Навуковы бестселер у стылі ноў-хаў

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Сёлета спаўняецца 50 гадоў з часу выхаду ў свет кнігі, якая стала сусветнай класікай сярод навуковых выданняў у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — манаграфіі “Слуцкія паясы” Лідзіі Якунінай. Яна была выпушчана ў Мінску ў 1960 годзе ў выдавецтве Акадэміі навук БССР пад грыфам акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

 

/i/content/pi/cult/260/3959/14-1.jpgУ любой краіне свету без спасылкі на гэтую крыніцу не абыходзіцца ніводны даследчык, які займаецца вывучэннем мастацкіх тканін Еўропы XVIII стагоддзя. Выданне ўражвае сваёй грунтоўнасцю. Мяркуйце самі: аўтар увяла ў навуковы ўжытак больш за пяць дзесяткаў назваў паясоў, зрабіўшы апісанне апошніх і сістэматызаваўшы кампазіцыйна-графічны лад, дала падрабязны гістарычны кантэкст у сувязі з узнікненнем ткацкай мануфактуры ў Слуцку і, што зусім нязвыкла, змясціла тэхнічны аналіз працэсу ткацтва на гэтай мануфактуры, у якім удзельнічалі жакардавыя машыны. Тэхнічны аналіз і разлікі з тэхналагічнымі картамі ў стылі ноўхаў падрабязна і з глыбокім веданнем справы па просьбе Якунінай выканаў кваліфікаваны спецыяліст В.С. Малчанаў - выкладчык ткацкай вытворчасці і загадчык ткацкіх майстэрняў Маскоўскага мастацкага прамысловага вучылішча. Да таго ж, частка з каментарыямі, дзе прыведзены каштоўныя побытавыя, этнаграфічныя і гістарычныя падрабязнасці, з'яўляецца дадатковай навуковай аздобай манаграфіі. У кнізе змешчана 60 вялікафарматных рэпрадукцый, 26 з іх - каляровыя. Але хто ж яна, гэтая даследчыца? Большасць карыстальнікаў яе манаграфіі па слуцкіх паясах упэўнены, што яна працавала ў Акадэміі навук БССР.

Але гэта не так. Лідзія Іванаўна Якуніна (дзявочае прозвішча - І в а н о в а , 1 8 8 9 - 1967 гг.), кандыдат гістарычных навук, спецыяліст у розных галінах гісторыі тэкстылю, з 1918-га і да пачатку 1960-х гг. працавала ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. У свой час яна атрымала выдатную адукацыю: цягам 1914 - 1918 гг. скончыла Маскоўскія Вышэйшыя жаночыя курсы, Маскоўскі універсітэт і Маскоўскі археалагічны інстытут. Ёю напісана некалькі выдатных манаграфій, і "Слуцкія паясы", плён шматгадовай працы, - адна з іх. Але чаму работа была выдадзена ў Мінску? На нашу думку, да таго, што яе надрукавалі тут, нейкім чынам спрычынілася Выстаўка выяўленчага мастацтва БССР, прымеркаваная да Дэкады беларускага мастацтва, якая праходзіла ў Маскве ў чэрвені 1940 года. На ёй упершыню былі прадэманстраваны дзесяткі слуцкіх паясоў, вывезеных з нясвіжскага палаца Радзівілаў і перададзеных у фонд Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. Напэўна, гэтая экспазіцыя зрабіла моцнае ўражанне на многіх наведвальнікаў, а тым больш - на даследчыцу, загадчыка аддзела тканін ДГМ, дзе знаходзіліся і слуцкія паясы са знакамітага шчукінскага збору. Магчыма, у гэты час у яе склаліся добрыя стасункі з калегамі з Мінска. Але відавочна тое, што Якуніна, як у свой час калекцыянер Шчукін, была папросту захоплена майстэрствам і прыгажосцю вырабаў Слуцкай мануфактуры. Манаграфія Якунінай выйшла праз 20 гадоў пасля маскоўскай Дэкады беларускага мастацтва.

 Хто быў ініцыятарам яе выдання, адкуль ішоў імпульс - з Мінска або з Масквы, - у дадзены момант можна толькі меркаваць. Зразумела, што для Беларусі такая мастацкая з'ява, як слуцкі пояс, ад пачатку XX стагоддзя мела і працягвае мець сёння культавае значэнне. Як нам уяўляецца, гэты фактар сярод іншых адыграў сваю ролю ў выхадзе працы Л.Якунінай у Мінску. З'яўленне яе было надзвычай актуальным. У той час не толькі ў беларускай сталіцы, але і ва ўсёй рэспубліцы не існавала аніводнай установы культуры, дзе можна было б убачыць слуцкія паясы. Тыя ж, што паказваліся ў Маскве, зніклі пад час вайны. Некалькі экземпляраў з даваеннага БДМ (цяпер - Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь), вернутыя з Германіі ў 1948 годзе, знаходзіліся ў зборах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Не было таксама альбомаў і каталогаў з выявамі паясоў. Таму кніга Якунінай была на той час адзінай крыніцай, якая прадстаўляла цудоўныя творы Слуцкай мануфактуры. Дадзенае выданне зрабіла вялікі ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры і навукі. Да гэтага часу яно не страціла свайго значэння, уяўляючы з сябе ўзор прафесійнасці навукоўцы.

 Ірына ЗВАРЫКА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь