КАНЦЭПЦЫЯ “ЗОРНАЙ” ДАРОЖКІ

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

7 мая ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі пройдзе галаканцэрт лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Нагадаем, што перад яго пачаткам у 14.30 адбудуцца прэс-канферэнцыя з удзелам арганізатараў і прадстаўнікоў журы, якую ладзіць Рэспубліканскі прэс-цэнтр конкурсу, і ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод лаўрэатам. Аповед аб гэтай падзеі чытайце ў наступных нумарах “Культуры”. А сёння мы прапануем інфармацыю пра фінальныя спаборніцтвы ў “несцэнічных” намінацыях, многія з якіх засталіся па-за ўвагай большасці гледачоў і балельшчыкаў “Зоркі…”, але былі не менш, а можа, і больш цікавымі.

/i/content/pi/cult/260/3957/8-1.jpg/i/content/pi/cult/260/3957/8-2.jpgСімвалічна, што галоўнай тэмай выступленняў на конкурснай сцэне была Вялікая Айчынная. Таму звычайны стэрэатып аб эстрадных артыстах як аб спрэс коміках на фінальных мерапрыемствах "Зоркі..." быў відавочна пахіснуты. І гэта вельмі добра, бо прафесія эстраднага акцёра размоўнага жанру куды больш рознабаковая, чым тое ўяўляецца шараговаму наведвальніку канцэртаў заезджых знакамітасцей. У свой час чытальнікі былі сярод самых паважаных артыстаў на эстрадзе, і ў фінале выступалі тыя, каму адраджаць гэтае амплуа на айчыннай сцэне.
Спецыялісты, якія ўваходзілі ў склад рэспубліканскага журы, аднадушна адзначаюць карысць уключэння гэтай эстраднай спецыялізацыі ў склад намінацый. Ужо сам факт прынёс відавочны плён: нават выявіць патэнцыйныя таленты ў размоўным жанры раней здавалася праблематычным. Фінал - атрымаўся: адразу чатыром удзельнікам журы прапанавала паспрабаваць сябе ў сцэнічным мастацтве і паступаць у профільныя навучальныя ўстановы. Дарэчы, двое з іх з прапановай адразу ж пагадзіліся і збіраюцца дадаць да ўжо атрыманай адукацыі прафесіі акцёра і рэжысёра. Пры ўсіх недахопах удзельнікаў, сярод якіх журы адзначае недастатковую агульную адукаванасць, не самае лепшае валоданне мовай, ёсць і тое, што выгадна вылучае канкурсантаў. Усе недахопы былі з лішкам кампенсаваны ўладальнікамі дыпломаў ІІ і ІІІ ступеняў праз шчырасць, глыбіню прачытання літаратурнай першакрыніцы. Відавочна, канкурсантам не хапала тэхнічнасці, прафесіяналізму - усяго таго, што можна атрымаць толькі праз непасрэдны кантакт са сталымі майстрамі. Адносна невялікая колькасць удзельнікаў паспрыяла фармату конкурсу ў выглядзе своеасаблівых майстар-класаў, якія давалі дзеючыя акцёры і рэжысёры. Такім чынам, патэнцыял і будучыня ў размоўнага жанру ў нас ёсць. А гэта, бадай, галоўны вынік конкурсу "Зорка ўзышла над Беларуссю" па дадзенай намінацыі.