І слухала Вена...

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Класіка еўракласа! Май — самы, бадай, “еўрабачанны” час. Учора позна ўвечары сямёра маладых акадэмічных выканаўцаў, выступіўшы ў суправаджэнні Венскага сімфанічнага аркестра на плошчы перад ратушай аўстрыйскай сталіцы, завяршылі Міжнародны конкурс маладых музыкантаў “Еўрабачанне” і, адначасова, адкрылі Венскі музычны фестываль. “Пятым” у складзе “цудоўнай сямёркі” выступіў наш Іван Карызна, за якога, зразумела, мы ўсе хварэлі цягам адборачных тураў і паўфінала. Калі гэты нумар газеты здаваўся ў друк, вынікі фіналу творчага спаборніцтва яшчэ не былі вядомыя. А ўжо праз дзесяць дзён яшчэ адна наша “еўракаманда” выступіць у паўфінале песеннага “дарослага” “Еўрабачання”.

/i/content/pi/cult/263/3999/2-4.jpg

 

"Класічнае" Еўрабачанне праходзіць раз на два гады. У параўнанні з песенным еўраспаборніцтвам, трапіць у фінал класічнага - куды больш складана, бо за плячыма павінна быць не адзіная "хітовая" песенька, а гады прафесійнай падрыхтоўкі, распачатай яшчэ з дзяцінства. На паўфінале, які адбыўся 8 - 9 мая, Ваня граў і беларускую музыку, дзівосна ўпісаную ў еўрапейскую культурную прастору. Выкананы ім цыкл Галіны Гарэлавай "Два пано Анры Маціса" не толькі ўвасабляе ў гуках знакамітыя палотны французскага імпрэсіяніста, на якіх самі фарбы заварожваюць песенна-танцавальнай рытмікай, - гэты твор быццам ператварае класічную віяланчэль у старадаўнюю беларускую басэтлю, шукаючы прыродна-архаічныя першавытокі музычнай энергетыкі. Чым не партрэт маладой Беларусі з багатай культурнай "радаслоўнай"?

Ну, а які "партрэт" атрымаецца ў нашай групы "3+2" у Нарвегіі, убачым 25 мая. У гэты вечар на сцэне стадыёна "Тэленор Арэна", што непадалёк ад Осла, пройдзе першы паўфінал, у якім выступяць прадстаўнікі нашай краіны. Іх першая рэпетыцыя на гэтай пляцоўцы - ужо ў панядзелак. Пажадаем ім поспеху!

Н.Б.