Allegro “Рустэра”

№ 18 (938) 01.05.2010 - 07.05.2010 г

Замежныя балетныя спектаклі прывозяць да нас не так ужо і часта. А іх паказ на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі — увогуле падзея з падзей. Апошнім разам, нагадаю, гэта было ў 2009-м, калі Год культуры Расіі ў Беларусі адкрываўся балетам “Лебядзінае возера” ў пастаноўцы Вялікага тэатра з Масквы. А днямі Пасольства Ізраіля ў Беларусі і Цэнтр сцэнічнага мастацтва імя Сюзан Далаль, адзначаны Дзяржпрэміяй сваёй краіны, прадставілі аднаактовы спектакль “Рустэр”. Адбыліся два яго паказы: адзін — па білетах, што былі раскуплены імгненна, другі — па запрашальніках.

 

/i/content/pi/cult/260/3951/7-2.jpgМы ўбачылі вельмі стыльны, добра зладжаны спектакль Барака Маршаля, насычаны энергетыкай, адметным гумарам, іроніяй, элементамі фольку. Прысвечаны рамантычнай тэме непаразумення асобы і натоўпу, ён быў вырашаны сродкамі сучаснай харэаграфіі, заснаванай на сінтэзе стылістыкі contemporary dance і элементаў драматычнага тэатра. Традыцыйная для падобных пастановак "нарэзка" фанаграм спалучалася з жывым гучаннем: у спектаклі ўдзельнічала салістка Ізраільскай оперы, ураджэнка Расіі Лілія Грацова. Уздзеянне мантажнага прынцыпу драматургіі і нават кліпавасці мыслення спалучалася з паўторам асобных фрагментаў, арачнасцю кампазіцыі. Беспамылковым аказаўся выбар на цэнтральную ролю артыста Ідана Поргеса, які літаральна выпраменьваў пластыку - не толькі сваім целам і надзвычай выразнымі рухамі рук, але і голасам, гнутнасцю фразіроўкі, прычым у тэмпе Allegro, пры вымаўленні ледзь не скорагаворкай. Эстэтыка "Рустэра" аказалася шмат у чым новай для нашага Вялікага тэатра, але яна абсалютна дакладна ўпісвалася ў кантэкст Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), які, дарэчы, з'яўляецца "равеснікам" Цэнтра імя Сюзан Далаль: ім абодвум па 20.

Гэтая лічба сведчыць, што мадэрн-харэаграфія развіваецца ў Беларусі і Ізраілі паралельна: нам ёсць што параўноўваць, ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. Дадамо, што лексіка ўласна харэаграфічных нумароў "Рустэра" аказалася блізкай класіцы мадэрна і шмат у чым нагадвала раннія спробы Таццяны Баганавай з Екацерынбурга, вядомай у нас па ўдзеле ў IFMC. Але вось парадокс! Прытым, што асноўная маса прафесіяналаў і зацікаўленай авангардам студэнцкай моладзі была запрошана на прагляд "Рустэра" ў іншы дзень, у зале нашага Вялікага тэатра быў супераншлаг. Трэба было бачыць, з якой непадробнай увагай публіка сачыла за кожнай дэталлю спектакля, як апантана рэагавала на сцэнічныя эфекты. І, у той жа час, ніводныя з неаднойчы планаваных мінскіх гастролей згаданай трупы Т.Баганавай не адбыліся: з прычыны нераспрададзеных білетаў, прычым у куды меншыя залы. Піар ёсць піар! Бо і Ансамбль кафедры харэаграфіі БДУКіМ, і група сучаснай харэаграфіі "ТАД"

 /i/content/pi/cult/260/3951/7-3.jpgГродзенскай абласной філармоніі, і многія іншыя калектывы, што займаюцца распрацоўкай мадэрна, не маюць у нас пакуль належнай вядомасці - хіба сярод спецыялістаў. А ў іхнім творчым багажы - шмат цудоўных работ, нават, не пабаюся гэтага слова, на ўзроўні сапраўдных шэдэўраў! У гэтым сэнсе вельмі цікавай аказалася прэс-канферэнцыя з гасцямі, дзе можна было больш падрабязна даведацца пра дзейнасць Цэнтра сцэнічнага мастацтва ў Тэль-Авіве. Там праходзяць разнастайныя фестывалі, а таксама Летнія курсы, што збіраюць маладых харэографаў і танцоўшчыкаў. Штогод у трох залах Цэнтра (на 380, 250 і 150 месцаў) праводзіцца больш чым 800 харэаграфічных спектакляў і канцэртаў, сярод якіх бываюць і сумесныя праекты, і гастрольныя паказы. Напрыканцы ж года падводзяцца вынікі ўсяго, што было назапашана за апошні час у сучаснай харэаграфіі Ізраіля. На такі фестываль-агляд запрашаюцца дырэктары тэатраў, прадзюсеры, аўтарытэтныя дзеячы харэаграфіі з усяго свету. Гэта дазваляе не толькі папулярызаваць айчынныя дасягненні, але і распаўсюджваць іх па іншых краінах. Сёлета на "справаздачу-2010" у Цэнтр імя Сюзан Далаль будуць запрошаны прадстаўнікі Беларусі. Зацікаўлены ізраільскі бок і ў тым, каб беларускія артысты прыязджалі ў Цэнтр з гастролямі.

На здымках: сцэны са спектакля "Рустэр".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"