“Медаль “За адвагу” — за вызваленне Мінска

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Васілю Антонавічу Буславу — 87 гадоў. Ён на Магілёўшчыне пад час вайны партызаніў. Пасля стаў настаўнікам гісторыі, пазнаёміўся з калегай — настаўніцай беларускай мовы Валянцінай Іванаўнай, пабраўся з ёю шлюбам. Так і жывуць у шчасці, час ад часу наведваюць клуб “Бадзёрасць”, што дзейнічае пры Кіраўскім РДК: ён — няблага грае на баяне, яна — цудоўна спявае. Але на Вялікую Айчынную Васіль Антонавіч не забываецца:

 

/i/content/pi/cult/261/3990/11-1.jpg- Сам я з Бабруйскага раёна... Вайна пачалася. Неўзабаве фашысты Бабруйск акупіравалі. Жыў пад акупацыяй. Але ж камсамольцам быў. Білет схаваў, пачаў нашых палонных, што лес валілі, падкормліваць, а потым з партызанамі кантакты знайшоў. Палонных пасля ўцёкаў у партызанскі атрад перапраўляў. А калі за мной фашысты пачалі цікаваць, і сам у лес пайшоў... У 1943 годзе гэта было... Атрад партызанскі прыналежаў 247-у асобнаму палку, што дыслацыраваўся на тэрыторыі Клічаўскага раёна. Там цяпер - комплекс мемарыяльны, турыстаў возяць... Фашыстаў забіваў - цяжка падлічыць, колькі, бо быў камандзірам мінамётнага адзялення, надаралася і падрыўніком ваяваць на чыгунцы... Усялякае было. Аднойчы ўзімку далі заданне перадаць у Панюшкавічы, дзе Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся, важныя даныя. Пайшоў. Пісталет пад ватоўкай, аўтамат не ўзяў... І раптам у лесе - фашыст на кані. А снег вялікі, збочыць - ніяк. Я хутчэй лозак наламаў: маўляў, па сялянскай справе ў лесе, а ў самога валасы пад шапкай дыбарам. Я яму "Гутэн таг" і ён мне гэтае ж у адказ- так і размінуліся. А медаль "За адвагу" я атрымаў за вызваленне Мінска, за жорсткія вулічныя баі ў 1944-м. Потым на Маладзечна пайшлі, Гродна вызвалялі, ваявалі ў Польшчы. Там мяне і параніла...

На здымку: Васіль Антонавіч і Валянціна Іванаўна Буславы.