Уладзімір Ліпскі заўжды быў "сваім у краіне дзяцінства". Менавіта так ён назваў свой творчы вечар, які ўчора адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Паэтычнае і празаічнае, сур'ёзнае і жартоўнае, спеўнае і сцэнічнае слова гучала са сцэны вядучай канцэртнай установы краіны. І кожны з выступоўцаў дадаваў свой штрых да творчага партрэта Уладзіміра Сцяпанавіча.
А яшчэ адну грань свайго таленту пісьменнік сам прадставіў нядаўна: кнігай "Янкаў вянок: дзецям пра Янку Купалу". Ён не проста распавёў школьнікам пра народнага Песняра, "беларускай песні ўладара", але і апрабаваў жанр "займальнай біяграфіі для маленькіх" у айчыннай літаратурнай прасторы.
Пра гэта і распавёў Уладзімір Сцяпанавіч на нашых старонках.
Чырвоная кніга Акопаў
- Перш чым узяцца за пяро, я павінен быў глыбока ўсвядоміць, што Купала - наш геній. Ён, па сутнасці, стварыў не толькі айчынную літаратуру. Купала - адзін з найактыўнейшых стваральнікаў літаратурнай мовы. Мяне заўсёды, прызнаюся, здзіўляла гэта, бо чалавек, па сутнасці, нідзе не вучыўся, не прайшоў ні школы, ні студэнцкай праграмы ў поўным аб'ёме.
Ведаеце, аднойчы я праехаў той дарогай, па якой Купала вёз хаваць свайго бацьку ў вёску Корань на Лагойшчыне - гэта кіламетраў дваццаць ад той сядзібы, дзе сям'я на той час жыла. Я ехаў на машыне, а ён жа тады - возам. Уяўляю, колькі перажыў юнак за гэтую памінальную дарогу...
Я перачытаў увесь акадэмічны збор твораў Купалы, удумваючыся ў кожны верш: чаму ён яго напісаў, каму той прысвечаны, што за гэтым стаяла. У яго няма "пустых" вершаў, як часам у сучасных паэтаў. Я не толькі перачытаў усе ягоныя творы, але яшчэ і амаль усё, што пісалі пра творцу даследчыкі, краязнаўцы - усе ўспаміны пра Купалу. Праехаў і па многіх мясцінах, дзе ён бываў, асабліва па Лагойшчыне, сустракаўся з людзьмі.
Асабліва ўсхвалявалі мяне Акопы, а для Купалы гэтая вёсачка была, што для Пушкіна - Міхайлаўскае. Я нават даведаўся, якія травы і дрэвы з тых мясцін занесены ў Чырвоную кнігу.
Залаты сімвал
- На жаль, у творчай і жыццёвай біяграфіі Янкі Купалы ёсць і такія моманты, якія мала вядомыя даследчыкам. Жыццё паэта складвалася няпроста, драматычна, а ў самым канцы - трагічна. Да сёння ніхто не ведае, як жа ўсё здарылася ў той гасцініцы "Масква"... Магчыма, калі-небудь хтосьці зможа раскрыць гэтую таямніцу. Гэта яшчэ гісторыкі мусяць разгадаць.
Заўважу без залішняй сціпласці: хоць купалазнаўства ў нас развіта даволі шырока, тым не менш, і мне, здаецца, удалося нешта адкрыць. Вось, напрыклад, дакладнае імя маці Песняра. Яе звалі Бянігна, - напісана: Богуміла. Вельмі прыгожае імя.
Сярод іншага, я знайшоў азначэнне герба Луцэвічаў, а таксама - тлумачэнне, чаму нага воіна на ім размешчана на кароне. Аказваецца, гісторыя гэтага герба такая. Кароль польскі надаў гэты сімвал свайму воіну за тое, што той выратаваў яго двойчы: першы раз воін аддаў свайго каня каралю, а другім разам яны абодва былі паланёны, закаваны ў драўляныя калодкі, і воін адсёк сабе нагу, каб выратаваць свайго правадыра. Таму на версе гэтага сімвала залатая нага - як сімвал вернасці. Луцэвічы нездарма абралі сабе такі герб: ён найлепшым чынам характарызуе іхні род - няскораных, чыстых, адданых сваёй зямлі людзей.
Некранутая паліца
- Даўно чакае даследавання жыццяпіс спадарожніцы Купалы - Уладзіславы Францаўны. Пра яе, мне здаецца, можна напісаць цэлую кнігу. Яна прысвяціла яму жыццё, шмат дапамагала паэту. Нават такая дэталь: яна кожную раніцу гатавала на чалавек дзесяць - пятнаццаць абед. Хто з сённяшніх жонак будзе займацца гэтым? Да Купалы маглі зайсці, ён мог кагосьці запрасіць... Ён жа любіў гасцей. І потым, жонка Купалы працавала ў дзіцячым садку, прыводзіла дзяцей. Яна нават падрыхтавала некалькі зборнікаў для малых. Пра яе, паўтараю, магла б быць вельмі цікавая кніга, не маленькая. І яна павінна быць! У музеі паэта, дарэчы, - цэлая некранутая паліца перапіскі Купалы з жонкай!
Невядомы Навагрудак
- Урэшце, Купалу можна адкрываць і адкрываць. Ну, вось я пісаў пра Навагрудак, і даведаўся, што нейкі час Купала быў на гэтай зямлі. Я не ўнікаў у дэталі, як пісьменнік трапіў туды, але нейкі час ён усё ж там жыў і працаваў. Напісаў там два вершы: "З кірмашу" і "Пра світанне". І вось так, даследуючы, праходзіш па ўсім жыцці паэта: дзе ён напісаў верш, што яго натхніла. Яшчэ можна напісаць цэлы цыкл "Дзяцям пра Янку Купалу". Хай мая кніга будзе пачаткам у купалазнаўстве для дзяцей, для юнацтва. Занатавала Марыя АКУЛІК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ
Фота Юрыя ІВАНОВА