Кароль Стах — у Магілёве

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Днямі ў Магілёўскім абласным тэатры лялек адбыўся мастацкі савет, на якім была зацверджана п’еса рэжысёра Вячаслава Корнева паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” і разглядаліся эскізы дэкарацыі да яе. Дзякуючы рашэнню Савета і фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, гэты спектакль пабачыць свет у чэрвені 2010 года.

 

Рэжысёр тэатра Вячаслаў Корнеў даўно выношваў ідэю ўвасаблення сродкамі тэатра лялек аповесці Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Варта адзначыць, што пастаноўка твора класіка на сцэне Тэатра лялек у нашай рэспубліцы адбудзецца ўпершыню.

Творчыя задумы рэжысёра спектакля даюць падставы меркаваць, што новы праект будзе цікавы для сучаснага гледача. Гэта пацвярджае і тое, што ў творчай скарбонцы рэжысёра шмат выдатных работ: "Вій" ("народная хлусня з песнямі і пужалкамі"), прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння М.Гогаля, камедыя "Паўлінка" ("народныя гульні з лялькамі"), спектакль "Папялушка" ("вясёлая готыка"), які пастаўлены ў вельмі цікавай сучаснай інтэрпрэтацыі па матывах казкі братоў Грым, а таксама іншыя, не менш цікавыя для гледачоў, творы.

Арыгінальныя мастацкія знаходкі імкнецца задзейнічаць у працы над спектаклем "Дзікае паляванне караля Стаха" галоўны мастак тэатра Галіна Ігнацьева. Музычным афармленнем пастаноўкі зоймецца Анжэла Дамахоўская, якая з'яўляецца адначасова і куратарам праекта. Таксама вялікія спадзяванні ўскладзены і на прафесійныя здольнасці акцёраў тэатра, сярод якіх - вядучыя майстры сцэны Н.Бачкарова, Г.Барысава, Н.Суворава, Т.Зэлікава, Г.Лазуціна, уладальнік "Крыштальнага Анёлка" і медаля Францыска Скарыны М.Сцешыц.

Іна ПУДЗЯНКОВА, кіраўнік літаратурнай часткі Магілёўскага абласнога тэатра лялек