэрты. Гэта тычыцца як выступленняў нашых выканаўцаў, так і замежных гастралёраў. Часам тое выклікае здзіўленне нават у арганізатараў гастролей. Чаму, да прыкладу, на канцэрты лідэра сусветна вядомага гурта “Bee Gees” Робіна Гіба, якія праходзілі ва Украіне і ў Расіі, імгненна разыходзіліся ўсе месцы, а ў Мінску білеты раскуплялі неахвотна? Пэўна, пытанне — не толькі ў коштах: праблема — дзесьці глыбей.

/i/content/pi/cult/264/4042/5-1.jpg

Прычына - у менталітэце гледача. У Беларусі вельмі цяжка стаць знакамітым, не "засвяціўшыся" за мяжой, нават, калі ўяўляеш з сябе нешта сапраўды цікавае. Згадайма таго ж Івана Вабішчэвіча, вядомага як Дзядзька Ваня: пакуль ён не прыняў удзел у фестывалі "Новая хваля" ў Юрмале, на радзіме нікому не быў цікавы. Або той жа гурт "Атлантыка" спявае на англійскай мове, таму яго першапачаткова палічылі за замежны, і яму было прасцей выступаць на Беларусі.

Сітуацыю можна выправіць пэўным комплексам мер, накіраваных на стварэнне паўнавартаснай музычнай індустрыі. Першы захад тут - планамерная адмена гастрольнага пасведчання для айчынных выканаўцаў. Але такіх, роўных па значнасці, мер дзяржаве трэба прыняць некалькі дзесяткаў, каб значна змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Безумоўна, па-за ўвагай не павінна заставацца і абстаноўка ў сферы гуказапісу. Пакуль жа ў гэтым напрамку трэба яшчэ працаваць і працаваць...

Зразумела, сродкі масавай інфармацыі, у першую чаргу - тэлебачанне, могуць зрабіць для нашых музыкантаў шмат карыснага, да прыкладу, прапагандаваць іх творчасць праз свае праграмы. На жаль, апошніх на нашым ТБ не так шмат: не стае музычных шоу, конкурсаў кшталту колішняга "Сярэбранага грамафона". З іншага боку, каб напоўніць эфір новымі, цікавымі выканаўцамі і таленавіта напісанымі кампазіцыямі, даводзіцца прыкладаць вялікія намаганні: глядач стаміўся ад адных і тых жа твараў...