Тры адкрыцці “Янкавага вянка”

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

“Здаецца, я не абышоў ніводнай тэмы, звязанай з Янкам Купалам. Наступны том серыі — пра Якуба Коласа” 25 550 дзён… Наколькі вялікая гэтая лічба? Напярэдадні свайго юбілею арыфметыкай заняўся знакаміты пісьменнік, старшыня Праўлення Беларускага дзіцячага фонду, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі. Ён падлічыў: 25 550 дзён — гэта акурат 70 гадоў. Са значнай вяхой жыццёвага шляху павіншаваў пісьменніка і грамадскага дзеяча Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы. “Вас паважаюць за актыўную грамадзянскую пазіцыю і шматгадовую работу на пасадзе старшыні Праўлення Беларускага дзіцячага фонду, дзякуючы якой змяніліся да лепшага лёсы многіх маленькіх грамадзян нашай краіны, — адзначаецца, у прыватнасці, у віншаванні. — Напісаныя Вамі кнігі падабаюцца юным і дарослым чытачам, таму што яны прасякнуты любоўю да роднай зямлі і яе народа, непарыўна звязаны з гераічнай гісторыяй Беларусі, вучаць шанаваць Радзіму, быць добрымі і справядлівымі”. Аляксандр Лукашэнка пажадаў юбіляру таксама невычэрпнага натхнення, творчых поспехаў, здароўя, бадзёрасці і аптымізму. ...А калі рабіўся кадр, што аздабляе артыкул, Уладзімір Сцяпанавіч падзяліўся радасцю: ягоны том пра Янку Купалу выліўся ў цэлую серыю пазнаваўчых партрэтаў класікаў. І наступнай стане кніга пра Якуба Коласа. “Таму месца здымак каля помніка Коласу — зусім не выпадковае”, — усміхнуўся пісьменнік.

/i/content/pi/cult/263/4009/13-1jpg.jpg

Уладзімір Ліпскі заўжды быў "сваім у краіне дзяцінства". Менавіта так ён назваў свой творчы вечар, які ўчора адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Паэтычнае і празаічнае, сур'ёзнае і жартоўнае, спеўнае і сцэнічнае слова гучала са сцэны вядучай канцэртнай установы краіны. І кожны з выступоўцаў дадаваў свой штрых да творчага партрэта Уладзіміра Сцяпанавіча.

А яшчэ адну грань свайго таленту пісьменнік сам прадставіў нядаўна: кнігай "Янкаў вянок: дзецям пра Янку Купалу". Ён не проста распавёў школьнікам пра народнага Песняра, "беларускай песні ўладара", але і апрабаваў жанр "займальнай біяграфіі для маленькіх" у айчыннай літаратурнай прасторы.

Пра гэта і распавёў Уладзімір Сцяпанавіч на нашых старонках.

Чырвоная кніга Акопаў

- Перш чым узяцца за пяро, я павінен быў глыбока ўсвядоміць, што Купала - наш геній. Ён, па сутнасці, стварыў не толькі айчынную літаратуру. Купала - адзін з найактыўнейшых стваральнікаў літаратурнай мовы. Мяне заўсёды, прызнаюся, здзіўляла гэта, бо чалавек, па сутнасці, нідзе не вучыўся, не прайшоў ні школы, ні студэнцкай праграмы ў поўным аб'ёме.

Ведаеце, аднойчы я праехаў той дарогай, па якой Купала вёз хаваць свайго бацьку ў вёску Корань на Лагойшчыне - гэта кіламетраў дваццаць ад той сядзібы, дзе сям'я на той час жыла. Я ехаў на машыне, а ён жа тады - возам. Уяўляю, колькі перажыў юнак за гэтую памінальную дарогу...

Я перачытаў увесь акадэмічны збор твораў Купалы, удумваючыся ў кожны верш: чаму ён яго напісаў, каму той прысвечаны, што за гэтым стаяла. У яго няма "пустых" вершаў, як часам у сучасных паэтаў. Я не толькі перачытаў усе ягоныя творы, але яшчэ і амаль усё, што пісалі пра творцу даследчыкі, краязнаўцы - усе ўспаміны пра Купалу. Праехаў і па многіх мясцінах, дзе ён бываў, асабліва па Лагойшчыне, сустракаўся з людзьмі.

Асабліва ўсхвалявалі мяне Акопы, а для Купалы гэтая вёсачка была, што для Пушкіна - Міхайлаўскае. Я нават даведаўся, якія травы і дрэвы з тых мясцін занесены ў Чырвоную кнігу.

Залаты сімвал

- На жаль, у творчай і жыццёвай біяграфіі Янкі Купалы ёсць і такія моманты, якія мала вядомыя даследчыкам. Жыццё паэта складвалася няпроста, драматычна, а ў самым канцы - трагічна. Да сёння ніхто не ведае, як жа ўсё здарылася ў той гасцініцы "Масква"... Магчыма, калі-небудь хтосьці зможа раскрыць гэтую таямніцу. Гэта яшчэ гісторыкі мусяць разгадаць.

Заўважу без залішняй сціпласці: хоць купалазнаўства ў нас развіта даволі шырока, тым не менш, і мне, здаецца, удалося нешта адкрыць. Вось, напрыклад, дакладнае імя маці Песняра. Яе звалі Бянігна, - напісана: Богуміла. Вельмі прыгожае імя.

Сярод іншага, я знайшоў азначэнне герба Луцэвічаў, а таксама - тлумачэнне, чаму нага воіна на ім размешчана на кароне. Аказваецца, гісторыя гэтага герба такая. Кароль польскі надаў гэты сімвал свайму воіну за тое, што той выратаваў яго двойчы: першы раз воін аддаў свайго каня каралю, а другім разам яны абодва былі паланёны, закаваны ў драўляныя калодкі, і воін адсёк сабе нагу, каб выратаваць свайго правадыра. Таму на версе гэтага сімвала залатая нага - як сімвал вернасці. Луцэвічы нездарма абралі сабе такі герб: ён найлепшым чынам характарызуе іхні род - няскораных, чыстых, адданых сваёй зямлі людзей.

Некранутая паліца

- Даўно чакае даследавання жыццяпіс спадарожніцы Купалы - Уладзіславы Францаўны. Пра яе, мне здаецца, можна напісаць цэлую кнігу. Яна прысвяціла яму жыццё, шмат дапамагала паэту. Нават такая дэталь: яна кожную раніцу гатавала на чалавек дзесяць - пятнаццаць абед. Хто з сённяшніх жонак будзе займацца гэтым? Да Купалы маглі зайсці, ён мог кагосьці запрасіць... Ён жа любіў гасцей. І потым, жонка Купалы працавала ў дзіцячым садку, прыводзіла дзяцей. Яна нават падрыхтавала некалькі зборнікаў для малых. Пра яе, паўтараю, магла б быць вельмі цікавая кніга, не маленькая. І яна павінна быць! У музеі паэта, дарэчы, - цэлая некранутая паліца перапіскі Купалы з жонкай!

Невядомы Навагрудак

- Урэшце, Купалу можна адкрываць і адкрываць. Ну, вось я пісаў пра Навагрудак, і даведаўся, што нейкі час Купала быў на гэтай зямлі. Я не ўнікаў у дэталі, як пісьменнік трапіў туды, але нейкі час ён усё ж там жыў і працаваў. Напісаў там два вершы: "З кірмашу" і "Пра світанне". І вось так, даследуючы, праходзіш па ўсім жыцці паэта: дзе ён напісаў верш, што яго натхніла. Яшчэ можна напісаць цэлы цыкл "Дзяцям пра Янку Купалу". Хай мая кніга будзе пачаткам у купалазнаўстве для дзяцей, для юнацтва. Занатавала Марыя АКУЛІК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Юрыя ІВАНОВА