Семінар распачалі творцы

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Сустрэчай з творчымі людзьмі і калектывамі раёна пачаўся чарговы семінар работнікаў клубных устаноў, які адбыўся ў Столінскім гарадскім доме культуры.

/i/content/pi/cult/263/4028/12-3.jpg

 

Галоўнымі героямі сустрэчы сталі народны майстар, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта краіны дзеячам культуры і мастацтва Іван Супрунчык, які працуе ў этнаграфічным музеі ў вёсцы Цераблічы; выкладчык мастацкага аддзялення Рэчыцкай школы мастацтваў, стыпендыят спецыяльнага фонду Кіраўніка дзяржавы па падтрымцы таленавітай моладзі Сяргей Місюн, а таксама кіраўнік народнага хору ветэранаў вайны і працы Столінскага ГДК Дзіна Бажко...

Іван Супрунчык працуе толькі сякерай. У ГДК была аформлена выстаўка работ майстра "Адвечная прыгажосць дрэва".

Сяргей Місюн удасканальваў здольнасці ў Мінскім мастацкім вучылішчы, працаваў над афармленнем фасада Нацыянальнай бібліятэкі. Прафесійныя здольнасці таленавітага мастака ацэнены і на Століншчыне: ён стаў лаўрэатам раённага конкурсу "Малады чалавек 2008 года" ў галіне культуры, пераможцам Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю" ў намінацыі "Графіка. Жывапіс".

Пра творчую актыўнасць Дзіны Бажко "К" пісала ўжо. Хор ветэранаў выканаў шэраг патрыятычных песень. У іх ліку - "Столінскі край", што стаў гімнам раёна (словы самадзейнага паэта, кампазітара і мастака Паўла Куліка з Церабяжова).

А потым пачалася тэарэтычная частка семінара: "Патрыятычнае выхаванне насельніцтва сродкамі культурнага баўлення часу".

Галіна ГАШЧУК Столін

На здымку: Сяргей Місюн.