Беларусь святочная

№ 19 (939) 08.05.2010 - 14.05.2010 г


 

/i/content/pi/cult/261/3985/6-11.jpg
/i/content/pi/cult/261/3985/6-22.jpg
/i/content/pi/cult/261/3985/6-33.jpg
/i/content/pi/cult/261/3985/6-55.jpg
/i/content/pi/cult/261/3985/6-66.jpg
/i/content/pi/cult/261/3985/6-77.jpg
Брэстчына.

Натуральна, асноўны святочны аб'ект абласнога цэнтра - Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць - герой". Як паведаміў "К" начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк, на Плошчы цырыманіялаў збярэцца 9 мая 10 - 15 тысяч чалавек - жыхароў горада, вобласці, замежных гасцей. Тут пройдзе мітынг, адбудзецца канцэрт з удзелам лепшых самадзейных калектываў Брэстчыны. Святочны канцэрт запланаваны і ля Паўночных варот Брэсцкай крэпасці. Мітынгі, парады, шэсці, тэатралізацыі і канцэрты пройдуць гэтымі днямі ў кожным раённым цэнтры вобласці, у кожнай сельскай установе.

Віцебшчына.

 Сёння адбудзецца ўрачыстае адкрыццё плошчы Перамогі пасля рэканструкцыі. Тут будзе запалены Вечны агонь, а парк, што месціцца побач, стане называцца паркам Перамогі. Удзел у святочных мерапрыемствах прыме старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Пра гэта паведаміла "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры вобласці Ларыса Аленская. Акрамя гэтага, у парку адкрыецца Алея Славы, якая прадэманструе жыхарам і гасцям горада тэхніку і зброю часінаў Вялікай Айчыннай. Створана Алея Славы пры падтрымцы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. На плошчы Перамогі 8 і 9 мая пройдуць святочныя канцэрты з удзелам мясцовых выканаўцаў. Адбудуцца шэсці, мітынгі, ускладанне кветак і вянкоў да Мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызанаў і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Варта дадаць, што плошча набыла новы выгляд крыху больш чым за год. Рэканструкцыя, якая распачалася вясной 2009-га, уключыла перапланіроўку зоны адпачынку, рэстаўрацыю мемарыяла і ўзбярэжжа Заходняй Дзвіны.

Гомельшчына.

Як паведамляе "К" дырэктар Гомельскага АЦНТ Мікалай Шамшэня, напярэдадні свята ветэраны Вялікай Айчыннай прынялі ўдзел у аўтапрабегу і наведалі пры гэтым вайсковыя пахаванні ды брацкія могілкі. Заўтра, 9 мая, урачыстасці ў Гомелі распачнуцца шэсцем грамадскасці. На плошчы Перамогі пройдзе тэатралізацыя з нагоды Вялікай Перамогі. Адбудзецца гала-канцэрт пераможцаў агляду-конкурсу аматарскіх калектываў "Музыка Перамогі". Святочную праграму завершаць лепшыя самадзейныя ансамблі і салісты Чыгуначнага раёна. А на плошчы Леніна зранку запланаваны мітынг, прымеркаваны да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Будзе ладзіцца канцэрт пераможцаў гарадскога фестывалю "Песні юнацтва нашых бацькоў". Музей вайсковай славы прапануе канцэрт аўтарскай песні "Мы жывём, каб помніць". Увечары на цэнтральным стадыёне будзе прадэманстравана піратэхнічная феерыя. Гэткім жа насычаным стане Дзень Перамогі і ў раёнах Гомельшчыны. У гарпасёлку Церахоўка Добрушскага раёна запланаваны масавыя гулянні, тэатралізаваная дзея будзе ладзіцца ў Ельску. Адкрыецца помнік на брацкім пахаванні ў вёсцы Уборак Лоеўскага раёна...

Гродзеншчына.

Больш за 300 мерапрыемстваў, па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргея Маціевіча, адбудзецца ў рэгіёнах Гродзеншчыны. У музеях запланаваны тэматычныя выстаўкі, бібліятэкі правядуць сустрэчы з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. У Гродне сёння ладзяцца святы мікрараёнаў. Натуральна, галоўныя іх героі - людзі, што на фронце і ў тыле здабывалі Перамогу. На Нёмане і Аўгустоўскім канале пройдзе веснавое першынство па веславанні. Заўтра ветэраны зранку збяруцца на Савецкай плошчы абласнога цэнтра. Пад духавы аркестр і на вайсковым транспарце яны рушаць праз "жывы калідор" да плошчы Леніна. Пасля мітынгу запланаваны парад Гродзенскага гарнізона. Славу пераможцаў ушануюць пяць духавых аркестраў. Канцэртныя праграмы будуць доўжыцца да ночы.

Магілёўшчына.

 Мемарыяльны комплекс "Буйнічы" сабраў 7 мая не толькі жыхароў абласнога цэнтра, але і шматлікіх гасцей з Беларусі. Тут, па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Святланы Казловай, прайшоў мітынг-рэквіем. Палац культуры вобласці прадставіў канцэрт "Салют, Перамога!". У Дзень Перамогі ў абласным цэнтры адбудзецца шэсце ветэранаў і ўскладанне кветак да Вечнага агню на Савецкай плошчы. А ў Пячэрскім лесапарку запланаваны гала-канцэрт Тэатра песні Ірыны Дарафеевай. Ва ўсіх святочных мерапрыемствах вобласці будзе занята каля трох тысяч самадзейных і прафесійных творчых калектываў.

 Міншчына.

 Як распавяла "К" галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Галіна Ляйко, у Маладзечне 8 мая адбудзецца абласное свята Перамогі "Паклонімся вялікім тым гадам". У мерапрыемстве мяркуецца задзейнічаць прыкладна 1350 самадзейных артыстаў з усіх рэгіёнаў Міншчыны, 23 духавыя аркестры і 6 народных хораў ветэранаў вайны і працы. Найбольш актыўныя ўдзельнікі- са Слуцка, Салігорска, Клецка і Маладзечна. А 9 мая а 15-й на Кургане Славы распачнецца яшчэ адно знакавае мерапрыемства, прысвечанае Дню Перамогі: будзе адкрыта Алея і мемарыяльны знак "Героям Міншчыны". Запланаваны ўдзел прыкладна 1000 артыстаў. Будуць дзейнічаць тэатралізаваныя пляцоўкі і палявая кухня.

Мінск.

Адна з яскравых падзей у феерверку сталічных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 65-годдзя Вялікай Перамогі, - адкрыццё экспазіцыі твораў Героя Беларусі, народнага мастака СССР і Беларусі, Ганаровага грамадзяніна Мінска Міхаіла Савіцкага. Падзея адбудзецца 8 мая. Начальнік упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Уладзімір Карачэўскі паведаміў "К", што экспазіцыя размесціцца ў адным з рэканструяваных дамоў Старога горада па вуліцы Рэвалюцыйнай. Менавіта тут праз час адкрыецца Музей гісторыі Мінска. Побач, у межах Старога горада, з'явіцца неўзабаве і галерэя Міхаіла Савіцкага.