А песня, між іншым, - гэта тое, што мы хочам спяваць. І тое, што быццам бы спяваецца само. Тут без мелодыі не абысціся: яе не заменіць ні аранжыроўка, ні абаяльнасць выканаўцы, ні выбітныя сцэнічныя строі, ні яркае відовішча. Пры наяўнасці ўсіх гэтых складнікаў песня можа атрымацца і нават затрымацца ў канцэртных праграмах. Але ніколі не пойдзе ў народ, бо спяваць там не будзе чаго. Вось вам і чарговая аднадзёнка! Так што даводзіцца канстатаваць: фігур, роўных Ігару Лучанку, Уладзіміру Мулявіну, сёння няма.
Таленты нараджаюцца самі. Таму сёння ўсе "ідуць у народ", шукаюць іх. Неўзабаве гэта абавязкова дасць плён: у культуры, мастацтве вынікі не бываюць імгненнымі. Трэба звярнуць увагу на нацыянальную адметнасць нашых песень. Апошнім часам усе так імкнуцца да еўрапейскасці, што забываюцца на ўласныя здабыткі. А дарма! Менавіта нацыянальнае аблічча надае смак, каларыт, непаўторнасць. Згадайма той жа гурт "Палац": ён колькі гадоў трывала займаецца фольк-рокам і штораз знаходзіць нейкія новыя рысы. А малдаўскія эстрадныя песні! Іх не зблытаеш ні з якімі іншымі. Так што і ў іншых народаў нам ёсць чаму павучыцца.