Традыцыя — здзіўляць

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Міжнародны дзень музеяў 18 мая і акцыю “Ноч музеяў-2010”, што адбудзецца сёння, беларускія ўстановы-скарбніцы чакаюць як нагоду для эксперыментаў, калі можна звярнуцца да гледачоў з нечаканымі праектамі. Сталічныя, шэраг абласных музеяў ужо не першы год спаборнічаюць, каб прывабіць новую аўдыторыю, а раённыя спрабуюць сябе ў такіх прома-мерапрыемствах.

Сёлета дэвіз Міжнароднага дня гучыць наступным чынам: “Музеі для сацыяльнай гармоніі”. Да яе імкнуцца 149 дзяржаўных музеяў і 60 іх філіялаў, 15 прыватных устаноў. Менавіта столькі іх існуе сёння ў Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі. “Больш за 2000 музеяў з 40 краін свету адзначаюць гэтае свята, — дадала галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава. — І калі некалькі гадоў таму музеі некаторых нашых абласных цэнтраў упершыню далучаліся да гэтай справы, дык сёння ў кожным з іх і нават у некаторых раённых вырашылі падтрыхтаваць спецыяльную праграму: у межах акцыі будзе дэманстравацца адзін экспанат са сховішчаў, які раней ніколі не выстаўляўся. У Беларусі — 4 мільёны музейных экспанатаў, а наведвальнікі могуць назіраць пастаянна толькі каля 10% з іх. І на гэтым свяце мы ўпершыню ўбачым самыя каштоўныя”.

Авангард і старадаўняе

Не здзіўляйцеся вялізнай чарзе, калі падыдзеце да Нацыянальнага мастацкага. Аматараў чакаюць літаграфіі Марка Шагала і творчасць яго калег з Еўропы. На адкрыццё выстаўкі “Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарда” запрошаны, у прыватнасці, міністр культуры Беларусі Павел Латушка і міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Адбудзецца і прэзентацыя кнігі Уладзіміра Шчаснага “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. Сваю карціну “Віцебскія мроі аб Парыжы” прадставіць дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. Наведвальнікі залаў НММ займеюць таксама магчымасць папрысутнічаць на вернісажы “Мая Францыя” мастачкі Ілоны Касабука. А ўжо апоўначы прыхільнікі культуры гэтай еўрапейскай краіны змогуць назіраць тэатральна-мастацкую дзею “Французскі салон” пад гукі чароўнай музыкі.

А вось Нацыянальны гістарычны адзначае хуткае 600-годдзе Грунвальдскай бітвы спецыяльна прымеркаванай да даты выстаўкай. Палотны сучасных творцаў на гэтую тэму пабачаць сёння жыхары і госці горада. Тут святкаванне Ночы музеяў не абмяжуецца толькі заламі, але і выйдзе, як у мінулым годзе, ва ўнутраны дворык музея. Прэзентацыя лепшых мадэлей з фестывалю “Млын моды-2010”, старадаўняя музыка ў выкананні гуртоў “Хорціца”, “Эйрут”, “Тутэйшая шляхта”, інтэрактыўная праграма з удзелам гледачоў — гэта толькі пачатак свята. Дарэчы, установа святкуе Дзень музеяў адной з першых на Беларусі і мае ўжо пэўны досвед, чым прывабіць наведвальнікаў. “Разыначка” музея сёння — вялікі танцавальны марафон з майстар-класамі па старадаўніх і сучасных замежных танцах.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ладзіць свята ў Цэнтры экалагічнага турызмуСтанькавана музейных пляцоўкахСтарая мяжаіПартызанскі лагер”, што ў Дзяржынскім раёне. Тут можна паглядзець выстаўку ваеннай тэхнікі, пакаштаваць “салдацкай” кашы і паслухаць выступленні этнаграфічных калектываў. А каля будынка музея на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца канцэрт “Спяваюць хлапчукі” з удзелам дзіцячых хароў сталіцы.

Прыйсці і запомніць

Непаўторнасць — галоўны прынцып святаў музеяў у абласных цэнрах. Гомель апынецца ў атмасферы сучаснай моды. Пры падтрымцы аблвыканкама і Урада Масквы 19 мая ў цэнтральнай частцы Палаца Румянцавых і Паскевічаў адбудзецца выстаўка расійскага мадэльера Валянціна Юдашкіна “Таямніцы высокай моды”. Гамяльчане змогуць пабачыць некалькі калекцый “ад куцюр”, якія паказвалі ў Парыжы, Лондане, Маскве. Гледачы атрымаюць кансультацыі мастакоў-мадэльераў Беларусі. Аздобіць паказ шоу-праграма з удзелам артыстаў айчыннай эстрады.

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч паведамляе, што святочныя мерапрыемствы рыхтуюць Гродзенскі дзяржаўны гісторыкаархеалагічны музей і Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігій. 16 мая першая ўстанова адзначыць адразу і Дзень, і Ноч музеяў. Выступленні рыцарскіх клубаў, фаер-шоу, экскурсіі па знакамітых мясцінах Гродна, шматлікія выстаўкі, прадстаўленні, конкурсы, выступленні мясцовых калектываў пройдуць на шэрагу пляцовак горада.

Брэстчына сустрэне Дзень музеяў упершыню акурат 18 мая. “Мы хочам, каб гэты дзень людзі запомнілі як свята, — кажа загадчык сядзібы “Выратаваныя музейныя каштоўнасці”, філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Ірына Тарыма. — Наша ўстанова прапануе адпачыць ад мітуслівага рытму гарадскога жыцця і правесці спакойны душэўны вечар. Адбудзецца вернісаж нацюрмортаў “Старая сядзіба”; прыз чакае госця, які вызначыць, што за экспанат выстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі ўпершыню. Студэнты і выкладчыкі Брэсцкага музычнага каледжа аздобяць вечар музыкай у сваім выкананні”.

Ад Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея і да яго філіялаМузея этнаграфііцягам Ночы музеяў можна будзе праехаццана кані, апранутым у сярэдневечны рыштунак. Тры рыцарскія клубы горада пакажуць сваё каларытнае прадстаўленне. А “візітоўкай” тут стануць выступленні мясцовых фальклорных калектываў. Гулянні на плошчы перад Абласным мастацкім музеем імя П.Масленікава працягнуцца да 23 гадзін. Пра гэта распавёў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Ліпскі.

На Віцебшчыне свята адзначаюць ажно 6 музеяў. Галоўныя падзеі сканцэнтраваны з 18 па 21 мая ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Усе ахвотныя могуць запісацца на экскурсіі “Памятныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны на карце Полацка”. У Мастацкай галерэі адбудзецца выстаўка ваеннай фатаграфіі 1943— 1945 гадоў. А ў Дзіцячым музеі 20 мая — новая паслуга: турнір па камп’ютэрнай гульні-стратэгіі “Аперацыя “Баграціён”.

Музей і Свята горада

У ВілейцыНоч музеяў-2010” будзе адной з самых шматлюдных. Арганізаваць падзею вырашыў дырэктар краязнаўчага музея Сяргей Ганчар. Улады горада вырашылі адзначыць таксама і 550-годдзе з дня заснавання Вілейкі. Гэтыя нагоды супалі таксама з 70-годдзем Вілейскага радыё, якое далучылася да арганізацыі, а пасля ў маштабных мерапрыемствах 15 мая прымуць удзел усе работнікі культуры горада. Касцюміраванае тэатральнае шоу “Вілейка ад усходу да росквіту”, шоу байкераў, фаер-шоу, уручэнне музычнай прэміі ад мясцовага радыё, канцэрт эстрадных спеваў — такі калейдаскоп падзей чакае гараджан.

Дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба паведамляеК”, што да свята ў галерэі адкрываецца выстаўка жывапісуДарогамі памяці, дарогамі лёсу”. А найстарэйшы экспанат установы— кніга “Указы Кацярыны II”, выдадзеная ў XVIII стагоддзі, — будзе даступны для гледачоў.

У Ночы музеяў паўдзельнічае і Бабруйскі краязнаўчы музей, які будзе працаваць 14 мая да 22 гадзін. “Падарожжа ў часе” адбудзецца менавіта тут,— адзначае дырэктар установы Наталля Арцемчык. — Гледачы змогуць “пазнаёміцца” з жанчынай з племені дрыгавічоў, паназіраць за жыццём і службай салдатаў у Бабруйскай крэпасці XIX стагоддзя, пабачыць ліцвінскіх рыцараў. Жанчыны змогуць прымерыць язычніцкія ўпрыгожанні. А ў фае музея адкрыецца выстаўка з фондаў установы…”