Дыскатэкі выступілі супраць нездаровага ладу жыцця

№ 24 (790) 16.06.2007 - 22.06.2007 г

Упершыню мне давялося хадзіць на дыскатэкі не для таго, каб танчыць, адзначаць тую ці іншую падзею, сустракацца з сябрамі, “смакаваць” новы дыскапраект, а — каб ацэньваць дыскатэчную сутнасць збоку. Мяне запрасілі ў склад журы гарадскога агляду-конкурсу праграм сталічных дыскатэк і клубаў “Моладзь — за здаровае жыццё”. Ну як тут не пагадзіцца, каб журналісцкім вокам паглядзець на тое, чым паспрабуюць зацікавіць моладзь арганізатары дыскатэчных праграм, як яны здолеюць пераканаць пакаленне “next” кінуць курыць і не злоўжываць алкаголем? Цягам двух месяцаў была ў мяне магчымасць параўноўваць праграмы сталічных дыскатэк і прымяраць іх дзейнасць на сябе. У выніку і з’явіўся гэты матэрыял.

 /i/content/pi/cult/119/404/Diskoteka.jpg
За здароўе з… цыгарэтай?
 
У конкурсе, арганізаваным Мінгарвыканкамам і ДУ “Мінскканцэрт”, прынялі ўдзел дзяржаўныя і прыватныя ўстановы, прафесіяналы і аматары, клубы з высокім статусам, шырокай рэкламай і ўстановы з невялікім бюджэтам і сціплай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Таму, нягледзячы на тое, што зацікаўленасць у конкурсе праявілі ўсяго толькі восем гарадскіх дыскатэк, гэтага аказалася дастаткова, каб скласці агульнае ўражанне пра метады змагання дарослых са шкоднымі маладзёжнымі спакусамі. Хаця многія высілкі, калі шчыра, пакуль можна назваць відавочна марнымі.
Ну ніяк не магло ўкласціся ў маю галаву падчас дыскатэчных аглядаў тое, што дыскатэтчыкі вядуць барацьбу з курэннем — і адначасова прапануюць цыгарэты, засцерагаюць ад алкагалізму ды п’янства — і падтрымліваюць падыманне градусу весялосці градусам спіртнога з дыскатэчнага бара. Як гэта ні парадаксальна, але ў сталічных дыскатэках акурат такая вось антытэза двух ўзаемавыключальных дзеянняў і з’яўляецца распаўсюджанай формай стасункаўз аўдыторыяй. Даўно стаў нормай і дазвол кіраўніцтва смаліць цыгарэты прама ў танцзале.
Само сабою, забарона продажу цыгарэт ды спіртнога ў дыскаклубах зменшыць іх прыбытак. З другога боку, як сумясціць антытытунёвую і антыалкагольную прапаганду з абмежаваннем продажу таго, што,уласна, і прыносіць прыбытак? Пакуль атрымліваецца, што моладзі даводзіцца ўспрымаць аздараўленчыя праграмы дыскатэк, седзячы за столікамі з цыгарэтай у адной руцэ і бутэлечкай піва ў другой. Пры гэтым той, хто не курыць, павінен цярпець ад тытунёвага дыму, якім запоўнена танцзала. Гэта як кій на два канцы: і камерцыю трэба трымаць, і моладзь выхоўваць. Але нікому яшчэ не даводзілася дагнаць двух зайцоў, што бягуць у розных накірунках… Зрэшты, той, хто шукае, хоць нешта ды знаходзіць. Прыкладам, дыскаклуб “Юла”, дзякуючы магчымасці выкарыстоўваць плошчу свайго балкона, змог прапанаваць курыльшчыкам псаваць свае сэрца і лёгкія менавіта там, на свежым паветры, не атручваючы здароўе астатніх. 

Спорт, спорт, спорт…
Не пабаяліся прадставіць свае праграмы на суд журы, як ужо было сказана вышэй, восемустаноў: БДАТУ (Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны універсітэт), “Юла”, “XXL”, “Белая вежа”, Welcome”, “Рэактар”, “Сфера”, “Макс-шоу”. Якія метады і спосабы прапаганды здаровага ладу жыцця яны выкарыстоўвалі? Калі абагульнена — самыя банальныя: дэманстрацыю спартыўных дасягненняў, віктарыны, конкурсы, розыгрышы, рэчытатывы кшталту “Мы — супраць наркотыкаў!” і г. д. Але, вядома ж, на вынік уплывае не колькасць сказаных слоў і зробленых дзеянняў, а — іх якасць, што залежыць як ад фінансавых магчымасцей установы, так і ад бясплатнага асабістага крэатыву. У першым выпадку можна запрасіць чэмпіёнаў свету, якія пакажуць такі спартыўны “клас”, што публіка будзе вішчэць ад захаплення і марыць так жа эфектна размахваць шаблямі і кулакамі ў баксёрскіх пальчатках. Заўважана, што чым больш экстрэмальнай, вострай і рызыкоўнай аказваецца дэманстрацыя спартыўных здольнасцей, тым даўжэйшыя авацыі яны здымаюць. І, мабыць, дзякуючы гэтаму хаця б адзін з сотні запішацца ў спартыўны клуб.
Можна абысціся і меншымі затратамі і атрымаць высокі эфект. Прыкладам, знайсці звычайнага чалавека з моцным здароўем, які надзьме медыцынскую грэлку, нібы паветраны шарык, разарве моцнымі рукамі новую калоду карт ці скруціць жалезны цвік у рамантычнае сэрцайка, як браты Казаковы з клуба “Рэактар”. Няўжо не знойдуцца для гэтага асілкі з зямлі беларускай?
З вялікай увагай маладая публіка сачыла таксама за выступленнямі спартсменаў і артыстаў, з якімі яна была менавіта адной узроставай групы. Відавочна, што гэтая акалічнасць — равесніцтва — міжволі прымушала публіку задумацца: калі ён змог столькі разоў падцягнуцца, дык няўжо ў мяне так не атрымаецца, калі заняцца спортам? А псіхолагі, між тым, ужо даўно даводзяць, што прымерванне чаго-небудзь на сябе — найбольш дзейсны спосаб усведамлення. 

Эм-сі — майстар сітуацыі
У любой справе ёсць такія “дробязі”, якія могуць альбо вынесці задуму на вышэйшы пілатаж, альбо зарубіць яе на корані. Такім стратэгічна важным “элементам” дыскатэчнай праграмы з’явіўся, безумоўна, вядучы, ці, як яго яшчэ клічуць “прасунутыя” людзі, “эм-сі”, а менш разборлівыя — папросту “дзі-джэй”. Гэта менавіта тая персона, ад якой залежыць увесь настрой вечара. На прыкладзе вядучага дыскаклуба “Макс-шоу” можна было пабачыць, як здольна праваліцца цэлая праграма. А на процілеглым прыкладзе эм-сі Аляксандра КАЖАЛЬЦОВА, які стаў лепшым вядучым конкурсу і прынёс свайму клубу “Сфера” Гран-пры за лепшую праграму, — як ствараецца актыўная атмасфера і падымаецца адрэналін.
— Хаця я “духавік” па прафесіі, — прызнаецца А.Кажальцоў,— але ўжо адзінаццаць гадоў працую ў шоу-сферы. За маімі плячыма — праца на ТБ, вечарынах, спартыўных спаборніцтвах, у рэкламе, дзе даводзілася быць не толькі вядучым, але і рэжысёрам, сцэнарыстам. Зыходзячы са свайго багатага вопыту, я магу сказаць, што прафесіяналізму ў працы вядучага можна дасягнуць толькі метадам спроб і памылак. Гэта як лабірынт, дзе знаходзіш шлях і выйсце самастойна. І зноў жа, мяркуючы па сваім вопыце, скажу, што клубная моладзь — самая лёгкая аўдыторыя для працы, бо мае адзін духоўны “фармат” і ўзрост.
— Існуе мноства сцэнарыяў праграм, у тым ліку “аздараўленчых”. Як вядучы, ты знайшоў у іх нешта карыснае для сябе?
— І ў Інтэрнеце, і ў друку іх сапраўды шмат, аднак калі пачынаеш іх рэалізоўваць “па напісанаму”, атрымліваецца “нежывы” прадукт, бо трымаюцца яны больш на тэорыі, чым на практыцы. У рэальнасці ж трэба кожную секунду быць гатовым да ўсяго, нават да крыўднага выкліку з залы, на які трэба хутка зрэагаваць.
— Мяне ўразіла, як ты ўмееш трымаць залу. У чым твой сакрэт?
— Часта вядучым перашкаджае пазіцыяніраванне сябе як артыста, зоркі, “цвіка” праграмы. Мой жа падыход — стаць “сваім” для публікі, стварыць адчуванне, што я з таго ж цеста, што і яна. Гэтага эфекту можна часткова дасягаць субліміраваннем свайго маўлення да ўзроўню аўдыторыі, якая павінна адчуць, што ты размаўляеш з ёй на адной мове. Прыкладам, калі гэта моладзь, я “жанглірую” амерыканізіраванымі выразамі, якімі яны карыстаюцца між сабой, кшталту, “о’кей”, “эврыбадзі” і гэтак далей. Гэта дае свой эфект, і маладзёжная публіка не заўважае, што мне 33 гады. Не менш важна ўмець прыцягнуць увагу нейкім моўным абаротам, інтанацыяй… Мабыць, таму наша “жывая” праграма “За здаровы лад жыцця” і спадабалася журы ды моладзі.… Здавалася б, такая простая задача — аб’яднаць аўтарытэт дыскатэкі і прапаганду здароўя. Ніякіх вам надакучлівых лекцый, транспарантаў і самаробных плакатаў з лозунгамі. Аднак на практыцы аказалася, што форму клубнага жыцця і форму традыцыйнай прапаганды не так лёгка звесці ў адзінае цэлае. Мабыць, да гэтага працэсу трэба падключыць яшчэ медыкаў, псіхолагаў, валеолагаў, каб сумеснымі высілкамі прыйсці да прадуктыўнай прапаганды. На жаль, яны пакуль што дзейнічаюць паасобку. 

Рэзюмэ спецыяліста
— Крэда, норма жыцця і адначасова — небяспека людзей маладога ўзросту 15 — 19 гадоў, — расказвае Наталля КАСЯЧЭНКА, урач-валеолаг гарадскога Цэнтра здароўя ў Мінску, — у тым, што ім усё хочацца зведаць на ўласным вопыце. Таму гэтая ўзроставая катэгорыя мае неабходнасць у карэктыроўцы іх максімалізму, які можа нашкодзіць здароўю. Якім чынам гэта рабіць —аднаго рэцэпта тут няма. Аднак на вопыце мы маглі ўпэўніцца, што ўсе формы ўздзеяння — агітацыя, лекцыі, акцыі, конкурсы, індывідуальныя гутаркі, групавыя і масавыя заняткі — усе разам яны прыводзяць да станоўчага выніку. Для фарміравання станоўчых паводзін у гэтым узросце асабліва важная перадача карыснай інфармацыі ад равеснікаў.
Таму можа быць вельмі прадуктыўным зварот не столькі да цэлай групы, колькі да лідэраў груп, ад якіх “танчаць” паводзіны “падначаленых”. Цікавы яшчэ той факт, што ўзорам для пераймання звычак з’яўляецца для падлеткаў менавіта іх маці. Мы правялі апытанне, і высветлілася, што дзеці, у якіх смаляць маці, кураць самі. Дзіўна, але бацька такім “аўтарытэтам” не карыстаецца…
Што тычыцца дыскатэк, дык добра,што яны сталі праводзіць прафілактычна-аздараўленчыя акцыі, аднак, з іншага боку, ніякага эфекту, на жаль, ад іх не будзе, пакуль там адначасова прапануюцца цыгарэты ды спіртное.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ