“У імя міру, спакою і дабрабыту ў нашай Айчыне”

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Шэраг урачыстасцей з нагоды 75-годдзя Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта адбыўся красавіцкімі днямі ў Мінску. Сярод іх асабліва адметныя — пасяджэнне Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адкрыццё выстаўкі “Святыя заступнікі ў праваслаўным іканапісе XVI — XIX стст.”, урачыстасці ў зале Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны. Гэтымі ж днямі мінчане змаглі пакланіцца святыні беларускай зямлі— Крыжу прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які з нагоды юбілейнай даты Уладыкі Філарэта быў дастаўлены з Полацка ў сталіцу.

 

/i/content/pi/cult/260/3961/15-1.jpgКарані і служэнне

24 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі распачала працу выстаўка "Святыя заступнікі ў праваслаўным іканапісе XVI - XIX стст.". На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прагучалі цёплыя словы віншаванняў на адрас Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

Сярод тых, хто віншаваў Уладыку Філарэта ў гэты дзень, быў і міністр культуры краіны Павел Латушка. У сваім выступленні ён, у прыватнасці, зазначыў: "Дзякуючы Вам наша душа - чыстая і празрыстая, як імя нашай краіны, Беларусі". На ўрачыстасцях у музеі міністр культуры падарыў прадстаяцелю Беларускай Праваслаўнай Царквы карціну пэндзля Леаніда Дударэнкі. На выстаўцы, прымеркаванай да 75годдзя з дня нараджэння Уладыкі Філарэта, прадстаўлены іконы з выявамі святых Мікалая Цудатворца і Іаана Златавуста са збораў Яраслаўскага мастацкага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. "Тут і зараз я яднаюся з зямлёй сваіх продкаў. У маёй малітве яраслаўская зямля, зямля маіх каранёў, злучаецца з маскоўскай зямлёй, зямлёй майго нараджэння, і з беларускай зямлёй - зямлёй майго служэння", - зазначыў, выступаючы перад прысутнымі, Мітрапаліт. Мала хто ведае, што прадзед Уладыкі Філарэта Іван Вахрамееў на пасадзе кіраўніка Яраслаўля спрыяў пашырэнню калекцыі музея ў гэтым волжскім горадзе. У экспазіцыю ўвайшоў і невялікі па памерах абраз "Абраныя святыя". Калісьці перад гэтай іконай, што захоўвалася ў царкве насупраць дома Вахрамеевых, маліліся продкі Мітрапаліта. Унікальнасць святыні і ў тым, што абраз утрымлівае часцінкі мошчаў святых Васіля і Канстанціна- князёў Яраслаўскіх.

/i/content/pi/cult/260/3961/15-2.jpg Дарэчы, сёлетняя выстаўка стала ўжо трэцім па ліку сумесным з расійскімі калегамі праектам. Прычым яраслаўскія іконы былі адрэстаўраваны непасрэдна да гэтага паказу. Адным з найстаражытнейшых у экспазіцыі з'яўляецца абраз свяціцеля Мікалая, з 14 сюжэтамі яго жыція, датаваны сярэдзінай XVI ст. Падобны малюнак свяціцеля ў поўны рост, з Евангеллем у правай руцэ, узыходзіць да цудатворнай іконы Міколы Зарайскага, прынесенай, паводле падання, у Разань у 1225 годзе з Корсуні. Вялікую цікавасць уяўляюць і абразы XVI - XIX стст. святога Мікалая з жыційнымі сюжэтамі. У межах праекта прадстаўлены вобраз Іаана Златавуста ў некалькіх варыяцыях. Найбольш адметная - ікона, дзе святы паказаны ў поўны рост. На ёй адлюстраваны сюжэты нараджэння і перанясення яго мошчаў. Як адзначыла ў гутарцы з нашым карэспандэнтам загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва НММ Алена Карпенка, якая правяла экскурсію для Уладыкі Філарэта і ўдзельнікаў урачыстага адкрыцця выстаўкі, акрамя ікон з Расіі прадстаўлены і два абразы Мікалая Цудатворца беларускай іканапіснай школы XVIІІ ст. Упершыню ў Нацыянальным мастацкім музеі дэманструецца ікона "Прарокі Ісайя і Іерэмія" 30-х гадоў XVIII стагоддзя з Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра, што была перададзена ў збор установы пры актыўным садзейнічанні Мітрапаліта.

/i/content/pi/cult/260/3961/15-3.jpg На сцэне Вялікага

Урачыстасці з нагоды 75-годдзя прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы завяршыліся 25 красавіка ўрачыстым вечарам у Вялікай зале Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны.

Зала тэатра сабрала прадстаўнікоў дзяржаўнай улады краіны і духавенства, дыпламатычнага корпуса і творчай інтэлігенцыі рэспублікі. З віншаваннямі да Мітрапаліта звярнуўся віцэ-прэм'ер Уладзімір Патупчык. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў: "Кіруючыся вашым высокім прыкладам, людзі вяртаюцца да спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасцей, усведамлення неабходнасці выхавання маральных якасцей у кожным чалавеку, у кожнай сям'і". Са сцэны Вялікага тэатра прагучалі таксама шматлікія словы віншаванняў, сярод якіх - і адрасы ад Прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. У рамках творчага віншавання Уладыку Філарэту быў прадэманстраваны відэафільм "Маё жыццё - служэнне". Пасля паказу стужкі гучала духоўная і свецкая музыка ў выкананні салістаў Беларускай оперы Аксаны Волкавай, Таццяны Гаўрылавай, Эдуарда Мартынюка, Уладзіміра Пятрова ды іншых, а таксама хору і аркестра тэатра. У праграму, сярод іншага, былі ўключаны выступленні навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, артыстаў Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", вядомай спявачкі Анжалікі Агурбаш.

 /i/content/pi/cult/260/3961/15-4.jpg...І Крыж Еўфрасінні

 Акрамя згаданых падзей, юбілей Мітрапаліта Філарэта адзначаны ў духоўным жыцці сталіцы таксама і магчымасцю пакланіцца Крыжу прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Тысячы мінчан цягам пяці дзён - з 24 па 28 красавіка - наведвалі Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе захоўваўся Крыж у час яго знаходжання ў Мінску. Духоўны сімвал Беларусі асабіста сустракаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Пасля цырымоніі сустрэчы Уладыка здзейсніў усяночную службу.