Заслухацца пакуль нельга

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Намінацыю “Размоўны жанр” з самага пачатку конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” было прынята згадваць сярод “праблемных”. Падстаў для трывогі — даволі шмат: у прыватнасці, адносна невялікая колькасць удзельнікаў і ўзровень іхняй падрыхтоўкі. Мастацкім сцэнічным словам займаюцца збольшага ў дадатак да асноўнай спецыялізацыі, альбо ў якасці хобі. Тым не менш, конкурс маладых талентаў аказаўся вельмі карысны для таго, каб адэкватна ацаніць стан будучай змены для “размоўнай” сцэны.

Умовы спаборніцтва не былі жорсткімі і амаль не абмяжоўвалі патэнцыйных удзельнікаў ні ў рэпертуары, ні ў форме падачы матэрыялу. Відавочна, што ўзрасталі яны, перадусім, пад моцным уплывам сучасных тэлевізійных перадач. Таму калі рэпертуар канкурсантаў "Зоркі..." можна адзначыць як разнастайны і рознабаковы, то ўзровень выканання быў прыблізна аднолькавы, і строгае журы прафесіяналаў відавочна не задаволіў. Апошняе вынікае з таго, што дыплом І ступені на фінальных спаборніцтвах, якія праходзілі на базе сталічнай 8-й музычнай школы, так і застаўся вакантным. Але трэба адзначыць і тое, што з 18 фіналістаў дыпломамі і граматамі былі адзначаны 11. А гэта значыць, у Мінск усё-такі трапілі лепшыя з лепшых.