“Не мой”: агонь і дым

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў прэм’еру— спектакль “Не мой” паводле Алеся Адамовіча. Пад час грамадскага прагляду зала Купалаўскага ледзь змясціла ўсіх ахвотных пазнаёміцца з новай тэатральнай работай, прысвечанай тэме Вялікай Айчыннай вайны, убачыць увасобленыя на сцэне “памкненні душы”, якія падштурхнулі рэжысёра Аляксандра Гарцуева звярнуцца да гэтага матэрыялу.

/i/content/pi/cult/263/4020/9-1jpg.jpg

 

Ды толькі па заканчэнні спектакля размовы сярод гледачоў у большасці сваёй тычыліся таго, як... нечакана і эфектна на сцэне было перададзена спальванне вёскі. Мастак спектакля Барыс Герлаван, які заўсёды славіўся ўменнем ствараць маштабную і метафарычную сцэнаграфічную прастору, выкарыстаў гэтым разам найноўшыя оптыка-валаконныя тэхналогіі. Таму эпізод знішчэння Петухоў сваёй гіперрэалістычнасцю ўспрыняцця насамрэч зрабіў на гледачоў абсалютна нечаканае ўражанне (цягам усёй дзеі рэшткі дамоў - бярвенні- тлелі не ўмоўнатэатральна, а практычна "па-сапраўднаму"). Але ж ці толькі гэта мусіла быць творчым вынікам спектакля?..

Між іншым, чаканне прэм'еры ў Купалаўскім мела пад сабой некалькі творчых інтрыг. Не так даўно паводле гэтай жа аповесці А.Адамовіча - "Нямко" - расійскім кінарэжысёрам Міхаілам Сегалам быў зняты фільм "Франц + Паліна" з цікавымі і яркімі работамі і беларускіх акцёраў (у прыватнасці, Тамара Міронава ў абодвух версіях - кінематаграфічнай і тэатральнай - сыграла маці Паліны, Кучарыху). Меркавалася, што тэатральная версія аповесці стане своеасаблівым дыялогам з кінаработай. Тым больш, што, у адрозненне ад фільма, дзе ў галоўных ролях былі занятыя расіянка і немец, на Купалаўскай сцэне перад гледачамі мусілі паўстаць дзве пары айчынных маладых і яркіх тэатральных акцёраў: Раман Падаляка са Святланай Анікей і Аляксандр Казела з Валянцінай Гарцуевай (балазе пра кожнага з іх, нягледзячы на небагаты пакуль тэатральны багаж, ужо сёння можна пісаць асобныя творчыя партрэты).

Ды толькі самай вялікай "інтрыгай", так і не разгаданай мною нават у фінале, сталася галоўнае пытанне: пра што спектакль? Выкарыстоўваючы даволі распаўсюджаны для ваенных спектакляў прыём "фіксацыі" сцэн, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў раскладвае перад намі своеасаблівы ваенны " ф о т а альбом". Тут - ворагі з грамафонам і губным гармонікам, бежанцы і канцлагерны калючы дрот, спаленая вёска і чароды амаль не адрозных паміж сабой атрадаў партызанаў, уласаўцаў, а пазней - МГБістаў... Здаецца, ён спрабуе выцягнуць на свет самыя распаўсюджаныя традыцыі і стэрэатыпы тэатральнага ўвасаблення ваеннай тэматыкі, але - з якой мэтай?

Далей гэты "камплект ведаў" пра вайну практычна не раскрываецца, так і застаючыся на ўзроўні знакаў, зразумелых пакаленню 70-х гадоў мінулага стагоддзя, але абсалютна архаічных і з гэтай прычыны практычна неўспрымальных для гледача сучаснага. Бадай, адзіная акцёрская работа, якая вылучаецца на гэтым фоне, - вобраз пажылой бежанкі ў выкананні Зінаіды Зубковай. Поўная глыбокага і глыбіннага перажывання за жыццё, але зусім не ўласнае, а- людское, за чалавечнасць увогуле, яе гераіня сталася своеасаблівым архетыпам Жанчыны, што прайшла праз вайну, здолеўшы, з аднаго боку, запомніць усе яе жахі і нягоды, а з іншага - не дазволіць сабе і тым, хто аказваўся побач, забыцца на ўласную чалавечую прыроду і страціць яе.

У згаданым вышэй фільме рэжысёр, выносячы ў назву імёны двух галоўных герояў, адпаведна гэтаму будуе і экранны аповед - з пазіцый расказу гісторыі "Рамэа і Джульеты" ваеннага часу. Аляксандр Гарцуеў, называючы спектакль руска-беларускім амафонам "Не мой", пераакцэнтоўвае нашу ўвагу на асобу Франца - салдата вермахта, які, не падпарадкаваўшыся загаду, выратаваў беларускую дзяўчыну, абараняючы сваё каханне да яе. Кім ён стаў пасля гэтага? Маналог пра ўласную "нічыйнасць" і балючасць адчування гэтай сваёй "адсутнасці", неіснавання бліжэй да фін а л у спектакля гучыць з вуснаў персанажа Рамана Падалякі. Аднак рэжысёр не падводзіць нас да яго, бо цягам усіх папярэдніх дзей асоба Франца, яго ўнутраныя перажыванні практычна аніяк не выяўляюцца - акцёру прапануецца існаваць у звыклым для яго "амплуа" чужынца (нагадаем, у нядаўнім спектаклі "Translations" Раман Падаляка таксама іграў ролю закаханага ў мясцовую ірландскую дзяўчыну рамантычнага англічаніна). Дзе шукаць прычыны гэтага: у тым, што Гарцуеў не рызыкнуў стварыць спектакль пра душэўныя перажыванні Франца, альбо проста эмацыянальнае памкненне за нешараговым вобразам не знайшло ў ягонай рэжысёрскай "аператыўнай памяці" адпаведных пастановачных рашэнняў?..

Млявасць вобраза Франца з лішкам кампенсуе Паліна ў выкананні Святланы Анікей. Яе гераіня - з тых, што сапраўды здольныя не толькі "спыніць на скаку каня", а/i/content/pi/cult/263/4020/9-2.jpgле і самой упрэгчыся ў вазок, каб уратаваць каханага. Актрысе ўдалося востра і эмацыянальна адчуць і ўвасобіць усю пранізлівасць адначасовага спалучэння такіх эмоцый, як паралізуючы жах і неверагоднае жаданне жыць. Акурат гэтым акцёрская ігра Святланы Анікей у многім і апраўдвае адсутнасць рэжысёрскага "падмурка" для іх з Францам ваеннай эпапеі. Бо па ходзе спектакля мы не былі сведкамі ні нараджэння іх кахання (проста, рамантычна настроеная дзяўчына ўночы заляпіла аплявуху надта смеламу хлопцу), ні ўзнікнення пачуцця ўдзячнасці ворагу, якому яна ратуе жыццё ўзамен уратаванага ейнага. Здаецца, гераіня Анікей успрымае і самога Франца не столькі як асобу і мужчыну, колькі - як падсвядомы абавязак выратаваць Жыццё, захаваць у сабе, у сваёй душы чалавечнасць. Акурат гэтая яе магутная эмацыянальная зараджанасць на жыццё і становіцца той "птушкай Феніксам", якая пасля кожнай новай сцэны, што не абяцае аніякага іншага фіналу, акрамя смерці, дае сілы адраджацца наноў і ёй, і яе Францу.

...У фінале героі спектакля з "сямейнай фотакарткі" прамаўляюць да нас, гледачоў, простыя словы пра тое, што мы сваім жыццём абавязаны тым, хто прайшоў вайну. Перад намі- аксіёма, якую не патрэбна даказваць. Але казаць пра гэта і сёння можна толькі праз уласны эмацыянальны боль і жывое суперажыванне тым, хто прайшоў вайну і захаваў для нас Жыццё, - і ніяк іначай.

На здымках: сцэны са спектакля "Не мой".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА