Каб “трымаць руку на пульсе”

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

З усіх намінацый конкурсу “традыцыйныя” мастацкія — “Жывапіс і графіка”, “Скульптура”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — выклікалі найменш хвалявання: шматлікія мастацкія школы, гурткі, сярэднеспецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы працуюць на Беларусі стала ды з поспехам. Да таго ж, і конкурсны рэгламент, які патрабаваў ад удзельнікаў, у асноўным, выканання “стандартаў”, здавалася, не прадугледжваў вялікай інтрыгі. Тым не менш, конкурс у мастацкіх намінацыях стаў сапраўдным спаборніцтвам, хай часам гэта і не было відаць збоку.

 

У аўдыторыях Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў цягам усіх трох конкурсных дзён адчувалася атмасфера творчага азарту, які часцяком межаваў з напружаннем: нягледзячы на тое, што сярод удзельнікаў было шмат вопытных маладых мастакоў, у такіх сур'ёзных мерапрыемствах, як "Зорка...", яны прымаюць удзел не кожны дзень. Досведу выступлення на буйных спаборніцтвах многім відавочна бракавала, але асаблівага хвалявання не назіралася. Але, апрача валодання рамяством, сапраўдны мастак павінен мець яшчэ і талент. Вось такіх, самых таленавітых, і павінны былі вызначыць у выніку трох фінальных дзён. Усяго ж у фінале ўдзельнічала наступная колькасць маладых мастакоў адпаведна намінацыям: "Жывапіс і графіка" - 23 (з іх за ўдзел у конкурсе ўзнагароджана граматамі 17 чалавек), "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва" - 22 (уганаравана 16), "Скульптура" - 15 (узнагароджана - 11, але дыплом І ступені не атрымаў ніхто). На думку старшыні рэспубліканскага журы па гэтых трох намінацыях, прафесара Акадэміі мастацтваў Уладзіміра Зінкевіча, на конкурсе запалілася не адна зорка, а цэлае сузор'е тых, каму наканавана ў бліжэйшым будучым стаць гонарам айчыннага мастацтва. Конкурс (і не толькі яго фінальны этап) паказаў, што ў нас шмат таленавітай, крэатыўнай, адоранай моладзі.

 Удзельнікі даказалі сваю здольнасць бачыць свет незвычайна, па-мастакоўску. Фіналісты "Зоркі..." здолелі знайсці сапраўдную прыгажосць, каб вярнуць яе свету праз свае творы. Пэўнай няўдачай конкурсу можна лічыць адсутнасць абсалютнага пераможцы па намінацыі "Скульптура". Але, як патлумачыў старшыня рэспубліканскага журы, тыя высокія стандарты, якія былі закладзены ў рэгламент спаборніцтва скульптараў, ніводзін з удзельнікаў не выканаў. Да ўсяго, гэтая намінацыя была, бадай, самай патрабавальнай да сваіх удзельнікаў. Стандарты стандартамі, аднак кожны мастак імкнецца да арыгінальнага бачання свету. Удзельнікі "Зоркі..." - не выключэнне. Творчы, крэатыўны падыход вылучаў аўтарскія работы ўладальнікаў лаўрэацкіх дыпломаў Алесі Скорабагатай і Ганны Мядзведзевай з Мінска, Сяргея Місюна з Рэчыцы і Дзяніса Іванова са Смалявічаў, Вольгі Горлавай з Гродна і Кацярыны Марцынкевіч з Гомеля. Паказальна, што ўсе яны - або навучэнцы вышэйшых навучальных устаноў (большасць лаўрэатаў-фіналістаў - з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў), або ў свой час скончылі ВНУ, а цяпер самі выкладаюць мастацкія дысцыпліны. У сувязі з гэтым само сабою напрошваецца падзяленне будучых канкурсантаў на ўзроставыя і прафесійныя групы.

 Відавочна, што тыя, хто робіць першыя крокі ў выяўленчым мастацтве, не здолелі скласці сур'ёзнай канкурэнцыі прафесіяналам. Але якім павінен быць наступны конкурс - пошукам самародкаў або спаборніцтвам больш вопытных мастакоў, - пытанне дыскусійнае. Да яго яшчэ трэба вяртацца. А пакуль і члены журы, і самі канкурсанты сыходзяцца на тым, што праводзіць рэспубліканскія агляды ў выглядзе спаборніцтваў трэба часцей, хай сабе і не як частку такога маштабнага мерапрыемства, як "Зорка ўзышла над Беларуссю". Гэта дазволіць і маладым беларускім мастакам, і тым, хто займаецца іх падрыхтоўкай, як кажуць, "трымаць руку на пульсе".