Жанр ад “А” да “Я”, або Як “зрабіць” песню?

№ 21 (941) 22.05.2010 - 28.05.2010 г

Ад рэдакцыі “Дык як жа “зрабіць” песню? Што такое хіт? Якім чынам выйсці на якасна новы ўзровень развіцця гэтага найпапулярнейшага жанру?” — з падобнымі пытаннямі журналісты “Культуры” звярталіся да дзеячаў айчыннага музычнага мастацтва, прафесіяналаў у шоу-бізнесе, артыстаў і слухачоў. Рэдакцыя невыпадкова ўзняла гэтую надзённую тэму, да якой звярталася неаднойчы ў самых розных аспектах. Актуальнасць якаснай і выніковай песеннай творчасці на сучасным этапе развіцця культуры краіны востра акрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Сітуацыя аднастайнасці, працы пад зададзены фармат, арыентаванасці на запазычаныя, прычым — далёка не заўжды выбітныя, узоры, якая цягам некалькіх апошніх гадоў назіраецца на беларускай эстрадзе і, адпаведна, у эфірнай прасторы радыёстанцый і тэлеканалаў, сведчыць аб неабходнасці пошуку кардынальнага выйсця са становішча. Пра гэта і казалі ўдзельнікі абмеркавання, зыніцыяванага газетай, акрэсліваючы магчымыя шляхі вырашэння некаторых з узнятых праблем і даючы канкрэтныя парады, якім чынам “зрабіць” песню, каб да слухача даходзіў сапраўды варты ўвагі твор. Той, што не сорамна прадставіць як землякам, так і на міжнародным узроўні, той, пра які з гонарам скажам: “Наша!”.