Шапэн у Нясвіжы

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Заслужаны калектыў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, Ганаровага грамадзяніна Нясвіжа, прафесара Міхаіла Фінберга 13 — 14 мая правёў ХV Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа-2010”.

 

Да 15-годдзя музычна-гістарычнага праекта Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі прымеркавана правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі "Далягляды беларускага музыказнаўства" (кіраўнік- доктар мастацтвазнаўства, прафесар В.Дадзіёмава), прэзентацыя кнігі "Музычныя скарбы беларускай зямлі", ІV Музычная асамблея (гэтым разам - харавога мастацтва) з удзелам камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі.

У гэтым годзе калектыў аркестра акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў ХV Свята мастацтваў "Музы Нясвіжа-2010" на такіх знамянальных датах, як 100-годдзе вядомага беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Пятра Падкавырава і 200-годдзе польскага кампазітара і геніяльнага піяніста Фрыдэрыка Шапэна. Прэм'ерныя канцэртныя праграмы аркестра "Майстры беларускага музычнага мастацтва. Пётр Падкавыраў" і "Нясвіж у цэнтры музычнай Еўропы: памяці Ф.Шапэна" аб'ядноўваюць значныя рэспубліканскія акцыі Міністэрства культуры краіны - "Беларусь - гэта мы!" і "Год Шапэна ў Беларусі", садзейнічаюць папулярызацыі нацыянальнай культуры ў еўрапейскім кантэксце.

Завяршылася юбілейнае свята яскравым гала-канцэртам "Спяваем разам!" з удзелам лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, артыстаў аркестра.

- 15-ы па ліку фестываль, - пацвердзіла доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава, нязменная вядучая гэтага і іншых падобных фестываляў камернай музыкі, якая, да таго ж, распрацоўвае іх навуковыя канцэпцыі, - гэта яшчэ, вядома, не юбілей, але некаторыя вынікі ўжо відавочныя. Па-першае, штогадовае правядзенне гэтага свята дало магчымасць рэканструяваць увесь шлях развіцця беларускага мастацтва ў розных яго праявах. Падругое, Нясвіж даў імпульс іншым малым гарадам Беларусі, і цяпер такія святы ладзяцца па ўсёй краіне, далучаючы да класічных вяршыняў нацыянальнай спадчыны самыя шырокія колы насельніцтва, найперш - у рэгіёнах. Гэты фестываль пацвердзіў арганічнае адзінства навукі з мастацкай практыкай. Да таго ж, у самой навуцы з'ядналіся гісторыя, тэорыя і, шырэй, культуралогія. Бо Нясвіж збірае не проста музыкаў, а саміх муз, яднаючы розныя віды мастацтваў.

Дадам, што ініцыятарам усіх гэтых ідэй, вельмі перспектыўных для далейшага ўвасаблення, стаў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з нястомным "вечным рухавіком" маэстра Фінбергам. Гэты калектыў, дарэчы, першым у нашай краіне адзначае 100-годдзе з дня нараджэння беларускага кампазітара Пятра Падкавырава. І тым самым дае магчымасць па-новаму ацаніць яго творчасць, якую часам не маглі зразумець яго сучаснікі.