“Аўтара! Аўтара!..”

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Рэжысёр — прафесія папулярная, яе прадстаўнікі пастаянна навідавоку: тэлездымкі, фестывалі, інтэрв’ю. Але тое тычыцца рэжысёраў тэатра і кіно. Рэжысёры ж масавых відовішчаў, дарма што запатрабаваны, у кадр трапляюць даволі рэдка. Відаць, таму і ахвотных займацца падрыхтоўкай вялікіх святаў і мерапрыемстваў заўсёды было няшмат. Гэта тычыцца і ўдзельнікаў конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”: фінальны этап у намінацыі “Рэжысура масавых святаў і шоу-праграм” стаў самым “ціхім”, але пасля яго напрошваюцца гучныя высновы.

 

Зрэшты, ужо самі спаборніцтвы ў намінацыі праходзілі бадай кулуарна. Гэта было абумоўлена іх формай: усе заяўкі рыхтаваліся ў пісьмовым выглядзе. Па сутнасці, фінал пачаўся ўжо на другім этапе: сцэнарыі мерапрыемстваў, якія прапанавалі канкурсанты, спачатку прайшлі абласны узровень, а пасля выходзілі на рэспубліканскі. Вынік гаворыць сам за сябе: першае месца не атрымаў ніхто. Як тлумачаць члены рэспубліканскага журы конкурсу пад старшынствам галоўнага рэжысёра Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ніны Осіпавай, большасць дасланых на конкурс сцэнарыяў выглядалі як разгорнутыя курсавыя работы студэнтаў устаноў культуры.

У іх прысутнічалі ўсе неабходныя элементы, уключаючы кампазіцыю і ідэю, аднак не ставала арыгінальнасці, нечаканых рашэнняў, аўтарскага погляду на праблему. Па словах членаў журы, аўтары-канкурсанты добрасумленна прадэманстравалі тэхнічны ўзровень сваёй падрыхтоўкі. Але да сапраўдных вышынь майстэрства ўсім ім яшчэ вельмі далёка. Верагодна, маладым рэжысёрам (а сярод іх былі, у асноўным, супрацоўнікі ўстаноў культуры) бракуе вопыту. Нездарма ўдзельнікам дыплома ІІ ступені, а значыць - фактычным пераможцам стаў намеснік дэкана аднаго з факультэтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі: яго праект "Цырымонія ўручэння творчых узнагарод "FIGA-2009" прадугледжвае выкарыстанне новых тэхналогій і адпавядае сучасным арганізацыйным патрабаванням. Гэты вынік яшчэ раз пацвердзіў распаўсюджанае сярод прафесіяналаў меркаванне: вопыт, які прыходзіць з узростам, - бадай галоўнае для рэжысёра. Тым не менш, на думку і вопытных рэжысёраў з журы, і пачаткоўцаў з ліку канкурсантаў, "Зорка..." стала вельмі важнай падзеяй для спецыялістаў дадзенага накірунку. Своеасаблівая "рэвізія" дала падставы для сур'ёзных высноў. Галоўнае, на думку суддзяў, што патрэбна рабіць ахвотным займацца рэжысурай масавых відовішчаў, - гэта творча развівацца, чытаць добрую літаратуру, каб павялічваць кругагляд, цікавіцца ўсімі відамі мастацтва, мець стасункі з цікавымі людзьмі, вучыцца фантазіраваць і, галоўнае, не баяцца эксперыментаў.