Першы камень будучага храма

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Гэты тыдзень стаўся запамінальным жыхарам горада Турава дзвюма падзеямі.

/i/content/pi/cult/263/3996/2-2jpg.jpg

 

Першая з іх - знакавая для ўсёй паствы Беларускай Праваслаўнай Царквы. 11 мая, у Дзень памяці свяціцеля Кірылы Тураўскага, Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі быў урачыста закладзены камень у фундамент будучага кафедральнага сабора ў гонар свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх у горадзе Тураве.
"Мы перажываем той дабрадатны час, калі будуюцца храмы", - адзначыў Уладыка Філарэт у сваім слове да шматлікіх удзельнікаў набажэнства. На думку прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы, закладка кафедральнага сабора ў Тураве, дзе доўгі час не ўзводзіліся храмы, - гістарычнае свяшчэннадзейства, якое здзяйсняецца архіпастырамі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мітрапаліт узнёс малітву, каб яно паслужыла ўмацаванню веры ў Бога, любові да сваёй роднай зямлі і "ўмудрыла будаваць жыццё па запаветах Гасподніх".
Як распавёў "К" загадчык кансісторыі Тураўскай епархіі Васіль Чарнякоў, будаўніцтва храма ў старажытным палескім горадзе ў лістападзе мінулага года асабіста блаславіў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. На дадзены момант распрацавана ўся праектна-каштарысная дакументацыя, завяршаюцца падрыхтоўчыя работы на месцы будучай культавай пабудовы. Аднакупальны храм будзе пабудаваны ў візантыйскім стылі і распісаны па фасадзе ў нішах сабора.
Другая навіна, безумоўна, парадуе як жыхароў Турава, так і ўсяго Палесся. Сёння, 15 мая, пачне дзейнічаць водны маршрут па Прыпяці паміж Туравам і Мазыром. У шлях выправіцца цеплаход на падводных крылах "Палессе-05" умяшчальнасцю да 50 пасажыраў.
Гэты маршрут не дзейнічаў цягам больш чым дваццаць гадоў. Рачныя вандроўкі, як спадзяецца кіраўніцтва Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства водных шляхоў "Ніжне-Прыпяцкае", могуць зацікавіць турыстаў, і, магчыма, ужо летам перавозка пасажыраў будзе ўзноўлена ад Мазыра і Турава да Століна і Пінска Брэсцкай вобласці.
Фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА, БелТА