І вось ужо другі раз (першы — у 2004 годзе) Тэлевізійна-тэатральны фестываль Саюзнай дзяржавы пад назвай “Ажыўшая казка” прысвячаецца спектаклям для дзяцей і моладзі.Сёлетні фестываль традыцыйна праходзіў у некалькі этапаў. Падчас першых з іх прадстаўнічае журы, якое ўзначалілі Уладзімір Андрэеў (ад Расіі) і Аляксей Дудараў (ад Беларусі), прагледзела мноства работ беларускіх і расійскіх тэатраў. І ў апошні веснавы тыдзень на сцэне Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра імя Н.І.Сац сваё майстэрства дэманстравалі лепшыя з іх, намінаваныя на ўзнагароды фестывалю.
Адкрыла праграму лаўрэат прэміі “За стварэнне опернага твора для дзяцей” опера-казка гаспадароў фестывальнай пляцоўкі “Дванаццаць месяцаў” С.Баневіча ў пастаноўцы Аляксандра Пятрова.
Акрамя яе, узнагародамі фестывалю былі адзначаны балет
Прэмію і прыз, прызначаныя Паўлу Кордзіну за таленавітае выкананне ролі, атрымлівае мастацкі кіраўнік Гомельскага аблдрамтэатра Валянціна Рагоўская. |
Нашу краіну на “Ажыўшай казцы” прадстаўлялі тры калектывы: Рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Гомельскі абласны драматычны тэатр і Гродзенскі абласны тэатр лялек. І без залішняй сарамлівасці хочацца сказаць, што беларускія спектаклі выклікалі ў масквічоў непадробны інтарэс. І гледачы — бацькі з дзецьмі, — выходзячы з залы пасля спектакляў, са шкадаваннем зазначалі, што, на жаль, ведаюць пра сучасны беларускі тэатр не так шмат, як хацелася б.У рэчышчы дэмаграфічнай палітыкі абедзвюх нашых дзяржаў — Беларусі і Расіі, — у фокусе якіх — стварэнне максімальна спрыяльных умоў для развіцця, сталення маладога пакалення і фарміравання яго густаў і крытэрыяў, не толькі мастацкіх, але і грамадскіх, на падмурку традыцыйных, спрадвечных каштоўнасцей, сёлетняя “Ажыўшая казка”, якая адрасавала свае спектаклі дзецям і моладзі, прайшла пад эгідай 125-годдзя з дня нараджэння Карнея Чукоўскага і 120-годдзя з дня нараджэння Самуіла Маршака. Да твора апошняга з двух гэтых класікаў дзіцячай літаратуры — казкі “Кошчын дом” звярнуўся Гродзенскі абласны тэатр лялек. Маскоўскія юныя гледачы ўбачылі гэтую добра вядомую казку ў пастаноўцы рэжысёра Алега Жугжды, а мастак Ларыса Мікіна-Прабадзяк атрымала прыз фестывалю “За мастацтва сцэнаграфіі ў тэатры”. Ды і сам калектыў тэатра, дарэчы, не першы раз адзначаецца ўзнагародамі гэтага тэатральнага форуму.Гродзенскі “Кошчын дом” вырашаны ў жанры мюзікла: героі спектакля разыгрываюць перад намі лёгкую, элегантную гісторыю пра багатую кошку, якая ў адзін момант страціла свой дом, а разам з ім — і прывілеяваны статус у сваім “жывёльным” грамадстве. Але ж акцёры не акцэнтуюць нашу ўвагу на маралі гэтай казкі— яна ўсім нам добра вядома. Па задуме рэжысёра яны ствараюць мілую, нязмушаную атмасферу, дзякуючы якой мы не столькі “крытыкуем” недасканалую прадстаўніцу жывёльнага свету, колькі... шкадуем яе, няшчасную, за тое, што яна не ведае такую простую і відавочную ісціну — нельга маліцца ў жыцці на адно сваё багацце.
Элегантныя акцёры ў стыльных бялюткіх строях выгадна адцяняюць яркі, стракаты свет казачных герояў: кошкі з катом-вартаўніком, іх гасцей з жывёльнага двара і нават маленькіх сіротак-кацянят — лялькі вылучаюцца падкрэсленай выразнасцю. Нездарма пасля спектакля маленькія гледачы аніяк не адпускалі сваіх улюбёнцаў, фатаграфаваліся з лялечнымі героямі спектакля, гладзілі іх, цалавалі і — спрабавалі самі “ажывіць” іх.
Удзельнікі спектакля "Па шчупаковым загадзе" Гомельскага абласнога драмтэатра. |
Прэмію атрымлівае акцёр Купалаўскага тэатра Аляксандр Малчанаў. |
Дарэчы, яшчэ адным маладым беларускім акцёрам, адзначаным падчас фестывалю, стаў Аляксандр Малчанаў — членаў журы ўразіла яго выкананне ролі Сымона ў знакамітым спектаклі Купалаўскага тэатра “Сымон-музыка” паводле Я.Коласа.Надзвычай неадназначную рэакцыю выклікаў спектакль“Пацалунак ночы”, паказаны ў рамках фестывалю Рэспубліканскім тэатрам юнага гледача. На фоне “агульнавядомых” казак мінскі калектыў прапанаваў фестывальнай публіцы сучасны беларускі драматургічны матэрыял — п’есу Сяргея Кавалёва, у якой аўтар звяртаецца да такой знакавай для нашай краіны тэмы, як Чарнобыльская катастрофа. І задача, якую ставіла перад сабой лаўрэат фестывалю ў намінацыі “За рэжысёрскае майстэрства ў тэатры” Наталля Башава, — павесці з “разумнымі і дарослымі дзецьмі” гаворку пра жыццё і смерць, пра вернасць і адданасць, пра самаахвярнасць і шэраг іншых паняццяў, якія з’яўляюцца ў нашым жыцці асноватворнымі, — вымагала ад тэатра пошуку незвычайных, нешараговых шляхоў для яе рэалізацыі. Маленькі хлопчык, хворы на анкалогію, якога, дарэчы, іграе мінскі школьнік Міця Сямёнаў, выпраўляецца ў складанае і небяспечнае падарожжа з адзінай мэтай — выратаваць ад пакарання сваю маці, што пераступіла законы “далёкай краіны” дзеля яго выратавання. На сваім шляху ён сутыкаецца з самымі рознымі персанажамі,але галоўнае — ён спасцігае “сакрэты” глабальнай экалагічнай катастрофы і яе наступствы, асэнсоўваючы ўсю небяспечнасць парушэння спрадвечных законаў прыроды. Канешне ж, “Пацалунак ночы” мае станоўчую развязку — хлопчыку пасля аперацыі становіцца лепей. Але рэжысёр не дае нам “палёгкі” і не здымае адказнасці за тое, як жа наша жыццё будзе ісці далей, вымушаючы нас прыняць на сябе адказнасць за яго, за тое, кім мы станем у будучым, у якім свеце будзем жыць.
Аглядаючы фестывальную афішу, у якую, на жаль, увайшлі далёка не ўсе тэатры-лаўрэаты сёлетняй “Ажыўшай казкі”, заўважаеш і тое, што так званая “маладзёжная палітыка” сёння выяўляецца не толькі ў выглядзе адрасавання юным гледачам годных узораў сучаснага тэатральнага мастацтва, але і ў мэтанакіраванай працы з тэатральнай моладдзю. Менавіта таму шэраг узнагарод атрымалі работы, скіраваныя на развіццё талентаў юнакоў і дзяўчат — будучых акцёраў: “За стварэнне опернага твора для дзяцей” і “За мастацтва сцэнаграфіі ў тэатры” за оперу “Дзідона і Эней” Г.Персела — Тэатр оперы і балета Каледжа музычна-тэатральнага мастацтва пад кіраўніцтвам А.Трацэўскай, дзе ў ролях заняты маладыя спевакі-навучэнцы; рэжысёр і педагог Тэатральнага інстытута імя Б.Шчукіна Мікалай Шэйко — за дыпломны спектакль “Зялёная птушачка” К.Гоццы, а таксама занятыя ў ім выпускнікі Руфат Акчурын і Паліна Райкіна, і, нарэшце, спектакль “К’ёджаўскія перабрэхі” К.Гальдоні акцёрскага факультэта Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва (ГИТИС) у пастаноўцы Уладзіміра Андрэева.
На жаль, пры ўсім тым высокім узроўні творчага і выканальніцкага майстэрства, які дэманстравалі калектывы-ўдзельнікі фестывалю “Ажыўшая казка”, часам здавалася, што патрэбны ён... адно толькі яго ўдзельнікам. На некаторых спектаклях фестывальнай праграмы гледачоў у тысячнай зале тэатра імя Н.Сац не набіралася і паўсотні. Хоць тыя, каму “пашчасціла” трапіць на фестывальныя паказы, ці не адзінагалосна шкадавалі, што не ведалі, наколькі гэта цікавая акцыя і не паклікалі з сабою сваіх сяброў і знаёмых. А колькі радасці было ў вачах выхаванцаў дзіцячых дамоў, якія былі на некаторых спектаклях! На жаль, поўная адсутнасць рэкламы па-за межамі тэатра імя Н.Сац прывяла да таго, што фестываль “патануў” у культурна-інфармацыйнай прасторы расійскай сталіцы. А шкада, бо ідэя яго, тая самаадданасць, з якой працавалі на сцэне акцёры беларускіх і расійскіх тэатраў, і тая ўдзячнасць,з якой віталі іх нешматлікія гледачы ў зале, вартыя самай пільнай увагі, бо акурат такая душэўная еднасць і здольная стаць найлепшым выхавацелем для нашага маладога пакалення.
Таццяна КОМАНАВА,
Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Масква — Мінск