“Гармата на пастаменце — мая”

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г

Іван Аляксандравіч Корзун пасля вайны шмат гадоў працаваў у сферы культуры Кіраўскага раёна: быў кінамеханікам, узначальваў мясцовы кінатэатр. Ён і цяпер часты госць у аддзеле культуры райвыканкама: выступае перад моладдзю, дзеліцца культасветным досведам… А згадаў Іван Аляксандравіч пра вайну вось што.

 

/i/content/pi/cult/261/3989/11-2.jpg- На фронт з Кіраўска трапіў у 17 гадоў. Спачатку ў Кіраве на артылерыста вучыўся. З Кіраўска - у Кіраў, бывае ж такое... Быў камандзірам гарматы, гэткай жа, якая ў Кіраўску на пастаменце стаіць. Мая гармата... Ваяваў на 1-м Беларускім, у Ракасоўскага, у Польшчы. Баі ў 1944-м былі жорсткія. Аднойчы на нас 15 "тыграў" выскачыла - давялося без прыцэльвання, прамой наводкай біць. Прарвацца не далі, бо гармата вельмі добрая. Асабіста мой разлік тры танкі са строю вывеў... Страшна было напачатку, потым уцягнуўся. Дый сябры падтрымлівалі: узбекі, кіргізы, казахі, якуты... Усіх вайна паяднала. У адным з баёў такая мясарубка была - жах: мяне лёгка параніла, а таварышу руку адарвала... А потым - Японія. Раптоўна знялі нас і- на Квантунскую дывізію, на смяротнікаў. Але і з імі справіліся... Вярнуўся з фронту ў Кіраўск - у культуры пачаў працаваць, нават і не адпачыў пасля вайны. Так 36 гадоў і адпрацаваў.

На здымку: Іван Аляксандравіч Корзун.