Шэрагі "цяжкой артылерыі" склалі такія вопытныя мастакі тэатра, сярод якіх - Аляксандр Касцючэнка з эскізам дэкарацый да оперы "Набука" Дж.Вердзі і макетам да балета "Папялушка" С.Пракоф'ева ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, Валерый Рачкоўскі з эскізам дэкарацый да "Прыгажуні і пачвары" А.Жугжды ў тэатры лялек Ольштына (Польшча) і эскізам лялек да спектакля "Марынка-крапіўніца" А.Вольскага і П.Макаля ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Віктар Цімафееў з макетам і эскізамі дэкарацый і касцюмаў да "Ветрагонаў" У.Галубка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа і іншыя.
Прыемнай асаблівасцю сёлетняй выстаўкі стаў і магутны выхад на творчую авансцэну маладых тэатральных мастакоў, што натуральным чынам адлюстроўвае існуючае становішча ў сучасным беларускім тэатры: за апошнія два-тры гады менавіта яны, нядаўнія выпускнікі Барыса Герлавана, сталі ў многіх выпадках "рабіць моду". Пацвярджаючы той факт, што творчы імпэт, з аднаго боку, і валоданне сваёй прафесіяй, з іншага, - здольныя даваць плённыя вынікі, якія мы і атрымалі магчымасць убачыць на выстаўцы.
Сярод іх - Алеся Снапок, якая цягам сезона працуе галоўным мастаком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Андрэй Меранкоў, Дар'я Волкава, Вольга Грыцаева, Ігар Анісенка, Таццяна Нерсісян, Валянціна Праўдзіна. Кожны з іх ужо заявіў аб сваім творчым стылі ў тэатры, і іх новыя работы, безумоўна, даюць дадатковую глебу для далейшых разважаняў на гэты конт.
На жаль, як і ў мінулым годзе, не так шмат на выстаўцы было прадстаўлена работ, ажыццёўленых на сцэнах абласных тэатраў. Сярод гарадоў, тэатры якіх адзначыліся на выстаўцы, - Віцебск і Магілёў, куды былі запрошаны сталічныя сцэнографы. Толькі Гродзенскі абласны драматычны тэатр прадставіў работы свайго мастака Таццяны Сакалоўскай: макет, эскізы дэкарацый і касцюмаў да спектакля "Прымакі" паводле Янкі Купалы.
На здымках: І.Анісенка. Макет да спектакля "Хам" паводле рамана Э.Ажэшка.;
Т.Сакалоўская. Макет да спектакля "Прымакі" паводле Янкі Купалы.