Талент без цудаў і міфаў

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Віктар БАБАРЫКІН, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь: — Беларускай песні патрабуецца, найперш, талент кампазітара. Сёння песні складаюць усе: здавалася б, справа няхітрая. Да таго ж, кожны разумее, што добрая аранжыроўка можа рабіць цуды. Вось і з’явіўся міф: маўляў, заплаціце — і ўсё атрымаеце. Але так не бывае. Дрэннаму спецыялісту колькі ні плаці, калі ён не здольны стварыць штосьці годнае, выніку не будзе. І наадварот: добры спецыяліст, калі ўжо бярэцца за справу, папросту не можа зрабіць горш, чым умее. Дый увогуле, давайце вызначым, што ж такое песня.

/i/content/pi/cult/264/4039/3-4.jpg

А песня, між іншым, - гэта тое, што мы хочам спяваць. І тое, што быццам бы спяваецца само. Тут без мелодыі не абысціся: яе не заменіць ні аранжыроўка, ні абаяльнасць выканаўцы, ні выбітныя сцэнічныя строі, ні яркае відовішча. Пры наяўнасці ўсіх гэтых складнікаў песня можа атрымацца і нават затрымацца ў канцэртных праграмах. Але ніколі не пойдзе ў народ, бо спяваць там не будзе чаго. Вось вам і чарговая аднадзёнка! Так што даводзіцца канстатаваць: фігур, роўных Ігару Лучанку, Уладзіміру Мулявіну, сёння няма.

Таленты нараджаюцца самі. Таму сёння ўсе "ідуць у народ", шукаюць іх. Неўзабаве гэта абавязкова дасць плён: у культуры, мастацтве вынікі не бываюць імгненнымі. Трэба звярнуць увагу на нацыянальную адметнасць нашых песень. Апошнім часам усе так імкнуцца да еўрапейскасці, што забываюцца на ўласныя здабыткі. А дарма! Менавіта нацыянальнае аблічча надае смак, каларыт, непаўторнасць. Згадайма той жа гурт "Палац": ён колькі гадоў трывала займаецца фольк-рокам і штораз знаходзіць нейкія новыя рысы. А малдаўскія эстрадныя песні! Іх не зблытаеш ні з якімі іншымі. Так што і ў іншых народаў нам ёсць чаму павучыцца.