У адказ на “Альтэр”

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

У мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе выстаўка, удзел у якой бяруць польскі жывапісец Кшыштаф Рапса і наш зямляк Аляксей Богустаў, які таксама прадставіў работы сваіх студэнтаў з кафедры выяўленчага мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.

 

Выстаўка праводзіцца ў адказ на экспазіцыю твораў Кшыштафа Рапса і Аляксея Богустава, што прайшла ў жніўні мінулага года ў галерэі "Альтэр" польскага горада Кашалін.

К.Рапса працуе ў накірунку сучаснага еўрапейскага жывапісу, дзе галоўнымі выяўленчымі сродкамі з'яўляюцца колер і экспрэсія. А.Богустаў, прафесар кафедры выяўленчага мастацтва ГрДУ імя Янкі Купалы, прадстаўляе жывапісныя і графічныя работы, якія грунтуюцца на рэалістычнай традыцыі і прывабліваюць гледача задуменна-паэтычнымі вобразамі беларускай прыроды.

"Галоўная ідэя выстаўкі, - адзначае дырэктар мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" Дзяніс Барсукоў,- спалучэнне ў адной экспазіцыйнай прасторы работ двух мастакоў-жывапісцаў, прадстаўнікоў розных краін і мастацкіх школ, чыя творчасць радыкальна адрозніваецца".