Слуцк і Пекін Кандрата Карсаліна

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Сёння я распавяду яшчэ пра аднаго таленавітага мастака з Беларусі. Імя яго амаль што невядомае не толькі на ягонай радзіме, але і ў Расіі, дзе ён пражыў большую частку свайго жыцця. Гаворка — пра Кандрата Ільіча Карсаліна, чалавека незвычайнага лёсу, які прайшоў складаны шлях ад іканапісца-самавука да акадэміка жывапісу і тытулярнага саветніка. Аднак падрабязна прасачыць яго жыццёвую і творчую біяграфію немагчыма, бо захавалася няшмат не толькі архіўных дакументаў, але і яго твораў. І ўсё ж паспрабую сёе-тое аднавіць з таго, што ўдалося адшукаць.

/i/content/pi/cult/263/4008/15-1.jpg

Слуцк, або Што параіў прафесар?

Дык вось, Кандрат Карсалін нарадзіўся 9 сакавіка 1809 года ў Слуцку ў мяшчанскай сям’і. Ён рана захапіўся маляваннем і ўжо ў 12-гадовым узросце самавукам пачаў пісаць іконы. А праз два гады стаў памочнікам слуцкага іканапісца. У развіцці яго мастацкага таленту дапамагла яму, як ён сам прызнаваўся пазней, “капіроўка з больш мастацкіх твораў і ўласны густ”. Хлопчыка заўважыў настаўнік малявання і жывапісу мясцовай гімназіі Томаш Гес. Гэты высаказдольны чалавек быў выхаванцам Віленскай мастацкай школы, вучнем Я.Рустэма. І менавіта пад яго кіраўніцтвам малады Кандрат робіць першыя прафесійныя крокі ў засваенні жанраў карціны і партрэта. Пазней Карсалін у адказах на апытальнік Акадэміі мастацтваў пісаў: “Па партрэтным жывапісе я карыстаўся некаторымі парадамі настаўніка малявання і чыстапісання пры Слуцкай гімназіі— мастака Геса” (Цэнтральны гістарычны архіў у Пецярбургу, ф. Імператарскай Акадэміі мастацтваў, оп. 14, д. 72-К, л. 21).

Цяжка сказаць, колькі доўжыліся іхнія творчыя стасункі ў Слуцку, бо далейшыя сляды знаходжання Карсаліна выяўляюцца… у горадзе Арле. Вядома, што на арлоўскай выстаўцы 1835 года ён прадставіў некалькі партрэтаў, у тым ліку генералмаёра Прытвіца і ягонай жонкі, графіні Зотавай, генерал-маёра Карпава і афіцэраў Елізаветградскага гусарскага палка. Праз два гады, праязджаючы Арол, гэтыя партрэты пабачыў канферэнц-сакратар Акадэміі мастацтваў, прафесар Васіль Іванавіч Грыгаровіч. Адразу ж адшукаў аўтара і настойліва параіў яму неадкладна кідаць заняпалы Арол і ехаць у Пецярбург для ўдасканалення майстэрства. І Карсалін зрабіў так, як параіў прафесар.

Пецярбург, або “Цытата” Карсаліна

Новую старонку свайго жыцця пачаў з наведвання рысавальнага класа Акадэміі. Хто былі ягоныя педагогі і з кім ён вучыўся — дакладна невядома. Але, праглядаючы спіс выкладчыкаў і студэнтаў Акадэміі канца 30-х гадоў ХІХ ст., магу меркаваць, што Карсалін мог вучыцца ў Івана Аляксеевіча Іванова, Аляксея Ягоравіча Ягорава, або Сцяпана Піліпавіча Галакціёнава. Сярод ягоных аднакурснікаў маглі быць Фама Адаміні, Дзмітрый Савельеў, Рыгор Бялоў, Сяргей Антонаў, Канстанцін Куневіч, Раман Клюквін, Канстанцін Афанасьеў, Іван Рэймерс, Мікалай Рамазанаў (стваральнік пасмяротнага скульптурнага партрэта Гогаля, гарэльефаў для манферанаўскага помніка Мікалаю І у Пецярбургу, бюстаў А.Пушкіна, І.Крылова, І.Панаева). Большасць імёнаў аднакурснікаў Карсаліна ўвогуле сёння мала вядомыя (акрамя, канешне, скульптара Рамазанава), але на акадэмічнай выстаўцы 1836 года Кандрат мог сустрэцца і са студэнтамстаршакурснікам Акадэміі Іванам Айвазоўскім, і з самім Аляксандрам Пушкіным, які быў вельмі прыкметны на гэтым вернісажы.

Поспехі ў мастацтвах у Карсаліна былі настолькі відавочныя, што Вучоны савет восенню 1838 года палічыў сваім абавязкам хадайнічаць перад імператарам Мікалаем І аб дапамозе Карсаліну. Справа ў тым, што творца прадставіў Акадэміі мініяцюрны партрэт расійскага цара, “в коем чистота красок, нежность кисти и вообще отделка необыкновенная”. Вядома, што ў гэты час Карсалін многія свае партрэты “в малом виде” маляваў з натуры, вельмі добра перадаючы падабенства твараў і іхнюю вобразную выразнасць. А тут, відаць, скарыстаў замест “натуры” партрэт Мікалая І пэндзля моднага тады ў Пецярбургу нямецкага жывапісца Франца Кругера, які апошні намаляваў у 1836 годзе. Дарэчы, парадных партрэтаў гэтага мастака ў Эрмітажы шмат. Мабыць, “цытаванне” Кругера і з’явілася прычынай таго, што хадайніцтва Вучонага савета не дасягнула мэты: карсалінскі партрэт, які быў пададзены імператару, не атрымаў ніякай падтрымкі і ўзнагароды.

Акрамя ўласна партрэтаў, Карсалін працаваў і ў іншых жанрах. Так, вядомая яго акварэль 1838 года, у якой паказана народная бытавая сцэна: на беразе Балтыйскага мора ў Стрэльні хлопцы і дзяўчаты ў святочных строях гуляюць у гарэлкі. Цудоўна валодаючы малюнкам і ўменнем кампанаваць групы, Карсалін з вялікай жывасцю змог перадаць у гэтай сцэне натуральнасць рухаў і жэстаў, дынаміку гульні.

Пекін, або Навошта місіі мастак?

1839-ы стаўся для Карсаліна годам важных падзей і сур’ёзных змен у жыцці. 5 жніўня за “Аўтапартрэт” і “Мужчынскі партрэт” Савет Акадэміі прысвоіў яму званне свабоднага пазакласнага мастака партрэтнага жывапісу, а праз 10 дзён яго залічылі кандыдатам на пасаду мастака Расійскай духоўнай місіі ў Пекіне. І тут трэба расказаць чытачам пра тое, што ўяўляла з сябе гэтая місія і як, з якой мэтай яна з’явілася.

Яшчэ ў 1728 годзе Расія і Кітай заключылі між сабой так званы Кяхцінскі трактат, па якім Расія займела права ўтрымліваць у Пекіне пастаянную духоўную місію. Яе персанал, паводле гэтага пагаднення, мусіў абнаўляцца кожныя дзесяць гадоў. У функцыі місіі ўваходзіла абарона гандлёвых, эканамічных і культурных інтарэсаў Расійскай імперыі. І аж да сярэдзіны ХІХ ст. гэтая місія была адзіным афіцыйным прадстаўніцтвам замежнай дзяржавы ў Кітаі: яна ў Паднябеснай прадстаўляла не толькі Праваслаўную Царкву, але і ўсю Расію, адыграўшы значную ролю ў справе станаўлення расійскакітайскіх стасункаў. Аднак да гэтага часу расійская гістарыяграфія не мае абагульненай навуковай працы па гісторыі праваслаўнай місіі ў Кітаі, якая б асэнсавала ўсе бакі яе дзейнасці...

У склад кожнай, штораз наноў фарміраванай, місіі Акадэміяй навук уводзіліся навукоўцы — для вывучэння вялізных, часта зусім не даследаваных, тэрыторый, выдатныя спецыялісты ў галіне кітайскай мовы, а таксама мастакі, чые жывапісныя, графічныя і акварэльныя творы цудоўна дапоўнілі апісанні вучоных. У сакавіку 1825 года Міністэрства замежных спраў звярнулася да Акадэміі мастацтваў з прапановай сумесна падрыхтаваць аднаго або двух выхаванцаў Акадэміі для паездкі ў Кітай у складзе чарговай — адзінаццатай па ліку — місіі. Цягам пяці гадоў кандыдатам патрэбна было атрымліваць грунтоўныя веды ў розных навуках і пачатковыя настаўленні ў кітайскай мове, “знание коей поведет их к необходимым исследованиям о китайской живописи, о составлении красок, столь превосходных по яркости и прочности своей”. Асаблівую ўвагу трэба было скіраваць на ўменне маляваць партрэты і пейзажы з натуры, бо ў час свайго знаходжання ў Пекіне “они встретят более случаев заниматься сими родами искусства, и, что важнее, успехами в оных могут принести истинную пользу и славу своему отечеству”.

Першым мастаком, які выказаў жаданне паехаць у Кітай, быў выпускнік Акадэміі, пензенец Антон Легашоў. У складзе 11-й місіі ён і яшчэ 12 чалавек прыехалі ў Пекін вясной 1830 года. Толькі за пяць наступных гадоў Легашоў намаляваў каля 40 пагрудных партрэтаў найбольш знакамітых грамадзян Кітая, дзесяткі карцін і пейзажаў (некалькі твораў знаходзяцца ў Рускім музеі ў Пецярбургу) і шэраг ікон для Успенскай царквы ў Пекіне.

І вось прыспеў час Карсаліна. У 1840 годзе ён змяніў Легашова і прыбыў у Пекін у складзе 12-й місіі на чале з архімандрытам Палікарпам (Тугарынавым). З Карсаліным былі маладыя вучоныя І.Захараў, А.Чашкевіч, урач А.Татарынаў, прыстаў М.Любімаў і магістр Казанскага універсітэта В.Васільеў. Захаваліся нататкі Васільева, будучага выдатнага вучонага-сінолага, што распавядаюць пра тое, наколькі спакуслівая была паездка ў Пекін для яго і ягоных таварышаў, у тым ліку і для Карсаліна: “…Итак, мы внутри китайского города, да еще столичного! Видеть обыкновенные китайские города нетрудно: в них приезжают и киргиз с границ омской линии; наши кяхтинские купцы живут всего в двух шагах от китайского города; русские, плывущие по Амуру, также заезжают в китайский город Сахалиянь-улу; европейцы давно уже познакомились с приморскими городами. Но побывать в столице Китая… составляло прежде предмет зависти. Как досадовали европейцы на то, что мы, русские, одни бываем в Пекине!..”

Іркуцк, або Партрэты і мініяцюры

Аднак жа жыццё ў місіі працякала ў шматлікіх інтрыгах, сварках, даносах начальству адно на аднаго. Ахвярай паклёпаў накавана было стаць Карсаліну, якога прымусілі раней тэрміну пакінуць Пекін. Што на самой справе здарылася — невядома. Афіцыйная матывацыя: яго ад’езд быў звязаны “с болезнью, приключившеюся от вредного влияния тамошнего климата”. Такім чынам, Карсалін прабыў у Кітаі не больш за тры гады, хоць яшчэ да 21 жніўня 1846-га працягваў знаходзіцца ў распараджэнні Азіяцкага дэпартамента. Гады да вяртання ў Пецярбург ён правёў у горадзе Іркуцку (што ён там рабіў — таксама невядома).

З ліку твораў мастака, прысвечаных Кітаю, вядомая толькі адна карціна: “Від на загарадны палац пад Пекінам” (я яе бачыў у Рускім музеі). Яна была створана прыкладна ў 1859 — 1860 гадах, і потым двойчы экспанавалася на выстаўках у Акадэміі мастацтваў. Малявалася карціна па натурных замалёўках, якія Карсалін прывёз з Кітая. На палатне адлюстраваны пейзаж: лугі, горныя пашы, палі з зеленаватымі пасевамі рысу, пералескі, яры, дарогі, па якіх павольна рухаюцца запрэжаная конямі павозка, кітаянка ў белым адзенні на ішаку, побач — ідзе мужчына. А далей, у перспектыве, на схіле гары, за дрэвамі, пасвяцца коні. А яшчэ далей вымалёўваецца вычварных абрысаў палац імператарскай летняй рэзідэнцыі Багдыхана Ван Шэу-шана. Ля гарызонту, у глыбіні празрыстых далячынь, сінее панарама Пекіна. Прафесіяналізм, дакладнасць малюнка, вытанчаная лёгкасць перспектывы, чысціня і гармонія фарбаў ствараюць хвалюючую карціну прыроды, выяўляюць тонкі і паэтычны вобраз далёкай краіны.

Больш нічога з “кітайскай” спадчыны мастака да нас не дайшло, хоць ёсць сведчанне самога Карсаліна, што ў прыстава Любімава знаходзіліся яго малюнкі “мясцовых відаў і тыпаў”, зробленыя ў час транзіту праз Манголію. Дзе яны цяпер, гэтыя малюнкі, невядома, як не вядомы лёс і яшчэ аднаго вялікага панарамнага палатна — “Від горада Пекіна”. А вось карсалінская серыя мініяцюрных партрэтаў сярэдзіны 1840-х гадоў захавалася. У ёй прадстаўлена больш за 20 тытулаваных чыноўнікаў сенацкай рэвізіі, якая была накіравана ў 1842-м для расследавання абуральных злоўжыванняў генерал-губернатара Усходняй Сібіры Руперта. Карсалін маляваў партрэты не на звычайных для мініяцюрнага жывапісу пласцінках слановай косці, а на паперы і не дадаваў да акварэлі гуаш. Ён смела адышоў ад традыцыйных прыёмаў партрэтнай мініяцюры, якая патрабавала поўнай і акуратнай завершанасці ўсёй паверхні асновы. Партрэты ж Карсаліна напісаны шырока, жвава і выразна, фігуры разнастайныя ў паваротах і маштабных суадносінах з памерамі мініяцюры. Відаць, тады ж мастак намаляваў вялікі, з фігурамі ў поўны рост, групавы партрэт членаў гэтай сенацкай рэвізіі, які лічыў сваёй лепшай работай.

Зноў Пецярбург, або Нумар “1990”

А як жыў Карсалін пасля вяртання ў Пецярбург? З-за таго, што ён раней тэрміну выйшаў са складу Пекінскай місіі, пенсіі яго пазбавілі. Праўда, у 1854 годзе за партрэт обер-свяшчэнніка арміі і флоту Кутневіча яму было прысвоена званне акадэміка партрэтнага жывапісу, але гэта мала што змяніла ў яго жыцці. Перабіваўся на выпадковых уроках і заказах, сярод чаго пераважалі заказы на царкоўныя абразы.

У 1866 годзе ён стварыў цудоўную ікону Нараджэння Хрыста і ікону Уваскрэсення Хрыста, якія ўпрыгожылі царкву рускага консульства ў японскім горадзе Хакадаце. Вядомыя і іншыя яго іконы: трох свяціцеляў і Рыгора Дваяслова для Варшаўскага сабора. Але хутка з-за хваробы на вочы мастак працаваць не змог і павінен быў звярнуцца па дапамогу ў Акадэмію мастацтваў. Па хадайніцтве Г.Гагарына і акадэміка Ф.Бруні яму была выдаткавана пенсія з Дзяржаўнага казначэйства ў памеры 16 рублёў 60 капеек. А 3 ліпеня 1872 года акадэміку і тытулярнаму саветніку К.Карсаліну Акадэмія мастацтва выдала сведчанне аб службе за нумарам 1990. Гэтая дата ў рускім і беларускім мастацтвазнаўстве, дзе згадваецца імя мастака, лічыцца годам яго смерці. Існуюць звесткі, што памёр ён у Пецярбургу. Магчыма, і так.

* * *

Але выкладчык гісторыі выяўленчага мастацтва Слуцкай дзіцячай мастацкай школы Ігар Ціткоўскі гадоў 15 таму даказаў, што гэта не зусім дакладна. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь ён знайшоў некалькі дакументаў, якія абвяргаюць афіцыйна прызнаную дату смерці Карсаліна. Адзін з дакументаў згадвае імя Карсаліна як жыхара Слуцка ў справе выключэння яго з падатковага становішча. Іншы дакумент — ад 1882 года — дазваляе вызначыць “вольности”, якімі карыстаўся мастак, што ўвянчаны высокімі званнямі. Карсалін стаіць пад № 31 у “Списке гражданских и военных чиновников, состоящих в отставке, без учреждения над ними полицейского надзора, проживающих в Слуцком уезде”. Тут мастак падаецца як дамаўласнік. Трэці дакумент, магчыма, дазваляе ўдакладніць дату ягонай смерці. Хаця і гэта не факт. Дакумент звязаны з выключэннем мастака са спіса пенсіянераў грамадзянскага ведамства, хоць пра ягоную смерць у ім нічога не сказана. Удакладняецца, што тытулярны саветнік, акадэмік Імператарскай Акадэміі мастацтваў Кандрат Карсалін з 1879 па 1883 год ўключна атрымліваў пенсію: 196 рублёў штогод — па 16 рублёў 33 капейкі ў месяц.

Паўстае пытанне: дзе ён пражываў і чым займаўся з 1872 па 1879 гады? Адказу няма. Але, зыходзячы з архіўных дакументаў, адна акалічнасць — бясспрэчная: пасля 1879 года і да 1883-га ён знаходзіўся на радзіме, у Слуцку. Магчыма, незадоўга да смерці мастак з якіх-небудзь прычын вярнуўся ў Пецярбург? На такую думку мяне падштурхнуў той факт, што знаходжанне магілы Карсаліна таксама невядомае. Калі б такі шырока вядомы чалавек, як Карсалін, памёр у правінцыйным маленькім Слуцку, дык, думаю, смерць ягоная не была б пакінута па-за ўвагай, і ён быў бы пахаваны з вялікімі ўшанаваннямі. Прынамсі, месца яго пахавання так хутка не знікла б з поля грамадскага зроку. Ды і ў мясцовых газетах былі б апублікаваны адпаведныя некралогі. Але такіх у архівах і ў старых газетных падшыўках пакуль не знойдзена.

На здымках: члены Духоўнай місіі Расіі ў Пекіне (адзін з іх, як сведчаць дакументальныя крыніцы, — Карсалін); К.Карсалін. “Від на загарадны палац пад Пекінам”.

 

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"