Узняць прэстыж прафесіі замест “клёва” або “не клёва”

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Міхаіл ФІНБЕРГ, дырэктар - мастацкі кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, народны артыст краіны, прафесар: - Першае, што трэба зрабіць у галіне эстрады, - гэта ўзняць прэстыж Беларускага саюза кампазітараў. Там сабраны сапраўдныя кампазітарскія таленты, але іхнія песні практычна не гучаць. Яны ж творцы, а не тэхнары! Аранжыроўка каштуе грошай, запіс у студыі - таксама. І замест прафесійных песень радыёэфіры запоўнены таннымі "самаробкамі"...

/i/content/pi/cult/264/4037/3-1.jpg

Трэба ўвогуле ўзняць прэстыж прафесіяналаў, каб гучалі, найперш, прафесійныя аўтары і творчыя калектывы.

Па-другое - неабходна ўзняць у песні ролю беларускай мовы і ўвогуле прафесійнага песеннага слова. Бо тыя "хатнія" тэксты, што мы чуем, часам не вытрымліваюць аніякай крытыкі.

Па-трэцяе - давайце штогод праводзіць конкурсы на лепшую песню. Падкрэслю: гэта павінен быць конкурс менавіта песенны, а не проста вакальны. Раней падобных спаборніцтваў было шмат, цяпер жа нават да юбілею Перамогі - цішыня. Трэба адрадзіць конкурсныя традыцыі!

Дарэчы, чаму наша Акадэмія музыкі перастала займацца песняй? Калісьці, калі гэтай навучальнай установай кіраваў Уладзімір Алоўнікаў, тут штогод праходзілі студэнцкія песенныя конкурсы, гэта дапамагала выхоўваць прафесійных творцаў. Чаму б не адрадзіць тыя традыцыі?

Песенны конкурс, вядома, не абвяргае вакальных спаборніцтваў. Але форму іх правядзення трэба ўдасканальваць. Не патрэбна нам колькасць удзельнікаў - дайце, як кажуць, "якасць на выхадзе"! А для гэтага неабходна вылучаць не проста лепшых, а тых, хто не падобны да іншых, у каго ёсць адметнасць, перспектывы, а не проста "навучанасць". У песні павінны супадаць мастацтва яе напісання з мастацтвам выканання. Але ж хто пра гэта будзе дбаць? Мастацкіх саветаў, як раней, на радыё няма. Прафесійных абмеркаванняў, што калісьці ладзіліся ў Маскве, у Саюзе кампазітараў на пасяджэннях секцыі эстраднай музыкі, - таксама. Прафесійныя крытыкі - маўчаць. Дзе, калі абмяркоўвалася якая песня? Адзіная ацэнка: "клёва" або "не клёва".

Нарэшце, неабходна, каб сур'ёзна працаваў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне: без аніякіх фанаграм, з беларускамоўнымі песнямі.

Дзяржаўная ўвага павінна быць накіравана менавіта на нацыянальную песню!