Віцебскі фестываль пройдзе ў абноўленым амфітэатры

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная XVI Міжнароднаму фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, які пройдзе 6 — 13 ліпеня, адбылася 4 чэрвеня ў Віцебскім гарадскім цэнтры культуры. У ёй прынялі ўдзел дырэктар Віцебскага гарадскога цэнтра культуры Радзівон Бас, намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Ларыса Аленская, начальнік аддзела культуры гарвыканкама Віктар Кібісаў.

“Гэты фестываль будзе асаблівы перш за ўсё таму, што з’явіўся абноўлены амфітэатр; сёлета яму споўніцца 20 гадоў, — падкрэсліў Р.Бас. — Гэта адна з найбуйных пляцовак Еўропы, самы сучасны з усіх канцэртных залаў, якія сёння існуюць у краінах былога Савецкага Саюза. Шматтысячныя фестывалі праходзяць на стадыёнах, у нас жа — на спецыялізаванай канцэртнай пляцоўцы”.
Дах летняга амфітэатра ўяўляе сабой трывалую ажурную металічную канструкцыю даўжынёй 120 м, шырынёй 25 м з арачнымі перакрыццямі з маналітнага бетону і пакрыццём з полікарбанату (унікальнага для рэспублікі спецыяльнага матэрыялу швейцарскай вытворчасці). Глядзельная зала цяпер можа змясціць 6218 чалавек. Сцэна павялічылася на паўтара метра, пашырыліся бакавыя кулісы, з’явіліся шэсць новых пакояў для артыстаў, а таксама дадатковыя рады з камфортнымі адкіднымі крэсламі ў глядзельнай зале. Першыя рады ў другім і трэцім сектарах прыстасаваны для інвалідаў. У глядзельнай зале цяпер не будзе відаць правадоў ад тэлевізійных камер — яны ўсе схаваны.
Для забеспячэння бяспекі ўсталяваны 32 камеры відэаназірання. Набыта дададковае гукавое абсталяванне, новыя мікшэрскія пульты, новае светлавое абсталяванне: светладыёдная падсветка даху, светлавыя прыборы камп’ютэрнага кіравання, каля 270 светладыёдных свяцільняў будуць усталяваны пад аркай, якая падтрымлівае дах. Да арт-кафэ “Маэстра” Летняга амфітэатра прыбудавана банкетная зала; пасля фестывалю кафэ цяпер будзе працаваць для жыхароў горада на працягу года. Побач з Летнім амфітэатрам пабудаваны “Духаўскі круглік”— вежа Ніжняга замка Віцебска, узведзеная на падмурку XIV ст. На верхніх паверхах будынка размесціцца выстаўка, прысвечаная фестывалю. У будынку Гарадскога цэнтра культуры таксамазараз ідуць рамонтныя работы, у асноўным у зоне прэс-цэнтра.
Сёлета прадстаўнікі 32 краін прыедуць на фестываль паказаць сваё мастацтва, з іх упершыню — з Венгрыі, Балівіі. У конкурсе выканаўцаў эстраднай песні прымуць удзел 22 вакалісты з розных краін, у дзіцячым конкурсе — 22 юныя артысты з 7 да 11 гадоў.
У рамках фестывалю пройдуць Дні Беларусі, Расіі, Украіны, Дзень Саюзнай дзяржавы, Дзень Масквы. У Нацыянальным тэатры імя Я.Коласа і Культурна-дзелавым цэнтры “Віцебск” 7 і 8 ліпеня адбудуцца “Тэатральныя сустрэчы — 2007”. Вельмі шырока на фестывалі будзе прадстаўлена культура Літвы — нас чакае сустрэча з літоўскім кіно (фільм “Віленскае гета”), спектакль “Майстар-клас” Гіціса Падэгімаса, выстаўка літоўскага мастака Рымантаса Дзіхавічуса.
Як падкрэсліла Л.Аленская, выставачная праграма наогул вельмі прадстаўнічая: у фестывальныя дні адбудуцца выстаўкі Міхаіла Шамякіна, работ Ю.Пэна “Настаўнік многіх знакамітых” (з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі), расійскіх і беларускіх мастакоў — “Пантон”, керамікі Латгаліі, выстаўка-кірмаш беларускіх музычных інструментаў Беларускага Саюза музычных дзеячаў...
Як паведаміў В.Кібісаў, на фестывалі 7 — 8 ліпеня традыцыйна пройдзе свята Віцебска. Будзе працаваць Горад майстроў, на плошчах і вуліцах горада — канцэртныя пляцоўкі. У фестывальных мерапрыемствах Дзён Віцебска — а іх больш за 30 — знойдуць адлюстраванне вялікія даты, якімі азнаменаваны 2007 год, — 125-годдзе Я.Купалы і Я.Коласа і 120-годдзе М.Шагала. Як заўсёды, пройдуць конкурсы народных майстроў, дзіцячы конкурс малюнкаў. У Віцебскай абласной філармоніі актыўна вядуцца работы па ўсталяванні аргана, хутка плануецца яго ўрачыстае адкрыццё. Там жа мяркуецца правесці канцэрт “Салют Луі Армстронгу!” На фестываль будзе акрэдытавана 4500 удзельнікаў (больш чым 2000 з іх — ад віцебскіх службаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць фестывалю). 23 чэрвеня плануецца завоз апаратуры, 28-га — манціроўка і афармленне сцэны. 5 червеня віцябляне ўпершыню ўбачаць, на што здольны амфітэатр, — адбудзецца канцэрт-прэзентацыя “Добры дзень, фестываль!” з удзелам Патрысіі Каас, Валерыя Лявонцьева, Іны Афанасьевай, Пятра Ялфімава і іншых зорак.
Продаж білетаў на фестывальныя мерапрыемствы пачнецца 9 чэрвеня. Самыя дарагія каштуюць 200 тысяч бел. рублёў, самыя танныя — 5 тысяч.

Таццяна САЛАЎЁВА
Віцебск