Ксілафон… са снарадаў

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

“Пераможцы — сыходзяць, а Перамога — застаецца”... Гэта радок з песні, напісанай нашым земляком — паэтам і кампазітарам Васілём Байзіным. Менавіта гэтая Памяць і аб’яднала больш за 30 гадоў таму групу энтузіястаў пад кіраўніцтвам Гаўрылы Пятровіча Чудакова— вялікага аматара песні.

 

/i/content/pi/cult/260/3965/12-3.jpgРэпетыцыі ладзіліся ў ГДК, музычнай школе, Доме піянераў, а выступаў хор на прадпрыемствах, у школах Рэчыцы. У 1985 годзе ў калектыве было 20 выканаўцаў, большасць - удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Мастацкім кіраўніком стала Тамара Данілаўна Дубавец. Праз два гады хор узначаліў Адам Радчанка. У 1989-м калектыў атрымаў званне "народны", пабываў з канцэртамі ў Мінску, Гомелі, Светлагорску, Хойніках, Брагіне... З 2000-га хорам зноў кіруе Тамара Дубавец. Не магу не згадаць вакалістаў. Адна з першых - Любоў Міхайлаўна Няхай, сувязная партызанскага атрада на Магілёўшчыне. Ад Сталінграда да Берліна дайшла медсястра Надзея Кліменцьеўна Кавалеўская... Спевы заўжды і паўсюль суправаджалі нашых харыстаў. З успамінаў Генадзя Ясенкі: "Нашаму арудыйнаму разліку пры перадыслакацыі давялося капаць сховішча для гармат і снарадаў. Апрача гэтага, зрабілі вялікую зямлянку, дзе ўладкавалі... канцэртную сцэну.

 Радавы Цімафей Беразняк з дапамогай нажа і сякеры змайстраваў мандаліну, а са снарадных каўпачкоў - ксілафон. У вольны ад баявых дзяжурстваў час мы ладзілі канцэрты. Поспех быў ашаламляльны..." Сёння ў хор прыходзяць таленавітыя выканаўцы. Яны, як і іхнія папярэднікі, на першае месца ставяць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, рэгулярна наведваюць з канцэртамі клубы, фермы, прадпрыемствы горада і раёна. Хор - удзельнік усіх дзесяці рэспубліканскіх фестываляў "Не старэюць душой ветэраны", неаднаразова станавіўся іх лаўрэатам. Нам вельмі прыемна, што нашаму калектыву - народнаму хору ветэранаў вайны і працы Рэчыцкага гарадскога палаца культуры - даручана права прадстаўляць Гомельшчыну на заключным канцэрце дзесятага па ліку фестывалю напярэдадні Дня Перамогі.

 Валянціна ЖАЎЦІЛАВА, старшыня Савета народнага хору ветэранаў вайны і працы Рэчыцкага ГПК На здымку: хор на Плошчы Перамогі ў Мінску.