Усе чакалі, калі ўсталюецца цішыня…

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Памятаю, як мая маці, былая салістка Беларускай оперы Дора Захараўна Кроз (сёлета ёй споўнілася б 100 гадоў), з болем усклікала: “Як хутка ўсё мінула! Засталіся адно ўспаміны”. Але ж вельмі добра, калі ёсць што ўспомніць. Ды ўспаміны пра вайну былі пафарбаваны для маёй маці не толькі ў драматычна-трагічныя тоны. У яе было шмат выступленняў перад вайскоўцамі, было каханне, што таксама асвятляла шлях да Перамогі.

 

/i/content/pi/cult/261/3991/13-1.jpgМаці ўзгадвала, як яны з маім бацькам, былым дырыжорам Беларускага опернага тэатра Навумам Сямёнавічам Балазоўскім, загадзя планавалі, як будуць адпачываць летам 1941-га. Сваю жонку Дору Захараўну Навум Сямёнавіч адправіў у Сочы, у санаторый "Беларусь". А са мной, тады зусім маленькай, і домработніцай Марыяй Кандрацьеўнай Маскаленка паехаў на дачу пад Мінскам. Тэрмін адпачынку ў санаторыі заканчваўся, маці ўжо паклапацілася пра білет да роднага горада, тым больш, што хутка ў Мінск павінна была прыехаць сястра мужа Вера Балазоўская. Але пачалася вайна... Вера Балазоўская так і не змагла даехаць да Мінска: загінула ў Магілёве. Навум Сямёнавіч разам са мной і Марыяй Кандрацьеўнай прыехаў дадому. Але Мінск захапілі фашысты. Дора Захараўна, не трапіўшы ў Беларусь, была вымушана вярнуцца ў Расію. Засталася зусім адна, без даху над галавой. Незнаёмыя ёй людзі падзяліліся вопраткай, прытулілі. Яна, вядома, шукала сваіх калег з Беларускага опернага тэатра. Артысты, нарэшце, сустрэліся. Беларускі оперны тэатр пачаў працаваць у горадзе Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад). Спачатку оперныя і балетныя спектаклі праходзілі пад акампанемент раяля. У ролі "аркестра" бліскуча выступаў таленавіты піяніст Сямён Львовіч Талкачоў.

Па ўспамінах маці і ўсіх, хто яго ведаў, яму ўдавалася перадаць на фартэпіяна не толькі ўсю моц аркестравай фактуры, але і тэмбравыя фарбы асобных інструментаў. Артысты нярэдка выязджалі з канцэртамі на фронт. Разам з Дорай Кроз у адной канцэртнай брыгадзе выступалі спевакі Вера Малькова, Ісідар Балоцін, Ларыса Александроўская, згаданы ўжо піяніст Сямён Талкачоў, артысты балета Юлія Хіраска, Тамара Узунава, Сямён Дрэчын (дарэчы, нядаўна споўнілася 95 гадоў з дня яго нараджэння), Аляксандра Нікалаева. Часта Кроз выступала ў суправаджэнні дуэта цымбалістаў - Станіслава Навіцкага і Ханона Шмелькіна, выконвала рускія, беларускія народныя песні, арыі з опер. У маёй маці захаваўся здымак таго часу, на якім мы бачым выступленне гэтага трыо. Часам з артыстамі тэатра оперы і балета выступалі таленавітыя прадстаўнікі размоўнага жанру - той жа Мікалай Шышкін, вядомы ў пасляваенны час. Выступаць даводзілася не толькі на фронце, але і перад параненымі байцамі ў шпіталях. Нярэдка непадалёк ад імправізаванай сцэны грымелі выстралы, выбухі.

/i/content/pi/cult/261/3991/13-2.jpgТады канцэрт часова спыняўся, і ўсе чакалі, калі ўсталюецца цішыня. Для вайскоўцаў тыя канцэрты былі лепшымі лекамі, неслі ўспаміны пра родны дом, сям'ю, родных, блізкіх, каханых. На адным са здымкаў - артысты сядзяць на падводах, у першым радзе - Дора Кроз, Рыта Млодак: яны ехалі з канцэртам да партызанаў... Так, у 1942 годзе Дора Кроз выступала перад часцямі дзеючай арміі Заходняга фронту. За ўдзел у складзе канцэртных брыгад, што выступалі і за лініяй фронту, была ўзнагароджана медалямі "За перамогу над Германіяй". Яшчэ ішла вайна, а ў глыбокім тыле артысты Беларускага тэатра оперы і балета рыхтавалі прэм'еру оперы Яўгена Цікоцкага пра беларускіх партызанаў - "Алеся" (ці, у далейшых рэдакцыях, "Дзяўчына з Палесся"). Адну з галоўных партый - Марфачкі - развучвала Дора Кроз. І выканала яе адразу пасля вызвалення Мінска ад фашысцкіх захопнікаў. Прэм'ера "Алесі" адбылася ў снежні 1944-га, у ацалелым памяшканні Акруговага Дома афіцэраў. У вобразе Марфачкі, як сцвярджалі відавочцы, артыстка праявіла свае лепшыя якасці - лірычнасць, жаноцкасць, прывабнасць. У хатнім архіве спявачкі захаваўся здымак: у расійскім горадзе Горкім Кроз выконвае арыю Марфачкі з оперы "Алеся", а за раялем - сам аўтар, кампазітар Яўген Цікоцкі. У Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь ёсць вялікі здымак усіх удзельнікаў першага спектакля оперы Я.Цікоцкага "Алеся".

Сярод выканаўцаў можна ўбачыць артыстку Дору Кроз. Мой бацька, Навум Сямёнавіч Балазоўскі, трагічна загінуў у Мінску ў самым пачатку вайны. Доры Захараўне на той час было крыху больш за трыццаць. Пра тое, што Донечка (так пяшчотна называлі яе калегі) аўдавела, даведаліся ў калектыве тэатра і шчыра спачувалі ёй. Абаяльнасць, ветлівасць маёй маці прываблівала многіх. У гэты трагічны час яна пазнаёмілася з журналістам, пісьменнікам Міхаілам Чавускім, які пазней стаў яе другім мужам. Упершыню яны сустрэліся ў беларускім горадзе Нова-Беліца, дзе яна выступала ў клубе: выконвала рамансы Рыгора Пукста ў суправаджэнні цымбалаў. З таго часу і да канчатковага вызвалення Беларусі працягвалася іх трапяткая, захапляючая перапіска. Міхаіл Маркавіч паведамляе пра тое, што ў акупіраваным фашыстамі Мінску, у гета, загінулі яго жонка і двое сыноў. Але ён намагаецца не паддавацца самоце, застаецца бадзёрым і нават узнімае настрой сваёй сяброўцы: "Усё, што я цяпер раблю, усе мае думкі звязаны з табой. Усё маё сённяшняе і будучае - гэта ты. Ніколі нікому не гаварыў такіх слоў. Мілая мая Донечка! Я вельмі рады за цябе. Ужо той факт, што ты выконваеш такія адказныя і, на мой погляд, вельмі складаныя партыі, як Віялета ў "Травіяце", "Джыльда" ў "Рыгалета" Дж.Вердзі, Разіна ў "Севільскім цырульніку" Дж.Расіні, гаворыць шмат аб чым". А яна паведамляе, што знешне яе жыццё ідзе па-ранейшаму, расказвае пра свае выступленні ў шпіталі для раненых, дзе канцэрт прайшоў з вялікім эмацыйным уздымам.

/i/content/pi/cult/261/3991/13-3.jpg Ліст у адказ - такі ж трапяткі, усхваляваны. Чавускі з радасцю піша, што атрымаў такі цудоўны, поўны шчырасці і цеплыні аркуш і шкадуе, што ў іх так мала "пісьмовых сустрэч". У кожнай фразе ліставанняў - быццам крокі насустрач адно аднаму: "Дарагі мой, мілы, пяшчотны сябра! Я хачу, каб ты ведала, што для майго вуха, для майго сэрца, калі хочаш ведаць - для майго сумлення слова "мама", увесь змест гэтага слова гучыць як самае дарагое, як нешта ўзвышанае і неймаверна каштоўнае, што складае сутнасць", - піша ён. І дадае, што не меў бы права паважаць сябе, калі пакахаў бы жанчыну, якая магла б забыцца на плод свайго сэрца, свайго кахання - дзіця. Мая маці расчуліла яго сваім аповедам пра чарнавокую дачушку. А вось яму гаварыць пра сваіх сыноў было вельмі цяжка...

 Як чалавек творчы ён вельмі задаволены, што яго сяброўка захапляецца сваёй прафесіяй - сапраўдная артыстка з найвышэйшымі вакальнымі здольнасцямі. Наогул, абое яны ў той нялёгкі для сваёй краіны час займаліся сваёй прафесіяй: яна выступала перад вайскоўцамі, ён быў галоўным рэдактарам выдання "Раздавім фашысцкую гадзіну!" - папярэдніка сатырычна-гумарыстычнага часопіса "Вожык" (рэдактарам гэтага выдання Міхаіл Чавускі быў у пасляваенны час). Дора і Міхаіл пражылі разам сорак гадоў. Міхаіл Маркавіч большасць свайго жыцця правёў за пісьмовым сталом. Жаноцкая, мяккая, стрыманая Дора Захараўна пастаралася стварыць яму дома самыя спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы. Памёр М.Чавускі ў 1984-м, трохі не дажыўшы да свайго 80-годдзя. Дора Захараўна перажыла яго на трынаццаць гадоў. Апошнія яе словы былі звернуты да мяне: "Я люблю цябе!". Маці дзякавала мяне за тое, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, жахі гета (я цудам пазбегла душагубкі), я ўсё-такі выжыла...

Вера КРОЗ