Карані і служэнне
24 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі распачала працу выстаўка "Святыя заступнікі ў праваслаўным іканапісе XVI - XIX стст.". На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прагучалі цёплыя словы віншаванняў на адрас Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.
Сярод тых, хто віншаваў Уладыку Філарэта ў гэты дзень, быў і міністр культуры краіны Павел Латушка. У сваім выступленні ён, у прыватнасці, зазначыў: "Дзякуючы Вам наша душа - чыстая і празрыстая, як імя нашай краіны, Беларусі". На ўрачыстасцях у музеі міністр культуры падарыў прадстаяцелю Беларускай Праваслаўнай Царквы карціну пэндзля Леаніда Дударэнкі. На выстаўцы, прымеркаванай да 75годдзя з дня нараджэння Уладыкі Філарэта, прадстаўлены іконы з выявамі святых Мікалая Цудатворца і Іаана Златавуста са збораў Яраслаўскага мастацкага музея і Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. "Тут і зараз я яднаюся з зямлёй сваіх продкаў. У маёй малітве яраслаўская зямля, зямля маіх каранёў, злучаецца з маскоўскай зямлёй, зямлёй майго нараджэння, і з беларускай зямлёй - зямлёй майго служэння", - зазначыў, выступаючы перад прысутнымі, Мітрапаліт. Мала хто ведае, што прадзед Уладыкі Філарэта Іван Вахрамееў на пасадзе кіраўніка Яраслаўля спрыяў пашырэнню калекцыі музея ў гэтым волжскім горадзе. У экспазіцыю ўвайшоў і невялікі па памерах абраз "Абраныя святыя". Калісьці перад гэтай іконай, што захоўвалася ў царкве насупраць дома Вахрамеевых, маліліся продкі Мітрапаліта. Унікальнасць святыні і ў тым, што абраз утрымлівае часцінкі мошчаў святых Васіля і Канстанціна- князёў Яраслаўскіх.
Дарэчы, сёлетняя выстаўка стала ўжо трэцім па ліку сумесным з расійскімі калегамі праектам. Прычым яраслаўскія іконы былі адрэстаўраваны непасрэдна да гэтага паказу. Адным з найстаражытнейшых у экспазіцыі з'яўляецца абраз свяціцеля Мікалая, з 14 сюжэтамі яго жыція, датаваны сярэдзінай XVI ст. Падобны малюнак свяціцеля ў поўны рост, з Евангеллем у правай руцэ, узыходзіць да цудатворнай іконы Міколы Зарайскага, прынесенай, паводле падання, у Разань у 1225 годзе з Корсуні. Вялікую цікавасць уяўляюць і абразы XVI - XIX стст. святога Мікалая з жыційнымі сюжэтамі. У межах праекта прадстаўлены вобраз Іаана Златавуста ў некалькіх варыяцыях. Найбольш адметная - ікона, дзе святы паказаны ў поўны рост. На ёй адлюстраваны сюжэты нараджэння і перанясення яго мошчаў. Як адзначыла ў гутарцы з нашым карэспандэнтам загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва НММ Алена Карпенка, якая правяла экскурсію для Уладыкі Філарэта і ўдзельнікаў урачыстага адкрыцця выстаўкі, акрамя ікон з Расіі прадстаўлены і два абразы Мікалая Цудатворца беларускай іканапіснай школы XVIІІ ст. Упершыню ў Нацыянальным мастацкім музеі дэманструецца ікона "Прарокі Ісайя і Іерэмія" 30-х гадоў XVIII стагоддзя з Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра, што была перададзена ў збор установы пры актыўным садзейнічанні Мітрапаліта.
На сцэне Вялікага
Урачыстасці з нагоды 75-годдзя прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы завяршыліся 25 красавіка ўрачыстым вечарам у Вялікай зале Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета краіны.
Зала тэатра сабрала прадстаўнікоў дзяржаўнай улады краіны і духавенства, дыпламатычнага корпуса і творчай інтэлігенцыі рэспублікі. З віншаваннямі да Мітрапаліта звярнуўся віцэ-прэм'ер Уладзімір Патупчык. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў: "Кіруючыся вашым высокім прыкладам, людзі вяртаюцца да спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасцей, усведамлення неабходнасці выхавання маральных якасцей у кожным чалавеку, у кожнай сям'і". Са сцэны Вялікага тэатра прагучалі таксама шматлікія словы віншаванняў, сярод якіх - і адрасы ад Прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. У рамках творчага віншавання Уладыку Філарэту быў прадэманстраваны відэафільм "Маё жыццё - служэнне". Пасля паказу стужкі гучала духоўная і свецкая музыка ў выкананні салістаў Беларускай оперы Аксаны Волкавай, Таццяны Гаўрылавай, Эдуарда Мартынюка, Уладзіміра Пятрова ды іншых, а таксама хору і аркестра тэатра. У праграму, сярод іншага, былі ўключаны выступленні навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, артыстаў Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", вядомай спявачкі Анжалікі Агурбаш.
...І Крыж Еўфрасінні
Акрамя згаданых падзей, юбілей Мітрапаліта Філарэта адзначаны ў духоўным жыцці сталіцы таксама і магчымасцю пакланіцца Крыжу прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
Тысячы мінчан цягам пяці дзён - з 24 па 28 красавіка - наведвалі Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе захоўваўся Крыж у час яго знаходжання ў Мінску. Духоўны сімвал Беларусі асабіста сустракаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Пасля цырымоніі сустрэчы Уладыка здзейсніў усяночную службу.