Пад “Покрывам міру”

№ 20 (940) 15.05.2010 - 21.05.2010 г

Першы сакратар Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Херарда Эстрада Марцінес, наведаўшы 11 мая Гродна, выказаў зацікаўленасць на сустрэчы з мэрам абласнога цэнтра Барысам Казелкавым ва ўдзеле венесуэльскай дэлегацыі ў VIIІ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур.

 

Ён прапанаваў правесці ў Гродне Дні культуры Венесуэлы і іншых лацінаамерыканскіх краін у рамках святкавання 200-годдзя абвяшчэння незалежнасці Венесуэлы. У сталіцы фестывалю будуць ладзіцца мастацкія выстаўкі, канцэрты венесуэльскіх калектываў, мерапрыемствы ў сферы адукацыі...

А Гродна, між тым, рыхтуецца да VIIІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Як распавяла "К" дырэктар Гродзенскага гарадскога метадычнага цэнтра народнай творчасці Валянціна Цыганец, доўжыцца рэалізацыя праекта "Покрыў міру", пра які наша газета пісала ўжо. Нагадаем, што гэтая задума - новая фестывальная "фішка": сімвалічнае палотнішча сшываецца з кавалкаў-"блокаў", што дасылаюцца ў Гродна з усёй Беларусі. Валянціна Цыганец паведамляе, што пры ГМЦНТ створана рабочая група, якая апрацоўвае і сшывае "блокі" ў адно цэлае. Гатова ўжо 20 квадратных метраў.

На палотнішчы - адлюстраванні фестывальнай атрыбутыкі: сяміколер, выява дзяўчыны-гараднічанкі, бясконцая мазаіка з аўтарскіх твораў (вышыўка, вязанне, ткацтва...), дасланых з Мінска, Віцебска, Магілёва, Стоўбцаў, Паставаў, Навагрудка, Слоніма, Мастоў. Гараджане ўжо назвалі гэтае палотнішча "кавалкам мірнай Радзімы". "Покрыў міру" (тэрмін дасылання ягоных фрагментаў прадоўжаны да 20 мая) пранясуць па гродзенскіх вуліцах пад час адкрыцця VIIІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

А.С.