Пад родным сцягам

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Днямі Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі вярнуўся зБельгіі, дзе ўдзельнічаў у ХХІV Міжнародным фестывалі фальклору. У вельмі прадстаўнічым вянку прафесійных калектываў з Расіі, Мексікі, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Францыі, Турцыі, Ірландыі і іншых краін нашы танцоры не толькі не згубіліся, але і ўразілі болей, чым іншыя.

 /i/content/pi/cult/118/402/Pad-scyagam.jpg
— Нават па вуліцах, — расказаў мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч, — мы хадзілі са сцягам, у нацыянальных строях — гэта ж фестываль фальклору.
А публіка за намі — суцэльным натоўпам. Моладзь з задавальненнем фатаграфавалася побач з нашымі красунямі ды красунчыкамі. Усе выказвалі самыя шчырыя словы захаплення, казалі, што мы “ператанцавалі” нават такі знакаміты, надзвычай моцны расійскі калектыў, як Ансамбль Паўночнага Флоту.
Адной нашай дзяўчынцы, Наталлі Карачун, на фестывалі споўнілася 19 гадоў. Арганізатары пра гэта даведаліся, відаць, з нашых пашпартоў, бо мы ім нічога спецыяльна не казалі. Вядучы павіншаваў Наташу са сцэны, а ўся зала стоячы праспявала ёй “Happy birthday”. Тая ледзь не расплакалася.
Увогуле за 10 дзён мы далі тры сольнікі, а таксама адзін-два разы на дзень удзельнічалі ў гала-канцэртах.
І сталі для бельгійцаў і шматлікіх гасцей фестывалю чарговым адкрыццём нашай краіны.
— А што адкрылі на фестывалі вы самі?
— Найперш — цікавы фестывальны расклад, годны пераймання: ранішнія канцэрты — для дзяцей, пачынаючы ад 5-ці гадоў, удзень — “для сіньёраў”: гэта значыць, для людзей, як сказалі б у нас, пажылога ўзросту, пенсіянераў, інвалідаў, у тым ліку калясачнікаў. А ўвечары — платныя канцэрты. І абсалютна ўсе — аншлагавыя. З творчых уражанняў — сплаў самых разнастайных этнічных матываў у славацкіх танцах. А яшчэ — існаванне ў Францыі, Бельгіі калектываў польскага танца, дзе развучваюць, да прыкладу, мазурку. Можа, калі і з беларускімі танцамі тое ж будзе? Бо “на ўра” ішлі не толькі традыцыйныя “Бульба” ды “Лявоніха”, але і кадрылі, прэм’ерныя “Лянок”, “Дудалка”, лірычныя “Каханачка”, “Спеў дуброў”, адным словам — уся праграма, складзеная з беларускіх танцаў. Зайздрасць брала: хай бы і ў нас быў фестываль такога размаху. Бо на “Сожскі карагод” у Гомелі з’язджаюцца самадзейныя калектывы, а хочацца ж паглядзець і тое, як і куды развіваецца фальклорны напрамак у прафесіяналаў. Звычайна мы ездзім на гастролі,але падчас іх амаль не бывае прафесійных уражанняў. А ў такім буйным фестывалі мы ўдзельнічалі ўпершыню, і гэта менавіта той выпадак, калі для краіны зарабляюцца не грошы, а імідж, высокі прэстыж. Мы ганарымся гэтым!

Надзея БУНЦЭВІЧ