Публіка чакае змен

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Апытанне "К" на вуліцах Мінска Кожны артыст праз творы, якія ён выконвае, звяртаецца, у першую чаргу, да гледача. І менавіта публіцы вызначаць, наколькі шчырае і, што асабліва важна, якаснае пасланне нясе выканаўца са сцэны. Таму, у якасці "запеву" да абмеркавання тэмы гэтага нумара "Культуры", мы вырашылі даць слова слухачу. Для гэтага нашы карэспандэнты звярнуліся да 50 жыхароў сталіцы рознага ўзросту (ад 16 да 65 гадоў) з некалькімі пытаннямі, датычнымі развіцця песеннага жанру. Мы дазналіся, ці ведае аўдыторыя сваіх "герояў", ці знаёмая з іх рэпертуарам, чаго чакае ад спевакоў і што жадае змяніць на айчыннай сцэне.

 

Падсумоўваючы вынікі, мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі практычна ніводзін з апытаных намі мінчан не змог прыгадаць канкрэтную песню айчыннага выканаўцы, што запомнілася б яму апошнім часам. Найчасцей даводзілася чуць: маўляў, імёны ведаем з тэлеэфіру, а творчасцю не цікавімся.

Што да персаналій і калектываў, дык тут асаблівых сюрпрызаў не адбылося: лідэрамі па колькасці прыгадванняў сталі "Песняры", за імі - "Ляпіс Трубяцкой" і "J:Мors" (па 10 рэспандэнтаў), моладзь з задавальненнем называла "Без білета", а больш сталыя людзі - Аляксандра Саладуху. Сярод поп-выканаўцаў у лідэрах, з 6 згадкамі, - Аляксей Хлястоў і Георгій Калдун. З такім жа вынікам да "сваіх" аднеслі таксама Наталлю Падольскую і Аляксандра Рыбака.

Увогуле, пасля апытання ў нашых карэспандэнтаў склалася наступная выснова: публіка даволі строга ставіцца да айчынных артыстаў. Толькі адна дзяўчына з ліку апытаных адзначыла, што яна сярод беларускіх выканаўцаў знайшла сваё. Астатнія ж 49 чалавек назвалі ажно тры дзесяткі якасцей, якіх, на іх думку, бракуе нашым спевакам і музыкантам, а таксама тым, хто ўдзельнічае ў стварэнні песень і іх рэпрэзентацыі гледачам. Пры гэтым 25% засяродзіліся на банальнай незадаволенасці музыкай, адсутнасці прыгожых мелодый. "Простыя рытмы, адсутнасць меладычнасці ўжо раздражняюць", - сказала, пацвярджаючы гэтую думку, 47гадовая настаўніца Вераніка Пятроўна.

Яшчэ чвэрць меламанаў "сумуе" па... сэнсе ў песнях. "Надакучыў пусты набор слоў!" - эмацыйна адгукаюцца яны. А яшчэ адзначаюць недахоп пачуцця густу, філасафічнасці, глыбіні, сур'ёзнасці, крэатыву, добрага рэпертуару. "Жыццярадаснасці, нарэшце", - дадаў, апавядаючы пра нядаўна прагледжанае айчыннае музычнае тэлешоу, доктар Іван Барысавіч. 37-гадовы праграміст Сяргей дадае, што большасць твораў сучаснай беларускай эстрады арыентавана на даволі сталую па ўзросце аўдыторыю. "Але асабіста я мяркую, што песні ў духу эстрады мінулых дзесяцігоддзяў не павінны пераважаць над сучаснымі", - мяркуе ён.

Цікава, што адны з апытаных асуджаюць памкненні артыстаў арыентавацца на Захад, а іншым якраз і не хапае менавіта заходняй якасці песень.

Наш рэспандэнт Андрэй (30 гадоў) тлумачыць гэта наступным чынам: "Беларускія артысты, на вялікі жаль, не абыходзяцца без капіравання. Яны ў шэрагу выпадкаў ствараюць рымейкі, а трэба імкнуцца рабіць лепш, чым па ўжо гатовым узоры. А то ўвесь час атрымліваецца, што мы, так бы мовіць, другасныя. Англамоўную "папсу" слухаць можна, а нашу "копію" - немагчыма, за рэдкімі выключэннямі! Ёсць эстрада, ёсць "мейнстрым" у альтэрнатыўнай музыцы, але амаль усе новыя выканаўцы, што з'яўляюцца апошнім часам, не застаюцца ў памяці слухачоў. Таксама хутка забываюцца і новыя песні. І, зноў жа, паўстае праблема паўтораў і нават самапаўтораў". Мо якраз таму даволі вялікая колькасць апытаных жадае арыгінальнасці твораў, спасылаючыся на колішнюю непаўторную мелодыку "Песняроў"?..

***

Такія прапановы выказалі ў час сацыялагічнага даследавання "Культуры" слухачы нашым карэспандэнтам. Якой жа бачыцца сітуацыя песеннага жанру, так бы мовіць, знутры? Слова - удзельнікам абмеркавання.__