Першы выезд аўтаклуба

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла ў галіне культуры запатрабавала новыя тыпы клубных устаноў. У Столінскім раёне з’явіліся сельскія цэнтры культуры і адпачынку ў Альшанах і Рамлі, сельскія дамы фальклору ў Адвержычах і Талмачаве, Цэнтр ганчарства ў Гарадной і Дом народнай творчасці ў Фядорах. Сёлета да іх далучыўся аўтаклуб.

 

/i/content/pi/cult/260/3964/12-4.jpgУ красавіку ён зрабіў першы выезд. Маршрут пралёг у Кароцічы, дзе няма стацыянарнай установы культуры. У дарогу выправіліся народны фальклорны калектыў "Журавушка" Адвержыцкага дома фальклору, дырэктар Манькавіцкага СДК Алена Ражко і мастацкі кіраўнік гэтай установы Уладзімір Антановіч. Паслухаць артыстаў сабраліся і дзеці, і людзі сталага веку. Народныя песні, прыпеўкі, байкі- усе нумары канцэртнай праграмы ўспрымаліся вяскоўцамі "на ўра". Надзвычай эмацыцянальныя гледачы пад мелодыі вальса і полькі пайшлі ў скокі. - Культурнае абслугоўванне населеных пунктаў, дзе няма клубных устаноў,- адна з нашых асноўных задач,- кажа загадчык аўтаклуба Ганна Шушко, нядаўняя выпускніца Пінскага вучылішча мастацтваў, а цяпер студэнтка Універсітэта культуры і мастацтваў.- А яшчэ - зберажэнне і развіццё здабыткаў культуры раёна, удасканаленне аматарскай творчасці і падтрымка талентаў. Плануецца, што аўтаклуб будзе выязджаць у маланаселеныя вёскі раёна штотыднёва.

 Галіна ГАШЧУК На здымку: аўтаклуб наведаў Кароцічы.